дekoder | DEKODER

Journalismus aus Russland und Belarus in deutscher Übersetzung

  • Туман і ўтопія

    Туман і ўтопія

    Аляксей Талстоў нарадзіўся ў Мінску ў 1984 годзе. На радзіме ён вядомы як мастак, аўтар, куратар выстаў. У сваёй творчасці Аляксей закранае сацыяльныя і палітычныя праблемы, а таксама праблемы, якія ўзнікаюць у сувязі з алічбоўкай камунікацыі. З 2009 года Талстоў, які зараз жыве ў Германіі, напісаў чатыры раманы, апублікаваў шматлікія тэксты і эсэ ў розных часопісах. 

    У сваім эсэ для нашага праекта «Беларусь – Зазірнуць у будучыню» Талстоў кідае позірк на розныя этапы беларускай гісторыі, каб высветліць, чаму пратэсты 2020 года павінны былі адбыцца, але таксама і чаму яны ў выніку не змаглі ліквідаваць стары парадак. 

    Аўтар пытаецца ў сябе: як далей можа ісці сітуацыя ў Беларусі пасля такога гвалту, пасля столькіх пакут, на фоне агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны? Якую палітычную сістэму можна ўявіць у краіне? Якая будучыня для яе наогул магчымая? Ці можна нават адказаць на гэтыя пытанні ў час смуты? 

    Deutsche Version

    «Вузел надзеі» © Тосла
    «Вузел надзеі» © Тосла

    Кепска адчуваю Беларусь, вельмі яна далёка. Нібы стаю ранкам пасярод лугавіны і спрабую нешта разгледзець праз туман. Сонца яшчэ не ўзыйшло, і ў гэткім мокрым досьвітку я хутчэй дадумваю яе абрысы ці ўзнаўляю ўспаміны пра яе. І гэта ня тое каб проста, бо часам падаецца, што прачытаў пра ўсё гэта некалі ў кніжцы ці пабачыў у кіно. Без абнаўленьня зьвестак, без актуалізацыі інфармацыі памяць хаваецца ў тумане.

    Другое пытаньне — у вызначэньні таго, што я спрабую там разгледзець. Пра што ўвогуле вядзецца? Пра краіну, якая ёсьць абстракцыяй дакументаў і нормаў, пра нейкі пэўны збор культурніцкай спадчыны, пра тэрыторыю, якая ніколі ня роўная самавызначэньню, ці пра нацыю, якая ёсьць нечым сярэднім паміж рынкам каштоўнсьцяў і адчайнай спробай пераадолець самоту асобнага чалавечага жыцьця? Я намагаюся разгледзець сваё мінулае, досьвед, сувязь зь іншымі людзьмі, зь месцамі, разгледзець у гэтым тумане колішняга сябе.

    Ёсьць ўсё ж нешта вульгарнае ў спробах мяшаць асабістую біяграфію з гісторыяй. Можа й займальна, і здараюцца сапраўды бліскучыя прыклады ў мастацтве, дзе тая ж вайна пражываецца адным маленькім чалавекам. Але чалавек заўжды больш за гісторыю ці геаграфію, больш за ідэалогію… Калі азірнуцца як сьлед, то замест прывідаў мінулага ў тым жа тумане будуць хавацца прывіды будучыні. І тут я ня ўпэўнены, наколькі мая будучыня супадзе з будучыняй нейкай канкрэтнай краіны. Туман часу – гэта наша агульнае наканаваньне, у незалежнасьці ад пашпарту.

    Час, які спыніўся

    Кранальна і трагічна, як людзі носяцца са сваёй нацыянальнасьцю, бы дурань зь дзьвярыма. Кранальна, бо мала дзе ёсьць такая шчырасьць, такая апантанасьць, як у жаданьні адукаваць неабазнаных суразмоўцаў у тым, што такое Беларусь, дзе яна знаходзіцца, і як там кепска, і як адбылася рэвалюцыя, але прайграла, і як правы чалавека, і палітзьняволеныя. Я стараюся сябе кантраляваць і не паддавацца. Інакш можа атрымацца Свабодны тэатар аднаго актора. І тут акурат праяўляецца гэтая трагічнасьць, бо для большасьці нармальных жыхароў сьвету Белая Расея (Weißes Russland) застаецца малавядомай і ня надта цікавай абстракцыяй.

    Аднак яшчэ большай абстракцыяй ёсьць сама Расея. Паводле папулярнага жарту Пуціна, яе межы нідзе не сканчаюцца, і гэта дзіўным чынам пераклікаецца з даволі агульнымі ўяўленьнямі сярэдняга еўрапейца ці ўвогуле жыхара Зямлі, бо мала хто цікавіцца дэталямі. Умоўная Беларусь ці нешта падобнае фармальна праяўляецца тады, калі імперыя пачынае канаць. Калі цэнтар губляе сваю прыцягальнасьць, моц і здатнасьць да падтрыманьня абстракцыі. Калі геапалітыка і вялікія наратывы прабуксоўваюць, зьяўляюцца новыя актары, «чорныя лебедзі». Так было ў 1918 з абвяшчэньнем БНР пад нямецкай акупацыяй падчас Першай сусьветнай, так было ў 1991 падчас распаду Саюза. Сёньняшняя вайна можа быць чымсьці з гэтага шэрагу.

    Але цяпер час нібыта спыніўся, а гарызонт плянаваньня скараціўся да тыдняў. Гэта два гады выжываньня і апошнія дзевяць месяцаў беспрасьветнае цямрэчы. Спрабаваць разгледзець нешта за туманам у такія часы — адважны занятак. Год таму дыскусіі пра Беларусь будучыні яшчэ можна было весьці на поўным сур’ёзе і без умоўнага ладу. Сёньня галасы асьцярожнейшыя, бо зразумела, што ў будучыню возьмуць ня ўсіх. «В пионерский лагерь школы на всё лето поедут только те, которые это заслужили. Остальные останутся здесь», — далей у сваім вядомым тэксьце мастак Ільля Кабакоў піша пра савецкага дырэктара школы і пра начальнікаў, якія вырашаюць, хто заслужыў будучыню, а хто не. Хто гэта вырашае сёньня? 

    Блаславёны і жахлівы жнівень 2020 будучыняй поўніўся. Падавалася, што стары парадак рассыпаецца на вачох, што ў яго дастаткова папросту ня верыць, і праз пару дзён усё гэта скончыцца. Патахала нечым накшталт свабоды. У афекце сотні тысяч людзей ня проста спадзяваліся на нейкія перамены, але дакладна ведалі, што вось ён, момант незваротнасьці, самі былі тымі пераменамі. І тады, і крыху пазьней пісалася багата тэкстаў пра перамогу, пра многае гаварылі. А пасьля пачалася вайна, і слова «перамога» атрымала іншых адценьняў. 

    Пятля часу 

    Якой была альтэрнатыва тады? Выбар паміж бясконцасьцю постсавецкага часу і нацыянал-ліберальным невядомым, але для паспалітага люду, канечне, больш яўна — паміж старым і новым, паміж аўтарытарызмам і дэмакратыяй, такімі простымі і надзейнымі рэчамі. Я так і ня здолеў захапіцца і цалкам аддаць сваё сэрца і голас прапанаванай альтэрнатыве. Вельмі хацелася верыць і гарэць, але атрымлівалася толькі ісьці з сабой на кампраміс, бо патрабаваньне пераменаў адразу жа сутыкалася з адзінай опцыяй рэгіянальнай геапалітыкі: руская імперыя ці Імперыя паводле Хардта і Нэгры, пры тым з той жа прывязкай да рэаліяў дзевяностных у іх постсавецкай версіі.

    Прыкра, што каштоўнасна ўся гэта гісторыя так і застаецца ў традыцыях XX стагоддзя і прымае сёньняшні дзень даволі неахвотна. Зрэшты, гэта ў нас сёньня агулам па плянэце. У Беларусі XX стагоддзе доўжыцца ў зваротах да савецкага ў афіцыёзе. То бок гэта традыцыя для старэйшага пакаленьня, якое ў 90-я спалохалася рэзкіх пераменаў ці вырасла ў гэтым вывучаным страху, седзячы перад тэлевізарам і прымаючы ўсё на веру. Мне заўжды падавалася вельмі прыгожым тое, як нязмушана дзяржідэялогія прымае гэтую ролю спадкаемцы БССР, каланіяльнага ўтварэньня, прагалошанага бальшавікамі ў адказ на запыт народных рэспублікаў кшталту БНР і ўздыму ўсходне-эўрапейскіх нацыяналізмаў у час Першай сусьветнай. Такая самакаланізацыя амаль адразу пасьля распаду Савецкага Саюзу, гульня са штучным адмотваньнем часу назад, з рэстаўрацыяй — адназначнае першае месца ў намінацыі Палітыка памяці. Амаль можна разглядаць яе ў рэчышчы мастацтва, як нейкі трагічны музэй-запаведнік ці забаўляльны парк, як, напрыклад, у сэрыяле Westworld. Адно, жыць у фікцыі нязручна, і яшчэ менш зручна жыць у яе рэмэйку, у фікцыі другога парадку.

    Калі падчас перадвыбарчай кампаніі 2020 года Віктар Бабарыка прапаноўваў вярнуцца да Канстытуцыі ў рэдакцыі 1994 года, гэта таксама было прыгожа. Узяць новы старт, пачаць постсавецкі перыяд яшчэ раз і цяпер ужо дакладна давесьці справу да канца. Фармальна гэта была не такая ўжо кепская ідэя, але закладзены ў ёй сымбалізм працаваў таксама даволі перфарматыўна, што, відаць, і плянавалася. Для многіх 2020 год зрабіўся адкрыцьцём і нечым новым. Людзі апынуліся фізычна ў публічнай прасторы, разам, пабачылі адно аднаго, і гэта сталася неспадзяванкай. Зь іншага боку, 2020-ы быў часткай традыцыі, якая ня горш аформленая ў беларускім грамадстве, чым наратыў дзяржаўных тэлеканалаў. Гэта традыцыя ўмоўнай БНР, якая сыходзіць да клясычнага нацыяналізму XІX стагоддзя і доўгія дзесяцігоддзі існуе ў падпольным ці паўпадпольным стане. Пасьля распаду Саюзу яна мусіла б была хутка прыжыцца і рэалізавацца ў паўнавартаснай нацыянальнай дзяржаве, але нешта пайшло ня так, і гештальт так і застаўся незакрытым. Апошнія дваццаць год гэта традыцыя эвалюцыянавала, зазнавала прыгодаў, праяўлялася ў вулічных пратэстах, але збольшага зьбіралася зь сіламі ў альтэрнатыўных культурніцкіх прасторах, сацыяльных ініцыятывах, медыях і трэндах. Так ці інакш, па сваёй прыродзе яна збольшага так і засталася той даволі зразумелай і знаёмай нацыянал-ліберальнай мадэльлю, што паходзіць з маладосьці тых апазіцыйных лідараў, якія гайдалі вуліцы ў сярэдзіне і другой палове 90-х.

    Падлеткам мне давялося засьпець апошні кавалак таго сьвету ў Менску у 2000-2001-м. Для субкультурнай моладзі гэта было перанітаваньне беларускамоўнай рок-музыкі, вечарынак і вулічных пратэстаў, час культурніцкага бунту супраць старое сыстэмы, рэштак савецкага, якія падаваліся нечым абсалютна дурным і бессэнсоўным. Гэта быў добры час для сталеньня і зараджэньня першага палітычнага скептыцызму. У 2020 годзе таму пакаленьню было нешта паміж 35-ю і 45-ю, і мне падаецца, што ёсьць у гэтым нейкі элемент настальгіі, лёгкае шкадаваньне што да надзеяў, якія так і ня спраўдзіліся. Будучыня, якую чакалі тады, якой жылі, якая надыходзіла з набыцьцём незалежнасьці — яна атрымала другі шанец праз трыццаць год.

    Распад імперыі і адсутнасць выбару

    Летась я зацікавіўся каментаром філёзафкі Тацьцяны Шчытцовай з нагоды публічнай дыскусіі «Эканамічныя рэформы ў новай Беларусі». Пытаньне, якім яна задавалася пасьля размовы — які тып капіталізму мы зьбіраемся будаваць? — гучыць надзвычай актуальна і сёньня. У сваім допісе Шчытцова зьвяртае ўвагу на вострую рэакцыю з боку панэлістаў на ўжытае ёй падчас сэсіі пытаньняў і адказаў слова «капіталізм». Нікуды асабліва не падзенешся ад сувязі бізнэсу з рынкавымі рэформамі і прыватызацыяй. Вялікай часткай першага складу Каардынацыйнай рады акурат былі прадстаўнікі і прадстаўніцы старога бізнэсу, якія парадаксальным чынам заклікалі працоўных да палітычнай забастоўкі. І праблема ня столькі ў нерэфлексіўнасьці такіх заклікаў — у крытычны момант аналітыка і пільнасьць ёсьць раскошай. Асноўнае пытаньне ў тым, ці сапраўды ў ідэйным сэньсе пратэст 2020 года прапаноўваў нейкія радыкальныя трансфармацыі, а не яшчэ адно вяртаньне ў альтэрнатыўнае мінулае, зьмену сцэнара гульні і нармалізацыю гісторыі?

    У гэтым супрацьстаяньні паміж «дабром і злом», якое я ўсё яшчэ спрабую разгледзець у тумане, мне ўсё адно бачыцца школа Кабакова з усімі яе архітэпічным персанажамі. Хуліганісты двоечнік і выдатнік-завучка. Каго зь іх возьмуць у будучыню? Нікога. Па-першае — не заслужылі. Па другое, піянерскі летнік тут ёсьць часткай педагагічнага метада, як тая моркаўка для осьліка. А па-трэцяе, таму што і першы, і другі вераць у існаваньне школы і дырэктара, вераць у правілы, якім можна сьледаваць і якія можна парушаць. Пра школу нам пяцьдзесят год таму даволі падрабязна расказваў Фуко. Таксама цікава, што пяцьдзесят год таму ўвайшлі ў моду працы прадстаўнікоў чыкагскай школы эканомікі, якія паклікалі да жыцьця неаліберальную мадэль. У дзевяностыя гісторыя «скончылася» менавіта на гэтай ноце, і менавіта постсавецкая прыватызацыя і шокавая тэрапія не спрацавалі ў Беларусі ў той жа ступені, як, напрыклад, ва Ўкраіне ці ў Расеі, бо мясцовы час быў адмотаны назад. Адмотаны, канешне, ня цалкам, бо замест прыходу транснацыянальных карпарацый сама краіна ператварылася на карпарацыю.

