дekoder | DEKODER

Journalismus aus Russland und Belarus in deutscher Übersetzung

  • Беларусь і прывіды дзікага паляваньня

    Беларусь і прывіды дзікага паляваньня

    Андрэй Хадановіч, 1973 года нараджэння, — адзін з самых вядомых прадстаўнікоў сучаснай беларускай паэзіі. Яго паэзія адрозьніваецца гульнёй слоў, гумарам, стылістычнымі эксперыментамі і адчувальнай глыбінёй рэзкасьці. 

    Хадановіч пераклаў на беларускую мову вершы і творы ангельскіх, францускіх, польскіх і ўкраінскіх паэтаў, такіх як Сяргей Жадан і Юрый Андруховіч. Ён вядзе папулярны YouTube-канал, на якім не толькі расказвае пра класікаў беларускай літаратуры і культуры, але і абмяркоўвае грамадзка-палітычныя тэмы. Гэты канал беларускія ўлады ў кастрычніку 2023 года палічылі «экстрэмісцкім», то бок фактычна забаранілі.

    Як і многія дзеячы беларускай культуры, Хадановіч у выніку рэпрэсій быў вымушаны пакінуць радзіму і зараз жыве за мяжой. У сваім эсэ для нашага сумеснага з Фундацыяй С. Фішэра праекта «Беларусь – Зазірнуць у будучыню» ён расказвае пра забароненую ў Беларусі літаратуру і пісьменьнікаў. Пры гэтым паэт сутыкаецца з амаль звышнатуральнымі сведчаньнямі таго, што літаратура і рэальнасьць заўсёды крочаць поруч.

    Deutsche Version

    «Вузел надзеі» / © Тосла
    «Вузел надзеі» / © Тосла

    Чаму ў сёньняшняй Беларусі забараняюць кнігі і сустрэчы зь іх аўтарамі, мастацкія выставы і музычныя канцэрты? Чаму людзі слова зноў і зноў апынаюцца за кратамі, і заўважная частка нашага сучаснага пісьменства — як, дарэчы, і стогадовай даўніны класіка — турэмная літаратура? Чаму беларуская мова дыскрымінуецца, маргіналізуецца і ўрэшце зьнішчаецца яшчэ мацней, чым у савецкія часы, — і гэта ў краіне, якая пакуль яшчэ называецца Беларусь?

    Адны адказваюць: таму што ў нас трывае адвечная і бязьлітасная вайна культураў, калі адна зь іх, лічачы сябе лепшай і вышэйшай, спрабуе запанаваць над іншай і зьнішчыць яе. Другія скажуць, што гаворка хутчэй пра вайну, якую вядзе супраць культуры штосьці, цалкам усялякай культуры пазбаўленае. Не бяруся рабіць канчатковых высноваў. Абмяжуюся тым, што разгарну тут два сюжэты. Адзін пра тое, да чаго можна дайсьці ў сваёй боязі культуры і нянавісьці да кніг. Другі аб тым, на што гэтая культура і гэтыя кнігі часам бываюць здатныя.

    1) Калібанізм

    Падзагаловак — не памылка друку. 

    Я заўсёды лічыў прыгожым, але занадта парадаксальна завостраным афарызм Оскара Ўайлда пра тое, што мастацтва — гэта люстэрка, у якім адлюстроўваецца не жыцьцё, а той, хто ў яго глядзіцца. Пісьменьнік нават называе па імені гэтую істоту, кажучы пра гнеў шэксьпіраўскага Калібана, які бачыць (або не) у люстэрку сваё адлюстраваньне. 

    Цяпер разумею, што кароль парадоксу не перабольшваў. Бо сёлета беларусы на ўласныя вочы пабачылі такога Калібана, і нават не аднаго, а цэлую зьяву дзяржаўнага калібанізму. Так, калібанамі бітма набітая менская гарадзкая пракуратура, што вынесла ў жніўні прысуд шэрагу літаратурных твораў, прызнаўшы іх «экстрэмісцкімі».

    У сьпіс трапілі як нашыя сучасьнікі, так і класікі ХХ, і нават ХІХ стагодзьдзя. Рэдкі выпадак, калі асуджаюцца даўно памерлыя аўтары. Як, напрыклад, вядомы драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808-1884), чыім іменем у нас названыя вуліцы і чые помнікі стаяць у цэнтры гарадоў. Да зносу помнікаў і перайменаваньня вуліц пакуль што не дайшло, бо знайшлося больш «элегантнае» рашэньне.

    Злачыннай можна прызнаць ня ўсю кнігу, а толькі яе фрагмэнт. Два вершы з томіка драматурга, а яшчэ прадмову да кнігі, напісаную сучасным дасьледчыкам-літаратуразнаўцам. Не раўнуючы як у фільме «Таварыства мёртвых паэтаў»: а зараз, дарагія навучэнцы, мы ўсе разам вырвем з нашых кніг старонкі гэтай прадмовы, давайце, не саромьцеся, і яшчэ тыя два вершы не забудзьце, таксама вырывайце!

    Часам матывы нянавісьці да аўтараў з боку рэжыму відавочныя. Так, наш сучасьнік Уладзімір Някляеў — ня толькі шырока вядомы паэт, але і асоба, якая пайшла ў палітыку і ўдзельнічала ў прэзыдэнцкай гонцы 2010 году. Проста ў дзень выбараў на яго напалі пераапранутыя спэцслужбісты, паэта даставілі ў рэанімацыю, адкуль яго потым выкралі, і некалькі дзён родныя ня ведалі, ці жывы ён. Някляеў знайшоўся ў турме КДБ, дзе правёў 40 дзён, а потым яшчэ колькі месяцаў пад хатнім арыштам. У палітычнай кампаніі 2020 году паэт ня браў непасрэднага ўдзелу, але яго цягалі на допыты і фактычна змусілі пакінуць Беларусь. Аўтар ужо два гады (прычым не ўпершыню ў сваёй біяграфіі) жыве за мяжой. Ясна, што экстрэміст!

    Або таксама прызнаная экстрэмісцкай кніга Ларысы Геніюш (1910-1983) — паэткі-эмігранткі, якую пасьля другой сусьветнай вайны прымусова вывезьлі з Чэхіі ў СССР і прысудзілі да 25 гадоў лягераў, зь якіх яна восем з паловай рэальна там правяла. Але не зламалася, пісала ў падтрымку іншых вязьняў вершы, якія тыя параўноўвалі з глюкозай, настолькі яны іх падтрымлівалі. А пасьля вызваленьня так і не прыняла савецкага грамадзянства і перабывала пад каўпаком спэцслужбаў да канца жыцьця. Яе так і не рэабілітавалі да сёньня, проста афіцыйна зьменшылі прысуд да таго тэрміну, які яна рэальна адседзела. Бясспрэчна, экстрэмістка! 

    Або кніга паэткі-эмігранткі Натальлі Арсеньневай (1903-1997), чый патрыятычны верш-малітва «Магутны Божа» зрабіўся неафіцыйным гімнам беларускай апазіцыі розных пакаленьняў, але апагею сваёй славы дасягнуў падчас беларускіх вулічных маршаў 2020. Гэта яго, надзеўшы маскі, выконвалі ў людных месцах музыкі і сьпевакі, з пратэставых выступаў якіх потым нарадзіўся славуты «Вольны хор». Зразумела, што аўтарка гэтага экстрэмісцкага кожнай нотай твору і сама проста ня можа ня быць экстрэмісткай!

    З гэтымі разабраліся, а вось далей пачынаецца самае цікавае, бо Калібан з пракуратуры падыходзіць да люстэрка. Пятым у гэты сьпіс экстрэмісцкай літаратуры ўключылі збор твораў, здавалася б, абсалютна бяскрыўнай для рэжыму пісьменьніцы Лідзіі Арабей (1925-2015). Я аж падскочыў, чытаючы навіну пра гэта, бо ў свой час рос на яе дзіцячых творах і ня бачыў там ну зусім ніякае крамолы. Праз пару дзён я знайшоў гэтую «асуджаную» кнігу, стаў уважліва гартаць — і падскочыў другі раз, натрапіўшы на апавяданьне з назвай «Белы шпіц». 

    Тут спатрэбіцца невялічкі водступ у сфэры кіналёгіі. Рэч у тым, што белы шпіц на сёньня займае, відаць, трэцяе месца ў сьпісе найбольш вядомых у Беларусі крыніцаў анэкдотаў і мэмаў, пасьля нелігітымнага прэзыдэнта і яго пазашлюбнага сына. Хатні гадаванец і, як выглядае, адзіны надзейны сябра Лукашэнкі, белы шпіц Умка стаў зьяўляцца ў беларускіх навінах увесну 2020 году. За некалькі месяцаў да чарговай фальсыфікацыі выбараў, выбуху пратэстаў і рэпрэсіяў. У самы разгар пандэміі. 