    Пакуль шукаў будучыню, я заблукаў у гэтым тумане, бо цяжка сказаць, ці яна перада мною, ці за маімі плячыма. Расейская імперыя працягне распадацца, і таму межы ўплыву будуць рухацца. І гэта будзе паўтарэньнем распаду папярэдніх імперый, але не адменіць Імперыі як дырэктара, як спосабу глабальных грамадска-палітычных зносінаў, дзе ўлада пранітоўвае ўсе целы. І ў гэтым плане я ня думаю, што ў 2020 годзе ці цяпер Беларусь ці Ўсходняя Еўропа мелі ці маюць нейкі выбар. Дабраахвотнае падпарадкаваньне агрэсару і этнацыду наўрад ці могуць разглядацца ўсур’ёз. Гэта опцыя магчымая хіба ў адарванай ад рэальнасьці рытуальнай крытыцы тых заходніх левых, якія, цалкам неадчувальныя да сваіх прывілеяў, патрабуюць спыніць пашырэньне НАТА і не падтрымліваць Украіну зброяй. Нібыта Ўкраіна ці нехта тут цяпер мае іншы выбар. 

    І таму далёка не абавязкова, што выдатнікі паедуць у летнік. Хуткасьці паставак Украіне зброі, зацягваньне тэрмінаў, нежаданьне Захаду ўкладацца менавіта ў хуткую перамогу крыху нагадвае мне набор кейсаў з «Капіталізму катастрофаў» Наомі Кляйн. Максімальнае кантраляванае аслабленьне Расеі і Беларусі з аднаго боку і прадказальнае падчас вайны аслабленьне Ўкраіны зь іншага — робіць усіх залежнымі ад будучых зьнешніх інвестыцый, зьвязвае рукі, і ў нейкім сэньсе перазапускае 90-я. 

    Рэальная будучыня праз мару

    Напэўна, адзін з найгорш засвоеных урокаў 2020 года — сеткавая архітэктура грамадскага руху і яго імкненьне да самакаардынацыі. Тое мноства самаарганізацый, Тэлеграм-чатаў і разнастайных ініцыятываў падтрымкі сапраўды пакрывала даволі шырокі сьпектар ад больш цэнтралізаваных платформаў кшталту «Голасу» да дваровых чатаў з даволі сітуатыўнай структурай. Кандыдатскія штабы і традыцыйная апазіцыя не былі да гэтага гатовыя і таму дзейнічалі напалову паводле пляну, напалову навобмацак, кіруючыся больш досьведам, чым момантам. Бо нават калі вялося пра новага прэзідэнта і адмену рэжыма, жнівень 2020 гаварыў усё ж мовай дэцэнтралізацыі, непатрэбнасьці пэўнага аўтарытэта, прадстаўнічай фігуры. Калі ў прэзідэнцкіх выбарах можа перамагчы цалкам выпадковы чалавек, то пад пытаньнем сам інстытут прэзідэнцкай пасады. Калі вучні самі могуць зладзіць піянерскі летнік, то навошта той дырэктар? І адсюль жа адваротнае: пакуль існуе дырэктар школы, то існуе і маса інфантылізаваных суб’ектаў, ня здольных непасрэдна вырашаць свой лёс.

    Самаарганізацыя 2020 года была рэакцыяй на крызіс, але адначасова была пакліканая і тым уяўленьнем пра перамены, якое транслявалася штабамі і ініцыятывамі вакол іх. Ніколі нельга недаацэньваць патэнцыял уяўленьня, бо калі нешта можа быць памысьленым, яно рызыкуе вельмі хутка надарыцца. У дваццатым ніхто ня быў гатовы да нечага большага, да сапраўды значных пераменаў, акурат праз тое, што не было каму іх уявіць: беларуская апазіцыя адукаваная і выхаваная пераважна ў неаліберальнай мадэлі і зьвязаная з тымі заходнімі фондамі і структурамі, якія ёсьць яе асновай. Праз два гады вайна ва Ўкраіне не пакідае рэгіёну ніякага іншага выбару. Таксама вялікую ролю адыгрывае фактар стомленасьці ад крызісу, ад тэрору, дыктатуры, вайны. У стане шоку любая нармалізацыя і стабільнасьць куды лепей невядомых паветраных замкаў. Тым ня менш рэальная будучыня магчымая толькі праз утапічнае мысьленьне і палітычнае ўяўленьне, толькі праз адвечную мару аб ідэальным сьвеце.

    Ці можна пераскочыць з дыктатуры ў анархісцкую канфедэрацыю? Прыклады ёсьць, аднак дырэктар такога ня любіць. Утопію можна выкарыстоўваць як метад, як тое, што можа даць імпульс для новых формаў сацыяльнай арганізацыі. Ёсьць даволі дэталёва распрацаваныя прынцыпы працы генеральных асамблеяў, кансэнсуса, шматлікія прыклады самакіраваньня. Спалучаныя з магчымасьцямі лічбавых тэхналёгій, разьмеркаваных сетак і аўтаматызацыі — яны цалкам могуць трансфармавацца ў ідэі для пабудовы альтэрнатыўнай будучыні, не залежнай ад канкрэтных аўтарытэтаў і начальнікаў. Ці прынамсі залежнай у меншай ступені. Любая сыстэма персаніфікаванай улады ці бюракратычна-алігархічнага кіраваньня ёсьць спадчынай мінулага, якое ўсё ніяк ня хоча сканчацца, прадуктам таго ж сну розуму, які нараджае пачвараў, той вывучанай бездапаможнасьці, якая пачынаецца ў сям’і і сканчаецца на могілках. Але будучыня ляжыць па-за гэтай дысцыплінай правілаў. Яна ляжыць у фантазіі, ва ўяўленьні, у нейкай сьмеласьці зірнуць на ўсё старое крытычна, перафармуляваць прыярытэты і сапраўды сустрэць адно аднаго, даведацца нарэшце адно пра аднаго, зьдзівіцца адно аднаму, як гэта было ў жніўні 2020. Будучыня надыходзіць прыкладна тады, калі разьвейваецца туман. 

    Тэкст: Аляксей Талстоў
    Апублікаваны: 17.02.2023

    Weitere Themen

    ЧУЖЫНЦЫ

    Паліфанічныя сведкі канца і пачатку

    Пра рыбаў і людзей

    Я бачу тое, што ў маім садзе

    Я вам зараз пакажу, адкуль будучыня Беларусі!

  • «Шэпт»: Містычны свет патаемнай беларускай традыцыі лекаваць словам

    «Шэпт»: Містычны свет патаемнай беларускай традыцыі лекаваць словам

    Беларускі фатограф Сяргей Лескець дзесяць гадоў вандраваў па радзіме, даследваў, шукаў носьбітак самай закрытай старадаўняй беларускай традыцыі лекаваць словам. Так узнік адмысловы праект «Шэпт». Фотапраект і кніга, якая выйшла ў выніку, атрымалі вялікі рэзананс у Беларусі і ў асяроддзі беларускай эміграцыі. 
    Асобны спектакль паводле даследаванняў Лескеця стварылі «Купалаўцы» — калектыў, заснаваны былымі супрацоўнікамі тэатра імя Янкі Купалы пасля іх звальнення ў выніку пратэстаў-2020. Прэм’ера спектакля адбылася ў Штутгарце ў лістападзе 2022 года. 


    Мы распыталі Сяргея Лескеця пра яго творчасць, падарожжы, традыцыю шаптання. А таксама зрабілі падборку фотаздымкаў з праекта. 

    Deutsche Übersetzung

    У працэсе лячэння / фота © Сяргей Лескець
    У працэсе лячэння / фота © Сяргей Лескець

    — Ваш фотапраект называецца «Шэпт». Аб чым ён распавядае?

    — Гэта праект аб адной вельмі старажытнай і закрытай традыцыі, аб знахарстве. Праект пра людзей, носьбітаў гэтых ведаў. Згодна з павер’ем, усе яны маюць вышэйшы дар ад Бога: лячыць людзей словамі і дзеяннямі. Быццам бы нічога звышнатуральнага, знахар чытае шэптам таямнічыя словы, але такім чынам вылечваюцца людзі і хатняя жывёла (карова, конь). Дар перадаецца захавальнікамі традыцыі цераз пакаленні, ад бабулі да ўнучкі, ад дзядулі да ўнука. І вось гэта ўсё да нас дайшло з глыбіні стагоддзяў і тысячагоддзяў амаль без зменаў. І што важна, у нас гэта традыцыя ніколі не перарывалася, негледзячы на тысячагадовы ціск з боку хрысціянскіх канфесій, інквізіцыю, савецкі атэізм і рэпресіі… Вось гэта мяне і натхніла, бо ўсе мы чулі і сутыкаліся з гэтай традыцыяй, але ніхто тых людзей не фатаграфаваў.
    З іншага боку, камера была для мяне быццам квіток у свет таямніцаў і містыкі. Дзякуючы фотааппарату я мог усё пабачыць сам, дакрануцца да знікаючага свету маіх продкаў. Уласнымі вачыма пабачыць тое, пра што чытаў адно толькі ў кніжках па антрапалогіі і этнаграфіі.

    — Як вы даведаліся аб гэтай лекавай традыцыі?

    — Усе мы, беларусы, так альбо іначай паходзім з вёскі, і гэтымі каранямі моцна павязаныя. Гэта як генетычная памяць. Тут нават у назве схаваны глыбокі сэнс. «Бабкай» завуць сваю родную бабулю, і так жа называюць знахарку. Кожны можа нешта згадаць. Вось калі, напрыклад, маленькае дзіця дрэнна спіць ноччу, ускрыквае і ўвесь час плача, яму даюць крыху выпіць той вады, над якой знахар чытаў свае словы. Часцей за ўсё яны лечаць вывіхі, спуды, расцяжэнні, інфекцыйныя хваробы (лішай, рожыстая пухліна), могуць дапамагчы з бясплоддзем.

    Так і са мной, я з дзяцінства пра гэта чуў і ведаў, але ніколі не бачыў іх сваімі вачыма. І калі ўпершыню патрапіў да такой жанчыны, то моцна хваляваўся. І як вынік — нічога сфатаграфаваць у мяне тады не атрымалася. Мне спатрэбілася некалькі гадоў на падрыхтоўку і «ўваходжанне» ў гэтую тэму. Я чытаў процьму літаратуры, ездзіў і шукаў, ездзіў і шукаў. І проста ў нейкі дзень мне атрымалася паразмаўляць і зрабіць партрэт той самай, першай сваей знахаркі. Я ўжо збіраўся ехаць да дому, як да той знахаркі прыехалі лячыцца пацыенты, і мне дазволілі папрысутнічаць. Уяўляеце, два гады ты сядзіш і толькі чытаеш кнігі, і ў нейкі момант табе дазваляюць пабачыць тое, што для іншых табу? Гэта, як бы дзіўна не гучала, была нейкая мая ініцыяцыя. Пасля ўсё пайшло прасцей, мне часцей трапляліся тыя людзі, і ўсе пагаджаліся са мной гаварыць. Бо я ўжо быў не проста цікаўны чалавек, а той, хто мае такія ж веды, як і яны. 

    — Што менавіта адбываецца, калі знахаркі шэпчуць? 

    — Тое, як яны лечаць, цяжка патлумачыць чалавеку, які жыве ў рацыянальным свеце. Гэта не паддаецца логіцы і разуменню сучасных медыцыны і навукі. Знахары быццам і па сёння жывуць у міфа-паэтычным свеце, свеце казак і легендаў, у якім жылі нашы продкі. Для іх усё разуменне навакольнага свету базуецца на пачуццях і эмоцыях.
    У даўнія часы традыцыя перадавалася цераз пакаленне, ад дзеда да ўнука. Пераемнік мусіў быць старэйшым альбо малодшым, але не сярэднім. Мусіў мець знатную памяць і добры характар, спагадлівасць да людзей, жаданне дапамагаць іншым. Рыхтавалі будучага знахара з малога ўзроста, з гадоў 7-12. У такім узросце ў чалавека самая крыштальная памяць, пачутае запомніцца на ўсё жыццё. Але толькі перад смерцю стары знахар мусіў перадаць свой дар. Без гэтага дару ўсе тыя веды былі без карысці. Была і ішная катэгорыя знахараў — не спадчынныя, а прыродныя. І яны былі больш моцныя. Гэта тыя людзі, да якіх сілы і словы замоваў прыйшлі ўва сне, ад вышэйшых сілаў. 


    Як яны лячылі? Часцей знахар шэптам чытае свае малітвы над вадой, узятай з яго калодзежа. Пасля хворы мусіць гэтую ваду піць альбо амываць свой твар. Хтосьці са знахараў чытае словы непасрэдна над пацыентам. 
    Методык вельмі шмат, і яны вельмі розныя. Напрыклад, лішай лечыцца націраннем сабраным з вакна водным кандэнсатам. Натуральна, што пры гэтым шэпчуцца патрэбныя словы. Рожыстую пухліну, інфекцыйную хваробу лечаць часцей так: на хворае места кладуць чырвоную тканіну. З валокнаў ільну скручваюць невялікія шарыкі, якія, чытаючы малітвы, спальваюць над той самай чырвонай тканінай. Для лекавання некаторых хваробаў выкарыстоўваюцца травы. Іх п’юць, робяць настойкі альбо абкурваюць іх дымам хворых.

    — Гэта традыцыя распаўсюджана зараз па ўсёй Беларусі?

    — Традыцыя вельмі хутка знікае, як і сама вёска. Сёння гэта з’ява разпаўсюжаная не паўсюль раўнамерна. Напрыклад, на захадзе Беларусі, дзе пераважае каталіцкае насельніцтва, носьбітаў гэтай традыцыі вельмі мала. Каталіцызм там добра «папрацаваў». Болей захавалася на памежных тэрыторыях, на тэрыторыі Палесся. Там яшчэ можна сустрэць знахараў. Калісьці амаль у кожнай буйной вёсцы быў свой такі чалавек. 
    У сённяшніх гарадах, як і паўсюль у свеце, ёсць свае носьбіты сучаснага «неашаманізма» і «лекавых практык», але гэта нічога агульнага з нашай традыцыяй не мае. 

    — Дзе палягаюць карані гэтай лячэбнай практыкі і як яна змагла выжыць у Савецкім Саюзе?

    — Сёння амаль немагчыма сказаць, калі яна прыйшла да нас. Навукоўцы гэта адносяць да першароднай магіі слова, быццам бы гэта было адно з першых формаў фальклора. Яна прысутнічала з тых часоў, як з’явілася само слова і набыло магічную моц. Калі чалавек пачаў даваць імёны і назовы навакольнаму свету.
    У такой альбо іншай форме знахарства прысутнічала ва ўсіх народаў у пэўных перыядах іх развіцця. Гэта людзі, якія дапамагалі знайсці ментальнае, духоўнае і фізічнае здароўе. І калі прыкладам у Еўропе гэтых людзей знішчала інквізіцыя, то ў нас царкоўныя ўлады ставіліся да іх больш лагодна. Гэта і дапамагло зберагчы традыцыю цягам тысячагоддзя панавання хрысціянства. З прыходам савецкай ідэалогіі ціск працягваўся. І знахараў на ўзроўні з святарамі падвяргалі рэпрэсіям, высылалі ў Сібір. 


    Але між тым гэта не замінала працягваць традыцыю, проста яе стараліся не афішаваць і захоўваць таямніцу. Лячылі болей ноччу і таемна, каб ніхто не ведаў. Мне даводзілася чуць гісторыі, як камуністы таемна хадзілі да знахараў, каб вылечыцца ад укусу ядавітай змяі, калі немагчыма было звярнуцца за дапамогай ў бальніцу. І гэта было небяспечна для іх абодвух. Знахара маглі арыштаваць, а таго ж камуніста пазбавіць статуса і працы. 
    З нашчадкаў знахараў шмат хто адмаўляўся пераймаць дар. Бо, вядома, тагачасная моладзь вельмі скептычна ставілася да тых ведаў. Гэта і спрычынілася да павольнага знікнення традыцыі.
    Агулам савецкая ўлада выбудавала такую сістэму, праз якую беларуская вёска пачала катастрафічна знікаць. Калі ў 1970-х у Беларусі было 75% вясковага насельніцтва, то зараз толькі 25%, і гэта лічба павольна змяншаецца.

    — Як вы выбіралі фатаграфічную форму для свайго праекта? 

    — Можа гэта будзе гучаць малаверагодным, але візуальная мова сама выбрала сябе пад час працы над праектам. Я хацеў працаваць з сярэднім фарматам і першапачаткова здымаў на каляровую стужку. Лічбавую камеру я палічыў тут лішняй. Але тыя стужкі з некалькіх экспедыцый аказаліся проста без ніводнага здымка. Вось такая вось магія.
    Наступным разам я скарыстаўся чорна-белымі стужкамі і сам займаўся ўсімі хімічнымі працэсамі пры праяўцы. І мне гэта падалося своеасаблівай алхіміяй, гульнёй сэнсаў. Мая фатаграфічная магія фатаграфуе знахарскую магію. Да таго ж, святло ў вясковых інтэр’ерах часам вельмі слабое, і тэхнічна працаваць з чорна-белай стужкай было прасцей. Быў адзін смешны выпадак, калі мяне папрасілі сваякі прывезці замоўленай вады, але я, стомлены дарогай, пераблытаў бутэлькі і ў знахарскую ваду дабавіў хімікаты, а затым тым жа растворам праявіў некалькі стужак з экспедыцый. Так атрымалася, што таямнічыя словы, якімі лечаць, ляглі нябачным слоем на кожны партрэт.

    — Як на ваш праект адрэагавалі ў Беларусі?

    — Рэакцыя беларусаў мяне проста шакавала. Я не прызвычаены да такой увагі. Выданне кнігі і яе публікацыя былі крыху авантурай для мяне. Я ж не пісьменнік, проста на паперы падзяліўся сваімі ўражаннямі ад пабачанага і пачутага. Усе свае дзесяць гадоў падарожжаў, пошукаў і знаходак. А кніжка ўся, увесь тыраж, прадалася за шэсць месяцаў. 
    З выставай таксама было шмат прыемных момантаў. Нам давялося рабіць пяць аўтарскіх сустрэчаў, бо людзі ўсё тэлефанавалі ў галерэю і прасілі. Мы нават ладзілі рэгістрацыю па запісу, бо ўсіх ахвотных было цяжка змясціць. Выставу працягвалі тройчы, і ў выніку яны правісела тры месяцы. Але і зараз людзі тэлефануюць у галерэю, просяць паўторна правесці маю лекцыю.
    Але гэта ўсе не столькі мая заслуга, гэта заслуга маіх гераіняў, іх лёса, іх долі. Хтосьці чытаў кніжку і прыходзіў паглядзець на здымкі гераіняў, хтосьці наадварот, пасля выставы набываў кніжку. Тут таксама адыграла генетычная памяць, бо шмат хто чуў пра знахараў, хтосьці меў сярод сваіх продкаў знахараў, але праз таямнічасць традыцыі нічога пра іх не ведаў. А мая кніга і выстава адкрывалі забыты і знікаючы, містычны свет беларускай лекавай традыцыі. Верагодна, гэта і было тым поспехам.
     

    «Конскі волас у хаце адной знахаркі.» / © Сяргей Лескець
    «Конскі волас у хаце адной знахаркі.» / © Сяргей Лескець

    «Знахарка Фядора ля жаночага абракальнага крыжа. На гэты крыж штогод ахвяруюць новыя тканіны і рушнікі. Старыя спальваюць. Гэты рытуал мусіць аберагаць ад хваробаў і небяспекі цэлую вёску.» / © Сяргей Лескецьзлева: «Адна з методык лекавання – пералязанне цераз дупло дрэва, звярыную нару, нару, выкапаную на мяжы леса і поля… Мне ўдалося знайсці дрэва, у каранях якога сядзелі жабы, а з маленькіх дзюрачак выляталі восы.» / справа: «Бабка Ванда — са старажытнага роду ведзьмаў. Але яе маці адраклася той традыцыі і ў жыцці займалася адно добрымі справамі — знахарствам. Дачка ў свае 92 гады працягвае традыцыю маці.» / © Сяргей Лескець

    «Вуглі ад дрэва ў місачцы. Цераз іх працэджваюць лекавую ваду альбо на іх кідаюць асвечаныя ў царкве травы. Дымам ад тых траў абкурваюць хворага.» / © Сяргей Лескець

    «Бабка Алена шэпча замовы. На шыі ў яе вісяць некалькі крыжыкаў і абразочкаў. Яна лічыць, што гэта прыдае ей моцы.» / © Сяргей Лескець

    «Ахвяра хлебам на ураджайны (грыбны, ягадны) год. Знахарка прыносіць на анучцы кавалак хлеба і пакідае яго на невялічкай палянцы.» / © Сяргей Лескець

    «Забіты «коршун», часцей сарока, як абярэг ад свавольства хлеўніка, духа падворка.» / © Сяргей Лескець
    «Забіты «коршун», часцей сарока, як абярэг ад свавольства хлеўніка, духа падворка.» / © Сяргей Лескець
     

    злева: «Бабка Ганна жыве на Падляшшы (з 1945 года — тэрыторыя Польшчы), лічыць сябе праваслаўнай беларускай. Словам замоваў яе навучылі ў сне святыя Кузьма і Дзям’ян.» / справа: «Лекарка і 9 розных каласкоў. Гэта яе сямейная традыцыя, на Купалле збіраць 9 розных каласкоў і асвячаць у касцёле. Яны дапамагаюць ей лекаваць хворых.» / © Сяргей Лескець

    «Папера з тэкстамі замоваў. У разных традыцыях яе спальваюць, а дымам — абкурваюць, альбо размачываюць у вадзе і даюць піць тую ваду хвораму чалавеку. Так чалавек прымае ў сябе словы.» / © Сяргей Лескець

    «Балота, згодна з легендай, створана чортам, які скраў у Бога зерняткі жыцця, паклаўшы іх у рот. Патрапіўшы ў вільгаць, зерняткі пачалі расці і распіраць рот нячысціка. Чорт мусіў іх выплюнуць. Так утварылася балота. Гэта як супрацьстаўленне света і гармоніі — першародны хаос. Туды знахары зганяюць усе хваробы. Там жыве нечысць, і там хваробы зараджаюцца.» / © Сяргей Лескець

    «Побач з домам бабкі Алены стаіць Дзедава гара, на якой з даўніх часоў мясцовыя святкавалі Купалле. Навукоўцы сцвярджаюць, што мясціны з такімі назвамі ў мінулым былі паганскімі капішчамі.» / © Сяргей Лескець

    злева: «Бабка Алена дэманструе травы, якімі лечыць.» / справа: «Адна з нешматлікіх знахарак, якая магла лячыць дзіцячую эпілепсію.» / © Сяргей Лескець

    «Лес з’яўляецца адным з галоўных кармільцаў і прасторай, у якой жылі беларусы на працягу тысячагоддзяў. Таму ён часта згадваецца ў казках, легендах і паданнях.» / © Сяргей Лескець

    «Стандартныя літары каталіцкага свята Трох Каралёў С.М.В. у традыцыі лекавання лічуцца абярэгам. Крэйда, якой пішуць літары, асвечаная. Ей можна лекавацца і адпугваць ведзьмаў.»

     злева: «Іншасвет немагчыма апісаць альбо намаляваць. Ён з’яўляецца люстэркавым адбіццём нашага.» / справа: «Бабка Алена. Ува сне да яе прыйшоў Бог і даў словы, якімі яна лечыць хворых людзей і жывёл.» / © Сяргей Лескець

    «Балота. Пер’е белага голуба, знішчанага драпежнай птушкай.» / © Сяргей Лескець
    «Балота. Пер’е белага голуба, знішчанага драпежнай птушкай.» / © Сяргей Лескець

    Фота: Сяргей Лескець
    Фоторедактор: Анди Хеллер 
    Опубликован: 03.01.2023

    Weitere Themen

    «Пока я ждал(a)». Белорусская серия фотографа Юлии Аутц

    Беженцы на границе Беларуси и ЕС. Фотосвидетельство гуманитарного кризиса

    «У меня отняли корни, семью и родину»

    Каляды бязь межаў

  • Я вам зараз пакажу, адкуль будучыня Беларусі!

    Я вам зараз пакажу, адкуль будучыня Беларусі!

    Сяргей Календа, 1985 году нараджэньня, — пісьменнік, культуролаг, аўтар чатырох кніг прозы, кнігі казак і раману, стваральнік часопісу «Макулатура», які сваёй мэтаю ставіць развіццё беларускай культуры, выхад па-за моўныя межы й цэнзуру. 
    У сваім эсэ для нашага праекта «Беларусь – Зазірнуць у будучыню» Сяргей Календа піша пра тое, што ў краіны Помсты і Зла, у якую ператварыў Беларусь крыважэрны дыктатар, будучыні ня мае. 
    Час настаў змрочны, але ён сведчыць і пра новае пакаленне, якое прыйдзе на змену гэтаму вэрхалу. Новае, вольнае і дэмакратычнае пакаленне вырасла паралельна з такім жа новым пакаленнем, якое падтрымлівае дыктатарскія схільнасці і погляды. Мы маем дзьве Беларусі – Ціханоўскай і Лукашэнка. Але ідзе працэсс развіцця, які даказвае, што беларускую культуру немагчыма вынішчыць, лічыць аўтар. 
    Ва ўсе часы нацыянальны код беларусаў прарастаў сярод іншых каранёў, і калі чарговы тыран спальваў усё навокал, праз час ізноў прабівался парасткі.
    Зараз усё выглядае чарговым тэрорам, зачысткамі ўсяго беларускага… Але з супрацьлегалага боку: дыяспары, падтрымка культурных праектаў, узаемадапамога. Мы адчуваем сваю еднасць, маем свой гонар, і гэта з намі і нашай культурай назаўжды, лічыць Сяргей Календа. Будучыня ў Беларусі ёсьць, яна моцная, адважная і, галоўнае, вопытная, яе не падманеш чарговым прэзыдэнтам. 

    Deutsche Version

    «Вузел надзеі» © Тосла
    «Вузел надзеі» © Тосла

    Беларуская рэальнасць, палітыка, светапогляд – напасці, абвінаваціць, прыгразіць, абазваць тэрарыстам, фашыстам, пятай калонай, нацыяналістам. 

    Краіна настолькі сказіла тэрміны і перакульнула ўсё да гары нагамі, што там, дзе былі жанчыны з кветкамі, якія зрабілі ланцуг салідарнасці — тэрарысты, якія прагнуліся пад Захад, жадаючыя смерці квітнеючай РБ. І арганізацыя, створаная лавіць злачынцаў, займацца крыміналам, крадзяжамі, бытавым гвалтам — цяпер наўпрост б’е шыбы ў вокнах кавярнаяў, дзе схавалі хлопцаў з белымі і чырвонымі балёнікамі, прыходзіць ноччу да грамадзян, выкрадае іх з ложкаў. Краіна Помсты і Зла, і гэта відавочна для маіх дзяцей, якія бачаць наваколле і запытваюцца ў мяне, а чаму гэта міліцыя б’е людзей, хіба яны кепскія?

    Будучыні ў Бедарусі (гэта не абдрукоўка) — няма ў тым стане і ў такіх развіццях падзей, якія працягваюцца. Дыктатар за трыццаць год ператварыўся ў страшнага, крыважэрнага клоўна, злоснага старога чалавека, які настолькі захрас у ілжы, прадажнасці, цынізме, што можа лёгка павіншаваць Украіну з Днём Незалежнасці, калі з беларускай тэрыторыі рашысты (так іх цяпер называюць) абстрэльваюць ракетамі Украіну.

    Калісці даўно я пачаў збіраць гісторыі пра звычайных беларусаў, пра чыноўнікаў і тых, хто кіруе заводамі, і зразумеў, што краіну давялі да такога сусветнага, маштабнага крызісу людзі, якія жывуць па прынцыпах: не высоўвацца, што сказалі, тое і рабіць, мая хата з краю, лепш выканаць загад зверху, чым падумаць, не праяўляць ініцыятывы, бо а што суседзі скажуць? На ўсіх гэтых народных мудрасцях і я рос, мне так казалі мае бабкі, але маці,  што праўда, ужо спрачалася з усімі гэтымі тэзісамі. Праз такіх, як яна, пачало гадавацца новае пакаленне, смелае, вольнае. І гэтая новая моладзь развівалася паралельна з той часткай грамадства, якая працягвала за сабой цягнуць савецкі лад жыцця, ягоныя рабскія прынцыпы.
    «Абы не было вайны» — была галоўная мантра для ўсіх, якая страшыла, падпарадкоўвала і вымушала не высоўвацца. 
    Кнігу гісторый, пра звычайных беларусаў, я не напісаў, прыдумаў толькі назву «Як мы ўсё пра*балі». 