    У красавіку 2020 дыктатар — адзін зь нямногіх у сьвеце палітыкаў, што адкрыта адмаўляў існаваньне каронавірусу, — мірна саджаў сосны перад тэлекамэрамі, трымаючы ў кошыку белага сабачку. Адразу ж знайшліся кансьпіролягі, якія сьцьвярджалі, быццам гэтыя двое — сабачка і яго гаспада — адцягваюць увагу беларусаў ад эпідэміялягічных праблемаў. 

    У іншым тэлесюжэце Лукашэнка сёк дровы, а побач бегаў і брахаў белы шпіц. Потым ён (шпіц, не Лукашэнка) па-гаспадарску сядзеў на стале і ласаваўся з талерак, пакуль яго сябра даваў інтэрвію замежнай журналістцы. На сьвята Вадохрышча палітык нават прапанаваў сабачку выпіць разам зь ім сьвятой вады, але белы шпіц, на вялікі жаль, адмовіўся. Карацей, у Беларусі зьявіўся трэці, пасьля «таты Колі» і самога Колі, раскручаны ньюсмэйкер… 

    І тут раптам — апавяданьне Лідзіі Арабей. Давайце ўявім сабе рэакцыю калібанаў з пракуратуры. Яны бачаць у зьмесьце кнігі страшную назву, разготваюць том на патрэбнай старонцы і пераконваюцца, што гэта не галюцынацыя і твор сапраўды пачынаецца словамі «Белы шпіц», да таго ж заканчваецца яшчэ жахлівей — словамі «Каб ён здох». Тое, што пажаданьне адрасаванае не шпіцу і не яго гаспадару, нікога ўжо не цікавіць… 

     Так напраўду твор напісаны ў 1975 годзе і апісвае менскую зіму 1943 году пад нацысцкай акупацыяй, голад — і чорны рынак як адзіны спосаб не памерці ад яго. Жанчына прыносіць на продаж поўны рондаль гарачых апэтытных дранікаў… Тут беларускае сэрца цэнзараў пачынае радасна біцца, яны амаль супакойваюцца, але, на жаль, зьяўляецца кляты белы шпіц, прычым гаворыцца, што ён… страціў гаспадара. 

    Гэта як — «страціў гаспадара»? Значыць і яны, дзяржаўныя чыноўнікі, якія ўмеюць толькі шукаць недазволенае і забараняць яго, засталіся без працадаўцы? Што ім рабіць? Ступень іх эмпатыі да героя твору ўзрастае максымальна, а сам шпіц з апавяданьня ў гэты момант… Лепш працытую «экстрымістку» Лідзію Арабей:

    «Тады сабака павярнуўся да кабеты, да гаспадыні дранікаў і, быццам нешта ўспомніўшы, стаў на заднія лапы, пачаў служыць. 
    Служыў ён доўга і старанна, сам, здаецца, задаволены, што ўмее так доўга стаяць у зусім нялоўкай для яго паставе, яго вочы пазіралі аддана і шчыра, з радасьцю і надзеяй… 
    Яго лапкі віселі, нібыта анучкі, і дрыжалі, дрыжаў ружовы язык, зь якога капала сьліна, сабака сіліўся трымацца, увесь выгляд яго нібыта казаў: глядзіце, як я для вас стараюся, як я хачу вам дагадзіць, няўжо я не зарабіў за гэта ўзнагароды? 
    — Пайшоў вон, — нарэшце ня вытрывала, замахнулася на яго відэльцам кабета…»

    Што й казаць, страшная малюецца будучыня. Хутчэй забараніць! Але тут дзяржаўныя чытачы бачаць фінал. Ёсьць у сабачкі адно пачуцьцё, важнейшае за голад. Раптам ён бачыць, як міма праходзіць акупант, і пачынае штосілы брахаць на яго. Ажно чалавек у замежнай вайсковай форме палохаецца і адступае. Гэта так падабаецца прысутным на рынку беларусам, што сабачка атрымлівае нечаканую (і такую доўгачаканую!) узнагароду:

    «…Сабака яшчэ доўга стаяў і брахаў яму ўсьлед, брахаў з усёй сабачай злосьцю, да хрыпаты, да адчаю. А калі крыху супакоіўся, пачуў за сабою незнаёмы голас: 
    — Цюцька, цюцька, на… 
    I пляснуўся на сьнег перад ім кавалак цёплай пахучай аладкі. 
    I той жа голас яшчэ сказаў: 
    — Каб ты здох, які разумны сабака…»

    Магчыма, сур’ёзныя дасьледчыкі Лідіі Арабей запярэчаць мне і прапануюць іншае тлумачэньне яе «экстрэмізму». Згадаюць, што ў кнізе ёсьць творы пра эпоху сталінізму і рэпрэсіі, пра выракі «ворагам народу» і разлучаныя сем’і, бо дзецям або загадваюць адрачыся ад «злачынных» бацькоў, або даюць ім новыя імёны і лёсы, так што нават пасьля рэабілітацыі бацькам немагчыма іх знайсьці. Згадаюць пра аповесьць «Халодны май», дзе паказваецца праца спэцслужбаў, што прымушаюць людзей шпіёніць за сваімі блізкімі і даносіць на іх. Я пагаджуся зь імі і дадам ад сябе, што сёньняшнія прыслужнікі дыктатарскага рэжыму пачуваюцца ў нас нашчадкамі і пераемнікамі сталінскіх катаў, таму рэпрэсіі зноў зрабіліся табуяванай тэмай. 

    І ўсё-ткі мне прыемней думаць, што нашыя калібаны спатыкнуліся вокам менавіта на апавяданьні пра белага шпіца, на думцы, што гаспадары непазьбежна паміраюць, а іхныя халуі застаюцца ні з чым, што іх «служэньне» на задніх лапках можа скончыцца воклічам: «Пайшоў вон!» І даўно пара выбіраць, працягваць служыць або ўжо пачынаць брахаць на акупанта. Думаю, сутыкнуўшыся з гэтай думкай, яны і адчулі прыліў гневу на аўтарку. Але сама думка ўжо нікуды ня дзенецца зь іхных галоваў.

    2) Лісты Надзеі

    Творы найулюбёнейшага пісьменьніка беларусаў Уладзіміра Караткевіча (1930-1984) яшчэ ня паляць на вогнішчах, не хаваюць у спэцыяльных бібліятэчных сховах і нават пакуль не прызналі экстрэмісцкімі. Але ягоны галоўны раман «Каласы пад сярпом тваім» сёлета раптам зьнік са школьнай праграмы. Можа быць, таму, што і ў ягоным люстэрку беларускія дзяржаўныя калібаны беспамылкова пазналі сябе і пабачылі пагрозу. Бо твор прысьвечаны духоўнаму ды інтэлектуальнаму сталеньню беларускай эліты, маладому пакаленьню, якое ўзяла ўдзел у антырасійскім паўстаньні 1863 году. Паўстаньні, што было жорстка здушанае імпэрскімі войскамі, а ягоныя кіраўнікі — і сярод іх Кастусь Каліноўскі, якога пісьменьнік вывеў у рамане, — зьнішчаныя. Мабыць, таму Караткевіч, напісаўшы першыя два тамы, ня скончыў твору і не давёў падзеі да забойства сваіх улюбёных герояў. 

    Раман, як і іншыя творы пісьменьніка, зрабіўся культавым, і ў савецкія часы ў Беларусі па кожную новую кнігу Караткевіча стаялі чэргі. («Пісаць трэба так, – казаў сам літаратар, — каб твае кнігі кралі зь бібліятэк. Мае крадуць».) Чытачы і чытачкі, асабліва падлеткі, атрымлівалі такое моцнае ўражаньне, што пачыналі цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай, а часта — нават пры тым, што выхоўваліся ў рускамоўных сем’ях, — пераходзілі на беларускую.

    У 2020 годзе, напярэдадні фальсыфікацыі выбараў, масавых пратэстаў і жорсткіх рэпрэсіяў, беларускія інтэрнэт-карыстальнікі асабліва часта цытавалі адзін фрагмэнт твору, дзе характарызавалася эпоха расійскай імпэрскай рэакцыі сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя:

    «Гэта быў страшны і цяжкі час.
    Уся неабдымная імпэрыя драньцьвела і дубела ад жахлівага палітычнага марозу, які вось ужо дваццаць шэсьць год вісеў і кашлата варочаўся над яе абшарамі. Кожны, хто спрабаваў дыхаць на поўныя грудзі, адмарожваў лёгкія…
    …Шчасьлівых не было.
    Усё прыносілася ў ахвяру ідалу дзяржаўнай моцы». 