    У нас вырасла вольнае, разумнае пакаленне, якое напалову з’ехала з краіны, людзі, якія хацелі змяніць гэты страшны і цяжкі лёс быць краінай у рабстве. А палова замоўкла, і я спадзяюся, не назаўжды. І нельга забывацца, што новае пакаленне вырасла паралельна з такім жа новым пакаленнем, якое падтрымлівае ўсе дыктатарскія схільнасці і погляды. І такім чынам мы маем дзьве Беларусі — Ціханоўскай і Лукашэнка, і будучыня павінна вымалёўвацца файнай для краіны, бо ідзе працэсс развіцця, які чарговым разам даказвае, што беларускую культуру немагчыма вынішчыць, як і нашае «Не спыніць! Не стрымаць!»

    Але хачу пачаць з самага пачатку, з таго, што я высветліў і зразумеў са сваіх дзіцячых часоў, калі мой бацька, стаўшы стачкомам, дапамог стварыць незалежны прафсаюз на МАЗе, пайшоў з натоўпам рабочых, з манціроўкамі, гаечнымі ключамі, па дарозе дадаючы да сваёй каманды: МТЗ, Падшыпнікавы завод… Рабочыя ламануліся на цэнтральную плошчу, да Чырвонага касцёла. З’явіліся магчымасці выказацца свабодна, бо «саюза» больш няма, ёсць мы, жывыя людзі, якія прагнуць жыць шчасліва і ня быць галечай. Але выйсці на плошчу — гэтага было недастаткова, тыя людзі, якія сядзяць у кабінетах і прымаюць рашэнні — ня вышлі на плошчу…

    Вынік першых у пачатку 90-х мітынгаў: прыехаў Клінтан, парукаўся з жыхарамі сталіцы на плошчы, з’ехаў. Прыйшоў Лукашэнка і ўжо тады страсаў паветра заяўкамі, што пакажа, хто крадзе ў дзяржавы, хто вінаваты ў тым, што амаль няма заробкаў, і нават трос у руках нейкія папкі — нібыта доказы. Усе яго паслухалі, паглядзелі на яго на фоне бел-чырвона-белага сцягу — і супакоіліся. Гэты малады, вусаты фацэт у завялікім гарнітуры тады яшчэ паабяцаў беларусам усё на свеце. І беларусы спакойна палеглі спаць, каб прачнуцца ў БССР-2, у версіі камунізма, замяшанага на калхозным лайне і шызафрэніі. 

    Я рос і вучыўся ў школе з процьмай свабодных вучняў, якіх гадавалі лепшыя настаўнікі. Нам дазвалялася спрачацца, выказваць думкі, якія былі супрацьлеглымі ў агульна прынятых меркаваннях. Маці дома заўжды казала, што трэба мець сваю думку і свой погляд на ўсё на свеце і скептычна ставіцца да ўсяго, асабліва, калі табе штосці распавядаюць са сцэны, кафедры, трыбуны, што трэба мець сваю галаву на плячах.

    Пакаленне маіх бацькоў вырасла з забітым эга, бо не толькі сэкса не было ў ссср, але і свайго Я. Таму, можа, нас і гадавалі, як свабодалюбівых людзей, якія, пасталеўшы, не пажадалі жыць у рабскім свеце і вырашылі змагацца са злом. Беларусь — краіна партызан, вольных людзей, якія гатовыя пайсці у лес, схавацца, дачакацца і адпомсціць дзеля таго, каб мець тыя самыя простыя рэчы: лепшую долю, хлеб і сваю зямлю. Таму, пачынаючы са старэйшых класаў, мы, пераняўшы стачкі ад сваіх бацькоў, выходзілі і браліся ў ланцуг на плошчы Багушэвіча, калі ад мянтоў было складана уцякаць на высокія халмы, але ім і падаўна было нас, шаснаццацігадовых, не дастаць. Ва ўніверсітэцкія часы мы выходзілі на плошчу і ночылі ў намётах, каб паказаць, што нашае месца тут і цяпер, што гэта наш горад і наша краіна. Усіх хапалі, збівалі, саджалі. Нас, студэнтаў, адлічвалі, але ня так публічна і жорстка, як пасля 2020 году, і, трэба сказаць, у той час студэнтаў баранілі настаўнікі і кафедры, выдавалі дакуманты, што падчас пратэстаў мы здавалі іспыты альбо былі на канферэнцыі…

    Быў час, які я мог назіраць на ўласныя вочы. Беларусь стала цікавая для Еўропы, ў Мінск пачалі прыяжджаць турысты, развіццё інфраструктуры паскорылася і палепшылася шматкроць. Мы прымалі на стадыёне ангельскую, шатландскую, нямецкую зборныя па футболе. Наш клуб БАТЭ гуляў у Лізе Еўропы. Пачалі адчыняцца Брытанскія франшызы: Mothercare, Fashion Bar, Toni&Guy. З’явіліся нямецкія інвестары і забудоўшчыкі. Беларусь стала цікаваю не толькі Расеі і шэрагу мусульманскіх краін. З’явілася негалосная дамоўленасць з уладай пра тое, што можа быць развіццё культуры. Не толькі папулярных забаўляльных інфраструктур, але можна адчыняць выставы, ладзіць канцэрты, выпускаць кнігі. 
    Імгненна, за лічаныя дні, месяцы ў нас з’явілася сапраўднае, паўнавартаснае жыццё — у сваёй краіне. Але… але да першых «Плошчаў», новых пратэстаў. І нас ізноў адштурхоўвае кудысці назад у мінулае, і мы здзіўляемся, як?! Як у XXI стагодздзі можна так катаваць людзей, забіваць і забараняць мову і кнігі. Як? Вельмі проста, дайце аднаму чалавеку манаполію на ўладу, на прамысловасць, на цэлую краіну, дайце яму час, каб стварыць сваё асяродзьдзе, сваіх кастрыраваных чыноўнікаў і тупых вайскоўцаў, і вы ніколі не будзеце свабоднымі, а толькі залежнымі ад страшнага, крыважэрнага рускага суседа, і ў закладніках аднаго хворага дзеда.

    Кожны год для беларуса з’яўляецца маркерам, ён быццам бы пражывае адразу некалькі год, бо паспявае устаць на ногі, акрыяць, пачаць жыць і працаваць, і потым ізноў яго збіваюць з ног і ўсё паўтараецца — і гэта галоўная выснова — што будучыня ў Беларусі ёсьць, і моцная, і адважная і, што самае галоўнае, вопытная, яе так проста не падманеш чарговым прэзыдэнтам. Галоўнае, даць народу абіраць жыццё і ўладу.

    Беларусы жывуць на сваіх геаграфічных і геапалітычных арэлях, але ніколі яшчэ такога не было, каб з гэтых арэляў нас збілі. Так, нас гайдае з тэрора да адраджэння, але калісці арэлі пачнуць гайдацца мякка і не па такой жорсткай дузе, дзе мы будзем спрачацца за выбары, спакойна і разважліва, і дзе вулічныя музыкі будуць спяваць і збіраць натоўпы на брукаванцы, якая, нарэшце адкаркуецца ад гэтага спрэсаванага асфальта, шматкроць падрапанага параднымі танкамі. 

    У часы існавання Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расейскай імперыі, Савецкага саюза, Беларусь і беларусы існавалі са сваёй мовай і сваім  строем, выжывалі, аточаныя іншымі мовамі і культурамі. Паўсюль і ва ўсе часы беларусы існавалі, дзякуючы сваёй непаўторнасці, іх нацыянальны код прарастаў сярод іншых каранёў, і кожным разам, калі чарговы тыран спальваў усё навокал ушчэнт, праз час ізноў прабівался парасткі.

    Зараз усё выглядае чарговым тэрорам, чарговымі зачысткамі ўсяго беларускага, нацыянальнага, культурнага. І цяпер сапраўды шмат хто на баку Лукашэнкі кажа, што культура потым, зараз у нас больш важныя справы, і пачынае даваць турэмныя срокі за «абразу прэзідэнта» мастакам, музыкам, шахцёрам, журналістам, пісьменнікам. Без кіно і музея можна жыць, галерэі нам не патрэбны, галоўнае, каб усе мелі свае «па пяцьсот даляраў» і было што есці. 

    Час настаў змрочны, страшны і безнадзейны, але тое, якія былі мітынгі, выхады, дваровыя ініцыятывы, як мы змагаліся са злом кветкамі і абдымкамі, сведчыць пра новае пакаленне, якое прыйдзе на змену ўсяму гэтаму вэрхалу, усім гэтым бандзітам, якія перавярнулі ўсё, скрывілі: вось тут мы разам з нелегетымна абраным прэзідэнтам, ратуем краіну ад вас — фашыстаў, тэрарыстаў! «Нормальным языком со мной говори, урод!».

    На дадзены момант, каб рабіць нейкія высновы, дастаткова заўважыць, што ўнутры краіны ідзе самы страшны генацыд — культуры, мовы… Пераслед за свабоду думкі і жыцця… Але з супрацьлегалага боку: беларускія дыяспары ва ўсіх краінах свету, падтрымка і фінансаванне культурных праектаў за мяжой, дапамога кожнаму. За кошт мітынгаў, тэрору ўлады, мы, беларусы, адчуваем сваю еднасць, маем свой гонар, і гэта з намі і нашай культурай назаўжды.

    У нас, беларусаў, сапраўды складаны лёс і гісторыя, нам часта даводзілася існаваць у іншых культурах і цывілізацыях, імперыях, але мы ніколі не забываліся на саміх сябе, нашу мову, нашыя карані. І калі казаць пра сваю самаідэнтыфікацыю, то ў любой кропцы жывуць тыя самыя мужчына ці жанчына, якія з пяшчотай узгадваюць сваё жыццё там, дзе неба, лес, палі і рэчкі, і кожны з іх гатовы вярнуцца, каб будаваць Беларусь бяз слёз і сініх пальцаў.

    Weitere Themen

    ЧУЖЫНЦЫ

    Паліфанічныя сведкі канца і пачатку

    Пра рыбаў і людзей

    Yes Future No Future – опыты нелинейных суждений

    Жить в Беларуси

  • Я бачу тое, што ў маім садзе

    Я бачу тое, што ў маім садзе

    Са жніўня 2020 г. беларускі і беларусы выступаюць з пратэстамі за сумленныя і свабодныя выбары ды свае асноўныя правы. За кароткі час паўстаў і дасягнуў гістарычнага значэння шырокі і мірны рух за дэмакратыю і пашырэнне правоў ды магчымасцяў грамадзянскай супольнасці. Гэты рух адстойвае права голасу і права на ўдзел у прыняцці рашэнняў. Адбываюцца кардынальныя змены, вынікі якіх яшчэ невядомыя. Аляксандр Лукашэнка спрабуе задушыць пратэст, спыніць змены рэпрэсіямі і гвалтам.

    У гэты складаны час мы гатовыя адважыцца на размову пра будучыню, паспрабаваць знайсці для яе словы і паразважаць пра яе. У праекце «Беларусь — Зазірнуць у будучыню» Дэкодэр (dekoder) у супрацоўніцтве з Фондам С. Фішэра (S. Fischer Stiftung) прэзентуе шэсць эсэ беларускіх аўтарак і аўтараў, што ў літаратурнай і паэтычнай, аналітычнай ці культуралагічнай форме звяртаюцца да тэмы будучыні Беларусі. У перакладзе на нямецкую мову тэксты будуць апублікаваныя на партале Дэкодэр. Мастачка Тосла падрыхтуе ілюстрацыі да кожнага эсэ ў рамках ейнага праекту «Вузел Надзеі».

    Таня Арцімовіч, 1984 году нараджэньня, адна з самых вядомых інтэлектуалак свайго пакаленьня ў беларускай культуры, аўтарка і рэжысёрка тэатра, курыравала шматлікія адукацыйныя праекты і выставы, з’яўляецца рэдактарам часопіса пра мастацтва і культуру. Рэдактарка часопіса pARTisan/pARTisanka. У сваёй творчасці яна заўсёды імкнецца асэнсоўваць беларускія культурныя з’явы і грамадска-палітычныя падзеі на радзіме па-за звыклымі межамі і фіксаванымі кропкамі. Гэта таксама тычыцца гэтага эсэ для нашага праекта «Беларусь – Зазірнуць у будучыню». У гэтым тэксце Таня Арцімовіч звяртаецца да пытання, што насамрэч адбылося ў Беларусі падчас гістарычных пратэстаў у 2020 годзе і што гэтая палітычная мабілізацыя можа азначаць для магчымай будучыні яе краіны. Для свайго аналізу яна таксама выкарыстоўвае ідэі нямецкай пісьменніцы Норы Босанг, якая ў сваёй працы займалася пытаннямі пашырэння палітычных магчымасцей свайго пакалення.

    Deutsche Version

    «Вузел надзеі» / © Тосла
    «Вузел надзеі» / © Тосла

    [Я хацела б пагаварыць пра] гнуткіх. Так называецца кніга Норы Басонг, якую я заўважыла ў краме некалькі месяцаў таму, пагартала, прачытала змест і зразумела, што гэта мая кніга. Мая, не таму што пра мяне, гэта немагчыма з прычыны, як мінімум, нашых розных з аўтаркай геаграфічных і культурных кропак уваходу. Але мы аднаго пакалення – дзеці распаду сацыялістычных сістэмаў – толькі па розныя бакі сцяны. Азіраючыся назад, аналізуючы тое, што адбылося ў мінулыя гады, мы абедзве сядзім быццам на руінах сваіх мараў, перабіраючы камяні. Басонг пачынае з канца адной эры, і гэта дакладна тое, што адчуваю я, хоць нашыя «эры» і іхныя «канцы» напэўна розныя. Альбо не? 
          Гэта і стала інтрыгай – чытаць яе, прыслухоўваючыся да сябе, успамінаючы, што адбывалася вакол мяне і са мной, задаваць ёй пытанні, пярэчыць альбо пагаджацца. Зразумела, гаворка ідзе не пра самі падзеі, а пра тое, як яны ўспрымаюцца – накладваючыся на асабісты досвед, страхі, траўмы, на маё сацыяльнае і культурнае цела, якое павінна было выканаць наканаваную ёй біяграфію. Альбо ёсць магчымасць разарваць гэтую накаванасць? У любым выпадку, гэта неабходна, каб зразумець прычыны існай асіметрыі геаграфій, якія вырашаюць маё мінулае, цяперашнасць і будучыню. Таму што калі мінулае ў мяне ёсць, у цяперашнасці, якая яна б не была, я стаю, то ў будучыне мне, калі я слухаю заходніх палітыкаў, адмаўляюць. Мяне ўжо няма на гэтай мапе. 
          «У вас жа там ціха», – сказала мне адна жанчына на вуліцы. «Ага, – адказваю, – як на могілках». А пра сябе падумала, вось як растлумачыць, што ціха, гэта не столькі пра тое, што нічога не адбываецца, але пра жаданне пачуць. І вось атрымоўваецца, адзінаю магчымасцю будучыні для мяне застаецца змяніць сваю скуру – на больш белую, перарабіць цела, адмовіцца, прыстасавацца, стаць – еўрапейка? «Толькі вам напэўна трэба будзе падумаць пра іншую прафесію, бо філолагі тут не патрэбныя». У наступны раз, падумала я, трэба падрыхтавацца і прыдумаць больш грунтоўны адказ на пытанне, чым я займаюся. 
          Можа садоўніца?  

          Cyanobacteria

          Я хачу пасадзіць сад, у якім было б шэсцьсот сорак сем раслін. Я ніколі гэтага не рабіла, маю на ўвазе, не садзіла расліны, дакладней, садзіла, але яны заўсёды паміралі на маім падваконні. Адным днём я заўважала, што расліна пачынае сохнуць і далей толькі назірала за ейнаю смерцю. Але пандэмія радыкальна развярнула маё ўспрыняцце. Не ведаючы, што рабіць, таму што сакавіцкі локдаўн 2020-га года ў краінах Еўразвязу цалкам змяніў мае планы, я засела ў самаізаляцыі на вёсцы і стала саджаць – хмызнякі, гародніну, зеляніну, кветкі. У гэты ж час адкрыла для сябе сімбіятычную тэорыю Лін Маргуліс, якая дзесяцігоддзямі аспрэчвала неадарвіністаў, але толькі ў апошнія гады яе голас нарэшце стаў гучаць у шырокіх колах. 
          Паводле сімбіятычнай тэорыі, эвалюцыя адбываецца не з прычыны спаборніцтва альбо геннай мутацыі. Але ў выніку цялеснага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння паміж рознымі відамі арганізмаў. Такім чынам, эвалюцыя не скончылася на чалавеку, гэта толькі адзін з этапаў. Як бы чалавек не хацеў супрацьставіць сябе прыродзе – як найвышэйшую істоту – гэта наіўна. Бактэрыі кіруюць экасістэмай, яны найвышэйшыя істоты, кажа Маргуліс, таму што тое, што ёсць адкідамі ад адных, з’яўляецца крыніцай энергіі для іншых. Сістэма замыкаецца. Чалавек аб гэтым можа толькі марыць. Але менавіта таму што паміж чалавекам і бактэрыяй нашмат больш агульнага, чым мы сабе ўяўляем – мы самі ёсць экасістэмай – у нас ёсць шанец. 
          Адчуванне зменаў паглыблялася не толькі з прычыны маіх асабістых перажыванняў. У рэшце рэшт для беларускага грамадства, як і для іншых перыферыйных грамадстваў, пандэмія не сталася шокам – таму што людзі ніколі не адчувалі сябе ў бяспецы. Як многія адзначалі, і Нора Басонг таксама прыводзіць выказванне даследчыцы Ханны Грундлер, пандэмія паставіла пад сумнеў менавіта «няўразлівасць заходняга свету». Адбыўся першы для яе пакалення «калектыўны крызіс», піша Басонг, які суправаджаўся стратай адчування кантролю. Але калі ў еўразвязаўскіх краінах, навіны іншых геаграфій перасталі мець значэнне – «межы ў галаве сталі такімі ж высокімі, як паміж нацыянальнымі дзяржавамі» – нават са свайго сада на ўскрайку я пільна ўчытвалася ў навіны па ўсім свеце. Грунтоўна свет павінен змяніцца, думала я, толькі няўпэўненая, што гэта хутка адбудзецца з успрыняццем геаграфій. Таму тыя, хто на ўскрайку, павінны ведаць, што адбываецца на вялікай зямлі. З’явілася надзея на сапраўдны разварот – такая вымушаная паўза, якая стане трыгерам для радыкальнага перагляду існых сацыяльных, палітычных сістэм і этычных нормаў. Я ў гэта сапраўды верыла, таму што пазбаўленыя прывычных схемаў існавання, пастаўленыя на паўзу, – ці гэта не момант для разумення сапраўдных патрэбаў? Гэта павінен быў быць канец неалібералізму і капіталізму, якія хоць і не былі маім досведам, але хацелася, каб яны перасталі быць адзіным выйсцем з аўтарытарызму, у якім жыву я. 
          У Беларусі тым часам пачыналася выбарчая кампанія.  

          Мы-сказы 

    Падлеткам я не чытала Маркса і Энгельса, мы не абмяркоўвалі палітыку і не хадзілі на дэманстрацыі. Свет замыкаўся ў межах мікрараёну, а веды ў школе насілі абстрактны характар. Бо хоць Берлінская сцяна рухнула, а Савецкі саюз распаўся, рэальным было тое, што за вакном. І калі ты нарадзілася ў пралетарскай сям’і на перыферыі, твая біяграфія была ўжо напісаная. Заставалася толькі ціха яе пражыць. «Не было» Чарнобыля, «не было» экалагічных катастрофаў. А пра спажывецтва мы таксама не ведалі, бо спажываць у капіталістычным сэнсе было няма чаго. Пакаленне ключоў на шыі і пакеціка ў пакеціку – так часам называюць нас сацыёлагі. Каб малыя дзеці не гублялі ключы ад кватэры, куды яны самі вярталіся пасля школы, да вечара чакаючы бацькоў, ім вешалі на вяроўцы ключы на шыю. А пластыкавыя пакецікі заўсёды былі ў дэфіцыце, таму іх мылі, сушылі і акуратна складвалі адзін у адзін.
          Пытанне свабоды для нас паўставала, але яно было хутчэй універсальным, такая ўнутраная свабода, якая б дазволіла зламаць сваю біяграфію. Стаць часткаю вялікага свету, вобраз якога фармаваўся з кніг і праграм тэлебачання  – аб гэтым мы марылі. Падзеі тых гадоў – вайна ў Югаславіі, путч у Маскве, вайна ў Чачэніі, рэферэндум у Мінску 1996 года – усё гэта было несапраўднае, тое, на што немагчыма паўплываць, што існуе само па сабе. Свабода і палітыка ішлі паасобку.
          Я пішу пра сябе «мы», таму што таксама ёсць адчуванне пакалення – не гнуткіх, але адасобленых ад гісторыі. Гэта былі яшчэ не мы-сказы, а такія маса-мы. Сказы пачалі нараджацца пазней, гучна заявіўшы аб сябе ў пандэмію. Бо калі для жыхароў заходніх краінаў адбылася атанамізацыя, то ў Беларусі, дзе для большасці нарэшце стала відавочнай гвалтоўная функцыя дзяржавы, менавіта «мы» стала трыгерам для нараджэння палітычнай волі. Старое пачынала паміраць, абазначаючы пачатак вялікага крызісу, выхадам з якога павінна было стаць штосьці новае. Новае? 
          Як і Басонг, я пішу тут «мы», усведамляючы ўмоўнасць гэтых мы-сказаў. Хто такія мы? Тыя, хто пэўны час былі адарваныя ад гісторыі, а потым усвядомілі сваё на яе права, але адначасова сталі адчуваць сябе на радзіме чужымі целамі, таму што жылі ўжо ў іншым вымярэнні? Альбо тыя, хто да пандэміі, цалкам сабе камфортна ўпісваліся ў існую аўтакратычную «нармальнасць», свядома адмаўляючыся ад палітычных свабод і правоў? Альбо тыя, для каго толькі гвалт у турме на Акрэсціна, калі пасля выбараў 2020 года ўлады закатавалі тысячы людзей, стаў апошняй кропляй? Альбо тыя, хто і зараз выконваюць злачынныя загады, удзельнічаюць у прапагандзе, катуюць і пішуць даносы? 
          «Не ўсе хочуць быць часткаю гэтага мы, якое да канца ёсць не зразумелым», піша Басонг. Тым больш што для палітыкаў – не важна, нацыяналістаў альбо левых – барацьба за гэтае мы, за права гаварыць ад ягонага імя (знакамітае мы-народ), застаецца ключавой. Тое ж самае адбываецца ў моманты палітычных рэвалюцый, калі жаданне пазбегнуць гэтага «мы» можа ўспрымацца як здрада рэвалюцыі. Але ці не ёсць гэта таксама пэўнай маніпуляцыяй? Калі стаіць ідэя пабудовы новай сацыяльнай і палітычнай структуры (без партый і лідараў, напрыклад), ці не момант вынаходзіць іншыя стратэгіі? Я хачу ўжо зараз думаць складана і прапаноўваю думаць так тым, хто побач. Але на гэта пытанне атрымоўваю адмоўны адказ, таму што ў сітуацыі адсутнасці палітычнага ландшафту – пустэльні, у якую пераўтварылася Беларусь, быццам не магчыма разважаць такімі катэгорыямі: «Вось пераможам, тады і надыдзе момант для палітычных праграм». 
          Але я не хачу чакаць. 

          Калі старое памірае

          На працягу ўсёй кнігі Нора Басонг звяртаецца да ідэі Антоніа Грамшы аб крызісе, які праяўляе сябе ў тым, што старое памерла, а новае яшчэ не нарадзілася, і гэтая паміж-прастора характарызуецца пэўнымі хваробнымі з’явамі. Акрамя таго менавіта ў гэты перыяд вынаходзяцца і розныя спосабы пераходу да новага. Галоўнае пытанне – час, бо крызіс можа цягнуцца, зацягнуцца, але пераход павінен адбыцца, таму што – старое памерла. 
          Нора Басонг ставіць пытанне аб крызісе дэмакратыі, якая стала ўспрымацца як не адзіная магчымасць, альбо, як адзначае аўтарка, дэмакратыя сама пастаянна знаходзіцца ў працэсе самавынаходніцтва. І тое, што можа падавацца паразай, ёсць чарговым этапам яе развіцця. Трэба мужнасць, каб сустракаць гэтыя крызісы і рабіць крок наперад. Нора звяртаецца да свайго пакалення як да таго,  якое акурат прыходзіць да ўлады – павольна, праз супраціў, таму што сівыя мужчыны ў сініх гарнітурах усё яшчэ называюць іх «дзецьмі ва ўладзе». Але тым не менш гэта адбываецца, і разам з гэтым узнікае тое, што аўтарка вызначае як гнуткасць. Нягледзячы на мары юнацтва пра радыкальныя перамены, асабліва што тычыцца экалагічнай адказнасці, пакаленне гнуткіх пагаджаецца на кампраміс (экалогія-але-эканоміка). Таму што першымі аказваюцца не гатовымі да пераменаў? Прыстасаваліся? Не гатовыя губляць прывілеі свайго маленькага буржуазнага жыцця? Так, адказвае Басонг, мы таксама сталі буржуазнымі, «можа не ў традыцыйным разуменні», але. Разам з тым, працягвае яна, такая гнуткасць можа быць карыснай у пошуках вырашэння праблемаў, якія ставіць перад намі сучаснасць – хутка і крэатыўна рэагаваць. У Беларусі мы называем гэта «як вада». Але вада не проста займае існыя пустэчы і прыстасоўваецца. Гэта стыхія, якая адваёўвае прастору для жывога, але ў той жа час можа зруйнаваць тое, што стаіць на яе шляху.  
          «Мы былі свабаднейшымі. Але свабода азначае таксама магчымасць свабоднага падзення», піша Нора. Мы таксама глытнулі свабоды і пачалі падаць. І я гатовая прыняць гэты досвед – навучыцца падаць таксама патрэбна. Пытанне для мяне – якім чынам знайсці баланс паміж сваім асабістым сталеннем і гвалтоўнасцю палітычнай рэчаіснасці, сведкай якой я знаходжуся? Якім чынам магчыма думаць пра тое, што старое памерла, калі гвалт як прыкмета гэтага старога працягвае хвалямі накрываць розныя геаграфіі? Як прымірыцца з ідэяй аб кошце свабоды? Чаму патрэбна плаціць жыццямі за права ўваходу ў іншую будучыню? Тут я маю на ўвазе не камфортны буржуазны свет, але радыкальна іншую будучыню – тую, якая пакладзе канец эпосе дамінавання, сацыяльнай няроўнасці і эксплуатацыі.
          У тым ліку чалавека над іншымі істотамі і рэсурсамі.  

          Канец эры? 

          Адной з балючых умоваў пандэміі для жыхароў заходняга свету стала самаізаляцыя – целы, якія з-за небяспечнасці адно для аднаго, страцілі магчымасць дакранацца, адчуваць, збірацца разам. Дарэчы, спрэчна, што гэта канцэпцыя збору целаў як праявы палітычнай волі дагэтуль застаецца прыкметай дэмакратызацыі. Менавіта колькасць целаў на вуліцах беларускіх гарадоў у 2020 годзе стала паказнікам (для каго?) радыкальнага жадання беларускіх грамадзян да пераменаў. Гэта прывязка да лічбаў заўсёды была для мяне не зразумелай. Чаму патрэбна большасць, калі ў той жа час у розных сусветных арганізацыях дастаткова аднаго голасу, каб паставіць вета? І ў гэтым шмат хто сёння бачыць паразу рэпрэзентатыўнай дэмакратыі. 
          Адваротнае здарылася, калі палітычныя целы беларусаў на працягу апошняга году сталі знікаць з вуліц. Прастора зачышчаная ад целаў – ці сведчыць гэта пра згоду і падпарадкаванне? Вяртанне да «нармальнасці»? А можа пра акупацыю нелегітымным урадам? І тут адбываецца «свабоднае падзенне» палітычных заходніх тэорый, таму што гаворка ідзе не толькі аб тым, што яны не працуюць у аўтакратычных, таталітарных краінах. Але нават у дэмакратычных краінах яны згубілі сваю функцыю, і целы на вуліцы, нават калі яны могуць агучыць сваю палітычную волю, не маюць рэальны ўплыў. Гэта канец Агоры як прыгожай ідэі. Але пакаленне Басонг у адрозненні ад мяне можа хоць бы сказаць, што яны паспрабавалі. А што я? Дзіцёнак распаду сацыялістычных сістэмаў па-той бок сцяны? Не дастаткова белая, не чорная, за мной не стаіць імперскі міф, а каланіяльны нікому не цікавы. 
          Апісваючы тое, якім чынам ёй, маладой даследчыцы, удалося зрабіць адкрыццё ў навуцы, Лін Маргуліс згадвае апісанне жанчыны як «перыферыйнай візіянеркі». То бок акурат той факт, што яна была «на ўскрайку» навукі, у якой дамінавалі мужчыны, і дазволіла ёй убачыць звычайнае па-іншаму. У гэтым плане ў тых, хто сталелі «паміж» розных сістэмаў і асабліва былі адарваныя ад вялікай гісторыі, таксама ёсць перавага. Падрыхтаваныя да крызісаў, мы бачым гэтыя разломы. Вы праўда думаеце, што можна запусціць зялёную эканоміку, пераносячы прадпрыемствы ў бедныя краіны альбо вывозячы туды смецце? Ці пабудаваць сцены, каб спыніць міграцыю? Я гляджу відэа, знятае польскімі памежнікамі праз калючы дрот, на якім беларускія вайскоўцы на беларускім баку моцна збіваюць мігрантаў. Палякі здымаюць відэа як доказ злачынства супраць чалавечнасці, адзін з іх па-руску кажа беларускім памежнікам: «Дапамажыце людзям». Я крычу – дык дапамажы! 
          Ці не прыйшоў час прызнання паразы дзейных палітычных мадэляў і неабходнасці іх сапраўднага рэфармавання? Для гэта патрэбна мужнасць. Не тая, якая дэманструе сябе праз вайсковую форму альбо прыкрываецца прамовамі пра дыпламатыю. Не магчыма паводзіць сябе гуманна ў адной сітуацыі і заплюшчваць вочы на тое, напрыклад, што і да гэтай пары адбываецца на беларуска-польска-літоўскім памежжы. Бо якія б тоўстыя сцены не былі пабудаваныя, пандэмія дакладна прадэманстравала, што гэта чарговае наіўнае «вынаходніцтва» чалавека. Таму што «мы жывем у сімбіятычным свеце», кажа Маргуліс, то бок узаемазвязаныя на самых розных узроўнях. «Дзесьці там» не існуе, «гэта» заўсёды будзе мець уплыў на маё «тут».  
         Што яшчэ мне бачыцца крокам да будучыні – гэта адмова ад гэтага «мы», што зрабіць складана, але неабходна. З аднаго боку, «мы» становіцца ўсё большай абстракцыяй, за якой вельмі зручна схаваць сваю адказнасць. Гэтае «мы» усё часцей аказваецца дэфрагментаваным, таму што акурат не дазваляе думаць складана. З іншага боку, гэтак жа як прыгожыя ідэі супольнасці і калектывізма, «мы» карумпавалася палітычнымі і спажывецкімі лозунгамі. 
          Таму гэта не «мы», але «я» павінна быць мабілізаваная, адказваючы за той сад, які даглядаю. Таму што я веру ў волю і моц менавіта «я», якое сучасныя палітыкі ігнаруюць. 
          І менавіта таму атрымаюць паразу.    

          tell them we don’t know
          of the politics
          or the science
          but tell them we see
          what is in our own backyard
          Kathy Jetnil-Kijiner, «Tell them», 2011

    Weitere Themen

    Belarus – Spurensuche in der Zukunft

    ЧУЖЫНЦЫ

    Паліфанічныя сведкі канца і пачатку

    Пра рыбаў і людзей

  • Пра рыбаў і людзей

    Пра рыбаў і людзей

    Са жніўня 2020 г. беларускі і беларусы выступаюць з пратэстамі за сумленныя і свабодныя выбары ды свае асноўныя правы. За кароткі час паўстаў і дасягнуў гістарычнага значэння шырокі і мірны рух за дэмакратыю і пашырэнне правоў і магчымасцяў грамадзянскай супольнасці. Гэты рух адстойвае права голасу і права на ўдзел у прыняцці рашэнняў. Адбываюцца кардынальныя змены, вынікі якіх яшчэ невядомыя. Аляксандр Лукашэнка спрабуе задушыць пратэст, спыніць змены рэпрэсіямі і гвалтам.

    У гэты складаны час мы гатовыя адважыцца на размову пра будучыню, паспрабаваць знайсці для яе словы і паразважаць пра яе. У праекце «Беларусь — Зазірнуць у будучыню» Дэкодэр (dekoder) у супрацоўніцтве з Фондам С. Фішэра (S. Fischer Stiftung) прэзентуе шэсць эсэ беларускіх аўтарак і аўтараў, што ў літаратурнай і паэтычнай, аналітычнай ці культуралагічнай форме звяртаюцца да тэмы будучыні Беларусі. У перакладзе на нямецкую мову тэксты будуць апублікаваныя на партале Дэкодэр. Адначасова наш медыйны партнёр Colta.ru апублікуе тэксты па-руску. Мастачка Тосла падрыхтуе ілюстрацыі да кожнага эсэ ў рамках ейнага праекту «Вузел Надзеі».

    Беларускі паэт і філосаф Ігар Бабкоў нарадзіўся ў 1964 годзе ў горадзе Гомель на паўднёвым усходзе краіны і з’яўляецца адным з самых уплывовых інтэлектуальных дзеячоў у найноўшай ідэйнай і гуманітарнай гісторыі сваёй радзімы. Творы паэзіі і тэксты Бабкова былі адзначаны шматлікімі узнагародамі. У яго творах асэнсоваецца значэнне беларускай культурнай прасторы як еўрапейскага памежнага рэгіёну і як прасторы, якая знаходзілася і працягвае знаходзіцца паміж імперыямі або на іх межах. Яго хвалюе важнасць фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнага самавызначэння.У час вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны, Бабкоў у сваім эсэ для нашага праекту «Зазірнуць у будучыню» разважае пра гістарычную класіфікацыю гэтага пераломнага моманту, які ўзрушыў Еўропу. Гэта пра абарону разнастайнасці, піша ён. Гэта «вайна за разнастайнасць. Вайна паміж Цэнтральнай і Усходняй Еўропай Кундэры».

    Deutsche Version

    Русская Версия

    «Вузел надзеі» © Тосла

    1. Вайна і мір.

    Існуе меркаванне, што філосафія робіць рэчы больш складанымі, чым яны ёсць самі па сабе. Існуе таксама і іншае: рэчы самі па сабе нам невядомыя, і філасофія проста паказвае іх больш складанымі, чым яны падаюцца звычайнаму чалавеку. 
    Але ў пэўных кантэкстах хочацца быць ясным. Таму пачну з дэфініцыяў.
    Калі мы гаворым пра «рускі мір», мы маем на ўвеце пэўную ідэалагічную дактрыну і адпаведныя практыкі расейскай дзяржавы, якія ў латэнтнай форме прысутныя ў палітычным і культурным поле апошнія дзясяцігоддзі, але напоўніцу выйшлі на паверхню ў 2014 – 2015 годзе. Звычайна мы бярэм гэты новы «рускі мір» у дзвюхкоссе і гэтым абазначаем розніцу з ідэалагічным напаўненнем тэрміна ў папярэдні перыяд, у якім ён тычыўся «культурнай і эканамічнай падтрымкі суайчыннікаў за межамі Расеі», а таксама з агульным сэнсам словазлучэння, якое насамрэч можа значыць што заўгодна (у тым ліку прыгожую ўтопію рускай культуры паверх бар’ераў, межаў і ўладаў).  
    Сённяшні «рускі мір» гэта практыкі брутальнага і агрэсіўнага неаімперыялізма, скіраванага перадусім на бліжэйшых суседзяў, але які таксама нясе ў сабе пэўную агульную, «геапалітычную» візію ўсяго света. Вобраз будучыні чалавецтва, у якой моцныя, уладары свету, эфектыўна і беспакарана дзеляць міжсобку рэсурсы і тэрыторыю. Асноўная канцэптуальная эмоцыя, што ляжыць у аснове «рускага міра» – посткаланіяльны рэсэнтымент, які выходзіць на паверхню, тэматызуецца як крыўда «чаму Расею не любяць», «чаму інтарэсы Расеі не прымаюцца пад увагу», і «чаму пра Расею забылі». Таму войны на перыферыі і спробы дэстабілізацыі глабальнага парадку важныя не самі па сабе, а толькі як інструменты ўвахода Расеі ў храбры новы свет, у якім яна таксама будзе «мець права». На вайну. Хлусню. Забойствы і пасадкі нязгодных. Цынічную ігнаранцыю грамадзкага меркавання. І у якім за гэта з Расеяй будуць «лічыцца».
    Гэты посткаланіяльны рэсэнтымент выспяваў ужо досыць даўно. Адпаведныя сімптомы можна прасачыць з другой паловы дзевяностых. Але пераход да брутальнай і агрэсіўнай фазы адбыўся так раптоўна і нечакана, што стаў сапраўдным шокам для інтэлектуалаў. Як для расейскіх, так і для еўрапейскіх. Нават сёння, праз амаль дзесяцігоддзе,  я не магу прыгадаць аніводнага ўзорнага рэфлексіўнага тэкста, – нямецкага ці французскага, у якім былі б не проста спробы сітуацыйна апісаць, што адбываецца, і паставіць дыягназ, хто вінны, але ўбачыць за ідэалагічнай канцэпцыяй пэўны тып мыслення, зразумець, як ён працуе. 
    Выявіць асноўныя схемы і канцэпты, і, урэшце рэшт, паставіць пытанне пра новую эпоху, у якую мы відавочна ўляпаліся з нашых вясёлых постмадэрнізмаў і значна менш вясёлых посткамунізмаў.
    Тэкста, у якім была бы крытычная рэфлексія, альбо нават дэканструкцыя практыкаў імперскага мыслення, а не проста калькуляцыя рызыкаў і наступстваў. Бо імперыя перш за ўсё здараецца ў мысленні, у галовах і тэкстах, і толькі потым пачынае працу ў палітычнай і эканамічнай рэальнасці. Імперыя гэта не толькі войскі, спецслужбы, каланіяльная адміністрацыя. Але і каштоўнасці, эмоцыі, культурныя коды. Карціна свету, якая навязваецца як універсальная.
    Што больш важна, у сучаснай інтэлектуальнай прасторы Еўропы адсутныя не толькі рэфлексіўныя тэксты. Адсутнічае мейсца, з якога магла б паўстаць такая рэфлексія. І мова, у якой гэтая крытычная рефлексія магла б адбыцца.
    Гэта выглядае дзіўным, бо ў цэлым у XX стагоддзі у Еўропе назіралася перавытворчасць крытычнай тэорыі. Але сёння мы разумеем без дадатковых аргументаў: і гегемонія неамарксістаў, і франкфуртцы, і Бадрыяраўскія сімулякры, і нават цынічны розум Слатэрдайка з лакан-атракцыёнамі Жыжэка не ў стане апісаць новую рэальнасць, якую агаліла расейска-украінская вайна і беларуская рэвалюцыя. 
    І мы ўжо гатовыя прамовіць праўду: мы не разумеем, што з намі адбываецца, у якую эпоху мы ўступілі.

    ***

    Тут паўстае спакуса сказаць: адным з такіх месцаў мыслення, з якіх бачная будучыня, выступае сёння ўсходнееўрапейскае памежжа. 
    А мовай, якая дазваляе канцэптуальна гаварыць пра новую эпоху, можа быць мова беларускай і ўкраінскай (посткаланіяльнай) тэорыі, якая афармляе і канцэптуалізуе досвед сутыкнення з імперыяй. Выжывання ў гэтым сутыкненні. Адстойвання сваёй суб’ектнасці і сваёй непадобнасці. 
    Бо менавіта гэта і ёсьць самым дзіўным: нягледзячы на два стагоддзі няспыннай імперыі за работай, усходнееўрапейскае памежжа не толькі не знікла, не расплавілася ў плавільным катле імперыі і савецкага народа, але наадварот, умацавалася ў сваёй парадыгмальнай інакшасці.  
    І сёння выступае не столькі як лакальнасць, колькі як сапраўдная канцэптуальная альтэрнатыва «рускаму свету».
    Калісці Мілан Кундэра, у класічным тэксце пра трагедыю Цэнтральнай Еўропы супрацьпаставіў парадыгму «максімальнай разнастайнасці у межах найменшае прасторы», якую ён назваў цэнтральнаеўрапейскай, «найменшай разнастайнасці ў межах найбольшае прасторы», якая тады тычылася СССР. 
    Мы маглі б сказаць, што ўсходнееўрапейскае памежжа – гэта не проста абарона Ўкраіны. Ці падтрымка беларускай рэвалюцыі. Але перадусім абарона разнастайнасці. Вайна за разнастайнасць. Вайна кундэравых Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

    ***

    У Беларусі традыцыя крытычнай дэканструкцыі ўсходняга суседа мае доўгую інтэлектуальную гісторыю, зашыфравана ў базавых міфах ідэнтычнасці і, можна сказаць, распачынаецца разам з самім беларускім праектам. Які ёсьць не проста стандартным праектам паўставання нацыі, з істотным сацыяльным складнікам (сацыяльнае вызваленне беларускай вёскі), але і праектам выразна антыкаланіяльным  (такое вызваленне немагчымае без дэмантажу структураў імперскага прыгнёту). 
    Пачынаючы ад Міцкевіча, які першы ў тутэйшай традыцыі распачынае крытыку імперыі (перадусім у «Дзядах», але таксама ў «Кнігах польскага народа», у публіцыстыцы 1830-х), праз Купалу, «Тутэйшыя» якога могуць выступаць класічным прыкладам літаратуры, што даследуе каланіяльную траўму, Абдзіраловіча і Самойлу, якія распрацоўвалі адмысловую метафізіку беларускай анты- і пост-каланіяльнай суб’ектнасці, ажно да класічнага тэкста Зянона Пазняка «Аб расейскім імперыялізме і яго небяспеках» і цэлай плоймы посткаланіяльнай аналітыкі канца дзевяностых, – тутэйшыя інтэлектуалы зноў і зноў ставяць адпаведныя пытанні і даюць на іх усё новыя версіі адказаў.
    Раз-пораз нават пачынае здавацца, што ў культуры ўсяго гэтага зашмат. І асноўная задача цяпер «забыць пра імперыю», перайсці нарэшце ў рэжым нармальнасці, прыгадаць, што мы «ўсе разам ляцім да зор».
    Але як толькі інтэлектуалы спрабуюць рэалізаваць гэтую задачу, гісторыя робіць новы віток, і мы зноў, як у дні сурка, прачынаемся ў адным ложку з Імперыяй, пакутліва прыгадваем учорашні дзень і спрабуем зразумець, чым гэтым разам усё скончыцца.

    ***

    Піянерамі ў дапасаванні заходняй посткаланіяльнай тэорыі да ўсходнееўрапейскага памежжа была украінская дыяспара. Аўстраліец Марко Паўлышын, амерыканка Аксана Грабовіч ды іншыя стварылі напачатку дзевяностых першыя тэксты, у якіх ясна паказалі, што і Франц Фэнан, і Саід, і нават Гомі Баба, – усё гэта і пра нас таксама. Але паўставанню тутэйшай тэорыі мы абавязаны двум кіеўскім інтэлектуалам: Аксане Забужка і Міколу Рабчуку. Менавіта яны вывелі посткаланіялістыку з акадэмічнага гета, пераўтварылі ў логіку і стратэгію культуры, у культурную палітыку. Канцэптуальна Ўкраїна ўжо ад канца 90-х была гатова да сітуацыі «пасля імперыі».
    На расейскай інтэлектуальнай сцэне сітуацыя менш суцяшальная. Толькі тры прыклады.
    У 2006 годзе ў Маскве выйшаў расейскі пераклад кнігі Эдварда Саіда «Арыенталізм». Выдавецтва, якое выдала кнігу, называлася «Русскій мір». У прадмове звярталася ўвага на тое, што Саід палестынец,  крытыкуе Захад і ў гэтым сэнсе калі не саюзнік, дык пэўна «папутчык» нашай імперыі. Адзінае, пра што не гаварылася зусім, гэта тое, што кніга Саіда спрычынілася да паўставання аднаго з самых моцных і эфектыўных дыскурсаў, у якім імперыя (усе імперыі) выступае аб’ектам крытыкі і дэканструкцыі.
    У гэтым жа 2006 годзе ў Петэрбурзе майстэрня Зіцянкоўскага пры БДТ паставіла п’есу Браяна Фрыла Translations. Аўтар расейскай версіі Стронін пераклаў назву як «Нужен перевод». Сама п’еса Фрыла даўно вывучаецца ва ўніверсітэтах як  посткаланіяльная класіка. У ёй паказана, як імперская ўлада гвалтоўна перапісвае прастору, ламаючы не толькі геаграфію і культурную традыцыю, але і жыццёвыя светы насельнікаў. І, у гэтым сэнсе, больш неадэкватнага разумення яе паслання, чым «нужен перевод», быць не можа.
    І, нарэшце, у 2011 годзе ў Кембрыджы выходзіць кніга Аляксандра Эткінда «Ўнутраная каланізацыя. Імперскі досвед Расеі», дзе аўтар ставіць задачу дапасаваць інтэлектуальны апарат посткаланіялістыкі да інтэлектуальнай гісторыі Расейскай Імперыі. Адразу скажу: пры ўсёй сімпатыі і павазе да аўтара, і пры ўсіх іншых вартасцях гэтай кнігі, у сваёй посткаланіяльнай частцы гэта поўны правал. Аўтар адразу зыходзіць з каланіяльнай прэзумпцыі, што «гэта ўсё Расея, якая сама сябе каланізуе», маргіналізуючы і выцясняючы не проста іншую канцэптуальную оптыку, але і ўсе тыя рэальныя народы і тэрыторыі, якім «пашчасціла» апынуцца ўнутры.
    Гэтыя тры гісторыі паказальныя для разумення расейскай інтэлектуальнай сцэны апошніх дзесяцігоддзяў. Яны для мяне звязаныя адным ланцугом, дэманструюць адну логіку культуры, адзіны тып мыслення.
    І ўсе тры – гісторыі несустрэчы. Не толькі з Саідам, Фрылам і акадэмічнай посткаланіялістыкай. Але перадусім несустрэчы з сваімі бліжэйшымі суседзямі. З Беларуссю і Ўкраінай.

    2. Рыбы і людзі

    Я не рыба, я іхтыолаг, заўважыў дакладчык.
    Гэта быў прафесійны жарт. Мы сядзелі ў закрытым зуме, на семінары, абмяркоўвалі даклад пра беларускую рэвалюцыю. Ён быў адносна кароткі. Першыя паўгадзіны пра культурсацыялогію (каб стварыць інструменты). Потым дзесяць хвілін пра жнівень 2020 (каб нагадаць кантэкст). Напрыканцы канцэптуальнае: гэта была рэвалюцыя відовішча. Яна не мела ніякага сацыяльнага альбо палітычнага зместу, апрача ўласнай фенаменальнай перфарматыўнасці. Народ проста паказаў сябе. Выйшаў на сцэну гісторыі. Пагуляць па яе вуліцах і завулках. 
    У мяне заняло мову. А потым ледзьве не здарылася гістэрыка. Не толькі таму, што ўсё была праўдай: дакладна так мы і рабілі.  Але гэта была тэза, з якой варта пачынаць думаць. Ставіць пытанні. А дакладчык завяршаў ёй свае развагі, і далей збіраўся думаць толькі пра тое, як і дзе друкаваць свае доследы.
    Зрэшты, прэтэнзіяў быць не магло. Дакладчык быў іхтыёлагам. 

    ***

    Для тутэйшых іхтыолагаў былі цудоўныя дні. І яны іх заслужылі. Дзесяцігоддзі ім недадавалі ўвагі і вартасці. Беларусь як аб’ект даследаванняў існавала недзе на ўскрайку. Апошяя дыктатура, дэнацыяналізаваная нацыя. Так дзіўна, што вы ўвогуле яшчэ жывыя. А потым прыйшоў 2020 год і ўсё стала на патрэбныя месцы. 
    Цяпер яны рыхтавалі даклады і паведамленні, арганізоўвалі канферэнцыі, выдавалі зборнікі. Рэвалюцыя стала моднай тэмай. Да таго ж яна відавочна скончылася, завершылася, стала мёртвым аб’ектам. Можна дапісваць манаграфіі, не баючыся, што фінал паставіць пад пытанне высновы.
    З рыбамі было больш складана. У нас не было такога аптымістычнага самаадчування.

    ***

    На нашых вачох рассыпаліся ўдрызг спробы зразумець, што з намі адбываецца. Мы вялі семінар ад самага пачатку і прайшлі у ім усе стадыі. Ад эйфарыі і ўзнёсласці першых сустрэчаў, праз волю да веды падчас кульмінацыі, да трывогі і дэпрэсіі часоў пагрому.
    Напачатку былі ідэі і схемы пра ўсіх, здавалася, яшчэ вось вось, і мы зразумеем. Потым пачаліся карпаратыўныя гульні. Кожны хацеў адгрызьці свой кавалачак славы. 
    Феміністкі напісалі, што гэта была жаночая рэвалюцыя. І адразу з’ехалі.
    Прагрэсіўныя лібералы напісалі, што гэта іх рэвалюцыя, яна ўсіх вызваліла і цяпер усе свабодныя. Кансэрватары былі больш падазроныя. Яны не сумняваліся, што народ гераічны, а вось кіроўцы відавочна не тыя, і вялі не туды. І яны вагаліся: ці то хваліць народ, ці то ругаць «выпадковых лідараў». 
    Былі яшчэ творцы. У іх былі свае версіі. 
    Трагікамізм сітуацыі палягаў на тым, што ўсе мелі рацыю.
    І феміністкі, і прагрэсісты з кансерватарамі, і нават паэты.
    Рэвалюцыя ўсім дала болей, чым магчыма. Але на пэўны час.
    Цяпер гэты час відавочна прамінуў. І было страшна. Што рэчы, якія выглядалі золатам і блёсткамі на рэвалюцыйнай сцэне, акажуцца, у святле новай эпохі, мішурой і падманкай.

    ***

    Усё дайшло да кульмінацыі, а далей плаўна ўніз па колу. У зону звыклага, звычайнага. Вярнулася на свае месцы. Можна было агледзецца і падбіць рахункі. Карцінка была не для людзей са слабымі нервамі.
    Мы былі на руінах. Па асфальце лязгалі расейскія танкі. Было няясна, ці гэта ўжо акупацыя надоўга, ці ўсё яшчэ ёсьць шанец. 
    Карпаратыўныя гульні сцішыліся. Ніхто не пісаў цяпер, што гэта былі «мы». Сапраўды. У турмах сядзела больш за тысячу закладнікаў. Адна палова краіны шчыра ненавідзела другую. Журналісты, захлынаючыся эмоцыямі, пісалі пра вайну. 
    Як мы да гэтага дайшлі? Пасьля ружаў і  абдымкаў, чаяванняў у дворыках і салодкіх мрояў пра перамогу. І яшчэ адно. Пытанне, якое мы баяліся задаць нават шэптам. 
    Хто возьме на сябе адказнасць за ўсё гэта?

    ***

    Пра рыбаў — вельмі добра, напісаў я ў чаце.  
    Толькі вось я не іхтыолаг. Я — рыба.
    І, здаецца, самы час адплываць у глыбіні.

    ***

    Яшчэ ўчора Менск нагадваў міжваенны Парыж: паўставалі і знікалі кавярні, кнігі і перфомансы ліліся ракой, айцішнікі дапамагалі катам і сабакам, сярэдні клас скупаў маёмасць і падарожнічаў. 
    Як і чаму ўсё гэта знікла?
    Як і чаму ўлада, якая амаль перамагла, інтэгравала ў сябе ўсе формы супраціву, раптам знішчае свой уласны праект і бадзёрым крокам ідзе да самагубства, па дарозе заганяючы ўсіх у канцлагер імя Джоржыа Агамбена? 
    Гэта ўсё зрабіў ён, гаворыць А. Кіраўнік Газпрамбанка. Трэба быць поўнымі ідыётамі, каб паверыць, што ён сапраўды збіраўся перамагаць. Не кажучы пра рэвалюцыю. У лепшым выпадку, самым аптымістычным, адгрызці свае 10 працэнтаў і засесці ў парламент. З белымі стужкамі і падтрымкай Расеі. 
    Самае страшнае было б, калі б у яго атрымалася. Тады б мы мелі краіну не з двух бакоў, як цяпер, а толькі з аднаго. Турмы таксама былі б поўныя, але там бы сядзелі «эти ваши националисты».
    Гэта ўсё канспіралогія, гаворыць Б. Так не бывае.
    Так, канспіралогія, пагаджаецца А. Але бывае і не такое.

    ***

    Проста завяршыўся посткамунізм, гаворыць С.
    Дзесяцігоддзі катастроф і расчараванняў, якія мы заядалі чакалядкамі. Нас амаль трыццаць год трымалі на падкормцы. Эмоцый, чаканняў. Яшчэ крыху і мы пераможам. Будзе нашая ўлада.
    Усё гэта спакушала. Хаця адразу было ясна: няма ніякага «мы», якое перамагае. І ўлада ніколі не бывае «нашай». Як толькі туды прыходзяць «нашыя», з імі адбываецца штосці дзіўнае, і яны адразу становяцца «нянашымі».
    Пачыналася з адчування радасці. Будучыня зусім побач, яна ўжо здарылася з нашымі суседзямі. Засталося проста добра зрабіць хатняе заданне. Быць такімі як усе. 
    Потым гісторыкі напішуць, што сярэдні клас на Захадзе ішоў на дно ад 1972 года. Што за фасадам была няроўнасць і несправядлівасць. Што ўсё было падгнілае. А пасля 2008/9 пачало асыпацца на вачох. Што Ўсходняя Еўропа рана радавалася, калі падплыла на лядашчых баркасах да вялізарнага лайнера, з аркестрам на верхняй палубе. Бо гэта быў Тытанік.
    Зло пад мікраскопам, — гаворыць С., вось што самае важнае. Гэта галоўны вынік, для нас і ўсяго света. Раптоўна змяніліся дыоптрыі, і ўсім стала відавочна, ва ўсёй агіднасці: у свеце пануе зло.

    ***

    Што б там не напісалі іхтыолагі, я ведаю галоўны сакрэт беларускай рэвалюцыі. Але пра яго не раскажаш нават шэптам. Бо прамоўленыя словы адразу мяняюць свой сэнс. А напісаныя ды й дакладна не тыя. І ўсё ж.
    Гэта было Паўстанне Рыб. Рэвалюцыя Антыпалітыкі. 
    Не штурм, не захоп улады. А паспяховы сыход з Замка. Уцёкі ў будучыню. 
    Мінулае гэта заўсёды сацыяльны праект. Супольная памяць, якой лёгка маніпуляваць. З будучыняй больш складана. Будучыня гэта надзея. Спадзяванне. І магчыма вера.
    Будучыня адкрываецца не з-за таго, што хтосці яе прыдумаў альбо сканструяваў. А з-за таго, што ў чалавечай душы ёсць гэтае месца. І яно раптам рэагуе. На дабрыню. Радасць. 
    У гэтым сэнсе бязмэтна і безсэнсоўна хадзіць па вуліцах не такі глупы занятак: вярнуць сабе будучыню, – вось што было сапраўдным зместам рэвалюцыйных уцёкаў.
    Тыя, хто туды сыйшоў, назад не вярнуцца.

    ***

    Толькі гэта і мае сэнс, для любой рэвалюцыі: патрабаваць немагчымага.
    Быць на ўзвышэннях разам з ветрам, падмываць муры разам з хваляй, практыкаваць свабоду разам з аблокамі. 
    Не супадаць ні з чым, ісці адасоблена. Быць заўсёды насустрач, а не насуперак.
    Не супраціўляцца стыхіям, а скарыстаць іх магуту.
    Напісаць новыя правілы для кіравання розумам.  
    Забараніць геапалітыку і пост-праўду.
    Журналістам выпісваць прымусовы курс медытацыі за спробы торгаць эмоцыямі.
    І паўтараць на ўроках пачатковай школы:
    Мы не іхтыолагі. Мы рыбы.

    3. Она утонула

    — Господін презідент, что проізошло с Россіей?
    — Она утонула.

    Weitere Themen

    Belarus – Spurensuche in der Zukunft

    ЧУЖЫНЦЫ

    Паліфанічныя сведкі канца і пачатку

  • Паліфанічныя сведкі канца і пачатку

    Паліфанічныя сведкі канца і пачатку

    Са жніўня 2020 г. беларускі і беларусы выступаюць з пратэстамі за сумленныя і свабодныя выбары ды свае асноўныя правы. За кароткі час паўстаў і дасягнуў гістарычнага значэння шырокі і мірны рух за дэмакратыю і пашырэнне правоў і магчымасцяў грамадзянскай супольнасці. Гэты рух адстойвае права голасу і права на ўдзел у прыняцці рашэнняў. Адбываюцца кардынальныя змены, вынікі якіх яшчэ невядомыя. Аляксандр Лукашэнка спрабуе задушыць пратэст, спыніць змены рэпрэсіямі і гвалтам.

    У гэты складаны час мы гатовыя адважыцца на размову пра будучыню, паспрабаваць знайсці для яе словы і паразважаць пра яе. У праекце «Беларусь — Зазірнуць у будучыню» Дэкодэр (dekoder) у супрацоўніцтве з Фондам С. Фішэра (S. Fischer Stiftung) прэзентуе шэсць эсэ беларускіх аўтарак і аўтараў, што ў літаратурнай і паэтычнай, аналітычнай ці культуралагічнай форме звяртаюцца да тэмы будучыні Беларусі. У перакладзе на нямецкую мову тэксты будуць апублікаваныя на партале Дэкодэр. Адначасова наш медыйны партнёр Colta.ru апублікуе тэксты па-руску. Мастачка Тосла падрыхтуе ілюстрацыі да кожнага эсэ ў рамках ейнага праекту «Вузел Надзеі».

    Паэтка і перакладчыца Ганна Комар нарадзілася ў Баранавічах у 1989 годзе і з’яўляецца адным з самых важных літаратурных галасоў свайго пакалення ў Беларусі. У сваім эсэ яна закранае пытанне, якімі моўнымі сродкамі можна апісаць тое, што адбылося на яе радзіме з пачатку пратэстаў летам 2020 года: вершамі ці прозай? Ці можна ўвогуле перадаць жахлівае  абуральнае мовай так, каб закласці фундамент для будучыні? «У нас увесь час скрадаюць мінулае, таму мы не можам яго адпусціць.»

    Русская версия
    Deutsche Version

    «Вузел надзеі» © Тосла
    «Вузел надзеі» © Тосла

    Беларусь 2020-2021 — як дакументальная паэзія: гэтая літаратурная форма нарадзілася даўно і жыла сваім патаемным жыццём, заўважным у асноўным рэдактарам літаратурных часопісаў ці акадэмічнай праслойцы, збольшага заходняй, доўга лічылася маргінальнай і не была прызнанай, вакол яе бясконца вяліся — і дагэтуль вядуцца — дэбаты датычна генэзіса і месца ў прасторы. Амерыканская дакументальная паэзія, да прыкладу, палітызавалася, стала больш сацыяльна актыўнай, перайшоўшы ад чыстага лірызму да гібрыдных формаў, стала звяртацца да гісторыі, фальклора, рэпартажу — у 1920-1930 гг1. Беларусь — у 2020. 

    Дзеля таго каб стварыць новы дакументальны верш, трэба разбурыць першапачатковы тэкст альбо тэксты. Пашырыць сінтаксічную спалучальнасць. Канкрэтызаваць сэнс на іншым узроўні. 

    «Напаўразбураная паэтычная мова застаецца сістэмнай і моцна трывае сувязі, якія прыцягваюць адно да аднаго прадметы і паняткі, азначальнікі і азначаныя, аб’ядноўваючы вобразныя сістэмы розных шэрагаў для стварэння мастацкага выказвання, адэкватнага сістэме свету, пра які вядзецца гаворка…»2

    Я разбураю і пераствараю, каб захаваць.

    Мне патрэбныя іншыя тэксты людзі, каб зазірнуць у будучыню Беларусі, таму што мяне паралізуе само гэтае слова — «будучыня». Сустрэцца з невядомасцю, трывогай, пражыць іх, прапусціць праз рэшата волі і пакінуць спакойнае, разважлівае, надзейнае пачуццё заземленасці. У такім стане значна лягчэй жыць, трансфармаваць і будаваць — будучыню… 


    Мантаж, рытмізацыя, фрагментацыя.

    «Хутка пераможам», — паўтаралі мы пры кожнай сустрэчы і планавалі жыццё на пасля. Выдаць кнігу, паставіць спектакль, схадзіць патанцаваць, змяніць працу, закахацца, выспацца… вось пераможам — і тады. Да першага марша, да Новага года, да вясны, да гадавіны праэстаў… 

    Гэтым «хутка пераможам» ці не адцягвалі мы момант, калі прыйдзецца прымаць рашэнне і браць на сябе адказнасць канчаткова і незваротна: калі краіна будзе належаць нам, што тады? Тады нам не схавацца ад таго, наколькі мы ўсе розныя і наколькі нашыя стасункі прасякнутыя культурай прымусу і гвалту, таксічнасцю. Што калі  ў мірны час мы не зможам дамовіцца і нашая салідарнасць застанецца салодкім успамінам, амаль сном? 

    У адной калоне маршыравалі побач вернікі і не, людзі з ЛГБТК супольнасці і гамафобы, чайлдфрі і пралайф, эмігранты і ксенафобы, феміністкі і сэксісты… Мы хацелі застацца ў гэтым кайфовым моманце ўздыму — самы натуральны, якасны «стаф». «Перамога» ўяўлялася нам магічнай палачкай, якая аўтаматычна вырашыць праблемы. Можа быць, насамрэч большасці з нас хацелася вярнуцца да сваіх «катлет» — што б мы ні мелі на ўвазе пад гэтым эўфемізмам: догляд за сям’ёй, напісанне кніг, кіраўніцтва бізнэсам альбо мноства іншых варыянтаў ды іх камбінацыі. Ці не таму столькіх абурала гэтае жаданне, выказанае ўголас той, на каго мы накіравалі столькі ўласных праекцый?  


    Вертыкальныя прабелы.

    Памяць — гэта здольнасць мозгу ўтрымліваць і добраахвотна ўзнаўляць інфармацыю. Іншымі словамі, здольнасць, якая дазваляе нам узгадваць падзеі, думкі, адчуванні і паняткі, што адбыліся, і ўзаемасувязь паміж імі. 

    Кастрычнік 2021. Цэнтр Лондана. Я стаю пад універсітэтам і размаўляю са студэнтам з Малдовы — пра перамены, якія надышлі ў іхнай краіне праз 30 гадоў барацьбы, пра першую прэзідэнтку, на якую сапраўды можна пакласціся, пра Беларусь. Я эмацыйна — бы на памосце — расказваю, што, калі пастаянна, патрошку рухаць груз у накірунку ўрвішча, то рана ці позна ён туды ўпадзе. Я заканчваю думку і падымаю вочы на дарогу — шэраг велізарных цёмна-шэра-зялёных машын спыніўся насупраць. Не дыхаю. Спінай ведаю, што за мной дзверы і я туды магу бегчы. Я разумею, што гэта не аўтазакі і з іх не вываліцца АМАП. Гэта не за мной, гэта не за кім.  «Дыхай, мая харошая, дыхай і не драматызуй». 


    Блэкаўты.

    Калектыўная памяць фармуе ідэнтычнасць супольнасці і яе дзейнасць, а таксама дазваляе пазбегнуць памылак у будучыні.3 

    Мы такія, якімі нас вучылі быць: «бедакі, небаракі, наіўныя, бездапаможныя, крыж наш цяжкі і несці нам яго, пакуль не знойдзем канец вясёлкі…» Кароткі пераказ школьнай праграмы па беларускай літаратуры — прадуманая палітыка знішчэння волі і прагі да жыцця. Так мы і раслі, і жылі ў стане вывучанай бездапаможнасці, няўпэўненыя ў сваіх сілах, у сваім праве задаваць пытанні, адмаўляцца, шукаць іншыя варыянты, прэтэндаваць на лепшае. Такой была нашая калектыўная памяць. 

    Тое, што мы напішам цяпер, і тое, што прачытаюць новыя людзі, — сфармуе нашую новую калектыўную памяць. У гэтым новым сезоне пасталелыя героі ды гераіні не дазволяць абясцэніць іхны досвед. Яны давялі справу да канца — могуць сабе дазволіць дыктаваць. Дыктуйце — я гатовая, каб праз мяне вы расказалі, як вам было страшна і як вы пераадолелі страх.


    Абрывы, разрывы словаў, закрэсліванне.

    Будучыня — патрэба вышэйшага парадку, яе не задаволіш, пакуль не пакрытыя базавыя — напрыклад, мінулае. 

    17 верасня 2020 года я выйшла з ізалятара ў Жодзіне пасля дзевяці сутак арышту. Калі затрымлівалі, мне не было страшна, але было пасля — што зноў пасадзяць. 27 верасня я гадзіну прасядзела ў кватэры, спрабуючы па-за дрэвамі ў акно назіраць за тым, што адбываецца вакол Стэлы, чытаючы навіны пра аўтазакі і затрыманні па дарозе на марш, баючыся выйсці з дому. Пасля надзела ўсё цёмнае ды старую куртку, якую не шкада, і выйшла. Бы цёплы вецер у твар — паток людзей, што рушылі да Стэлы: спакойна і ўзважана, упэўнена. Людзей, якія памяталі, навошта яны выйшлі з дому — вярнуць сабе будучыню. 

    Будучыні не бывае без мінулага. Мінулага, якое — як бацькоўскі дом, дзе на сценах яшчэ паклееныя шпалеры з твайго дзяцінства і захаваўся твой аднавокі мяккі зайка, дзе ў скрынях знойдзеш свае старыя дённікі, у якіх пісала пра першае каханне і здраду, куды ўклейвала любімыя вершы, выразаныя з газет, і пялёсткі першай падоранай ружы. Туды можна прыехаць, натаптацца свежага батона з малінавым сочывам, запарыць зёлак у старэнькі эмаліраваны кубачак і заліпнуць у акно на снег, які кружится, летает и тает… Там спакойна і надзейна. Туды можна вярнуцца, калі адчуеш, што забываешся, кім ты ёсць.

    Калі часта пераязджаеш, бо не маеш уласнага дому, то не захоўваеш рэчаў — дзённікаў, фотаальбомаў, маміных сукенак — доказаў таго, што ты не прыдумала дзяцінства і ўспаміны. Калі жывеш у сваім уласным доме, то захоўваеш рэчы, раскладаеш і выстаўляеш на бачным месцы, з гонарам. У тых, хто адчувае сябе гаспадарамі на Радзіме, немагчыма скрасці гісторыю і памяць. А я прачынаюся з думкай пра спіс з некалькіх соцень работнікаў культурных інстытуцый, якіх загадана звольніць, і з жахам думаю: хто будзе працаваць у Музеі Максіма Багдановіча?.. і што калі ўсе архівы знішчаць? Усе-усе… І ці падумалі пра гэта работнікі музеяў, ці зрабілі сканы… Усяго-усяго… 

    У нас увесь час скрадаюць мінулае, таму мы не можам яго адпусціць. Мы прымацоўваем сябе да яго ланцугамі, як абаронцы прыроды: будзеце вывозіць наш лес — толькі разам з намі. Немагчыма адпусціць тое, чаго ў цябе ніколі не было ўволю — будзеш шукаць гэта ў іншых мовах, ландшафтах, у бяспецы і магчымасцях, але мінулае заўжды будзе на крок апярэджваць цябе. 


    Безпрабелавасць.

    Адзін з нядзельных маршаў; людзі са сцягамі, музыкай, плакатамі і крычалкамі шпарка рухаюцца па праспекце. Я зайздрошчу іхным трапным, смешным, іранічным плакатам. Іх паэтычнасці, сцісласці, дакладнасці. Хтосьці пачынае крычалку — і я падхопліваю. Якая палёгка, што на гэтым іспыце можна выбраць варыянт з прапанаваных, а не пісаць свой. Адчуваю сябе маленькім светлым зомбі.

    За што я выходзіла? Спачатку пра гэта не думалася, проста так было патрэбна. Прыйсці і ўбачыць, якой яна насамрэч можа быць — мая Беларусь. Зрабіць унёсак у тое, каб ідэальны праект стаў рэальнасцю. З таго часу я спачатку кажу «Беларусь», а пасля называю ўласнае імя. Таму што баюся страціць яе. А сябе?

    Будучыня — гэта там, дзе ў мяне ёсць уласнае імя. Дзе ў мяне ёсць права быць. Дзе свет робіцца лепшым проста таму, што я не здраджваю сабе. Дзе ў мяне для гэта ёсць магчымасці. 

    Я не магла ўявіць будучыню — але выходзіла за магчымасць яе мець. 


    Паліфанічны сведка.

    Я замаўкаю. Шмат нагаварыла, ды ўсю праўду не сказала. Мне страшна, што ў нас не атрымаецца давесці справу да канца, — вось тое, што я баялася вымавіць.  

    «Праўда — заўсёды рэальны крок да вызвалення»4. Праўда не можа і не павінна належаць толькі мне, і я не адзіная, каму ёсць што сказаць. Будучыня — дакументальны верш, напісаным намі, такімі рознымі, разам. 

                      Краіна без рудыментаў
                                                           чалавеканенавісныхсаўковых!
                          Мужчыны могуць гуляць па праспекце сталіцы, узяўшыся за рукі!
                  Усе размаўляюць па-беларуску!         Ніякага знішчэння катоў/сабак!
                                    Социальное государство,            Без идеологии!
    Без шор! 
                                                      а не его патерналистское подобие!
    Принятие решений, в которых заинтересовано большинство!
                                                  Беларуская моладзь адчыніць дзеля сябе цывілізацыю!
                                                                                                 Без масавага піяцтва і алкагалізму!
    Алфавит перевели на латинку и возрадили униатство!             Дабрабыт!
                                              Дворовые сообщества!    Предприятия — сообществам рабочих!
               Экологичность!
    Напісаная за гэты час літаратура зрабілася прыкладам і сімвалам на невядомых нам мовах для невядомых нам людзей!
                                                                                       Шчаслівыя бабулі з дзядулямі!
                                                                    Закон!
    Спяваць, танчыць і абдымацца на ўсіх вуліцах і плошчах!    
                                                  Без ксенофобии в независимых медиа!
                                                                          Вялікая сонечная сям’я!
                                 В школах и универах — разные формы самоуправления!
               Справядлівае грамадства!
    Ты не баішся позіркаў, не напружваешся, што цябе могуць убачыць, заўважыць, не тады і не тыя…!                       
                                                                           Социальная и культурная инклюзивность!
                                       Мы агульная дэмакратычная сям’я!
    Людзі на вуліцах не здзіўляюцца добрым словам ад незнаёмых!
              Усе сферы рэфармаваныя і пабудаваныя на прынцыпах павагі правоў чалавека!

                                                         — Не варта агучваць, бо не збудзецца.
                                                         — ?
                                                         — Галактычная імпэрыя.
                                                         — ?
                                                         — Праўда, канешне.
     

    Аўтарка дзякуе ўсім, хто падзяліліся з ёю сваімі марамі і ўяўленнямі пра будучыню Беларусі.
     


    1. См. Новое Литературное Обозрение: «Экспонирование и исследование, или Что происходит с субъектом в новейшей документальной поэзии: Марк Новак и другие»  
    2. Darija Suchovej (2008): Grafika Sovremennoj Russkoj Poėzii, St. Petersburg.
    3. William Hirst, Jeremy K. Yamashiro, Alin Coman (2018): Collective memory from a psychological perspective.
    4. Karlas Šėrman (2021): «Блуканец»

    Weitere Themen

    Hier kommt Belarus!

    Am Ende eines Sommers

    DIE FREMDEN

    Zukunftsnostalgie

    Brief an Papa

    Bystro #31: Verfassungsreform in Belarus – Machtverlust für Lukaschenko?

    Krieg oder Frieden