    Ключавыя словы тут — «ішоў дваццаць шосты год», бо якраз столькі на той момант кіраваў Беларусьсю нелігітымны прэзыдэнт. А пасьля чарговай фальсыфікацыі выбараў і здушэньня рэжымам нашай спробы паўстаньня ў 2020 годзе рэпрэсіі беспрэцэдэнтна ўзмацніліся, апошнія рэшткі законаннасьці канчаткова перасталі працаваць, а расійская імпэрская прысутнасьць у Беларусі зрабілася нашмат больш відочнай. Пачатак пуцінскай вайны супраць Украіны паказаў, што палітычна незалежнай Беларусі больш няма, а марыянэткаваму дыктатару, амаль цалкам падкантрольнаму расійскаму агрэсару, дадзеная свабода толькі ў адным — у неабмежаваным тэроры супраць уласнага народу. Тысячы вязьняў сумленьня, некаторыя зь якіх паміраюць у турмах пры нявысьветленых абставінах. Сотні тысяч беларусаў змушаныя пакінуць сваю краіну, а рэшта жыве ва ўмовах унутранай эміграцыі. І тыя, і гэтыя ня могуць спыніць ракеты, што ляцяць у бок Украіны. І ўсё часьцей гучыць мэтафара: у Беларусі пануе «дзікае паляваньне». 

    Мэтафара зноў адсылае да Караткевіча зь яго гістарычным хорарам «Дзікае паляваньне караля Стаха». Можна бясконца спрачацца, чым тлумачацца такія збліжэньні літаратуры і рэальнасьці. Колькі ў гэтым ад пісьменьніцкай прадбачлівасьці або ўменьня фармуляваць унівэрсальныя, а таму заўсёды надзённыя рэчы. А колькі ад самой гісторыі, што ходзіць па коле і не дае нам вырвацца зь вечнага кашмару. Так ці інакш, кожны прытомны беларус адчувае, як ізноў узрасла актуальнасьць гэтай караткевіцкай гісторыі. Пра каляніяльны ціск. Пра дэградацыю «эліты», якая прыгнятае ўласны народ, служачы сваім гаспадарам-чужынцам. Пра мэханізмы страху, які паралізуе і панявольвае. Але таксама пра культурную ролю інтэлектуалаў, што вяртаюць нам памяць, якую амаль ужо сьцёрлі агрэсары-акупанты. Пра сілу бяссільных і негвалтоўны супраціў, якога аднойчы можа не хапіць, і тады няма іншага выйсьця, апроч як адказаць на гвалт іншым гвалтам. Пра «мяккую сілу» любові і каханьня, што не даюць звар’яцець у найгоршай цемры. Пра салідарнасьць і ўзаемную падтрымку тых, каму пагражае агульны вораг. У гісторыі Караткевіча, як і ў наш час, гаворка ідзе пра беларусаў і ўкраінцаў. 

    Малады беларус Караткевіч трапіў у Кіеўскі ўнівэрсытэт імя Тараса Шаўчэнкі, дзе пад уплывам кіеўскіх сяброў-інтэлектуалаў, глыбока зацікаўленых украінскай культурай, мацней зацікавіўся культурай беларускай. І ўрэшце задумаў і пачаў пісаць свой твор, правёўшы празь яго матыў беларуска-ўкраінскай еднасьці, вывеўшы ў нечым аўтабіяграфічны вобраз юнага інтэлектуала Андрэя Сьвеціловіча, былога студэнта кіеўскага ўнівэрсытэту. Вось яго дыялёг з галоўным героем Андрэем Беларэцкім:

    «— За што вас выключылі, пан Сьвеціловіч?
    — …Пачалося з ушанаваньня памяці Шаўчэнкі. Студэнты, вядома, былі аднымі зь першых. Нам прыгразілі, што ва ўнівэрсытэт увядуць паліцыю. — Ён аж пачырванеў. — Ну, мы пачалі крычаць. А я крыкнуў, што калі яны толькі пасьмеюць зрабіць гэта са сьвятымі нашымі мурамі, дык мы крывёю змыем зь іх ганьбу. І першая куля будзе таму, хто дасьць такі загад. Пасьля мы высыпалі з будынка, пачаўся шум, і мяне схапілі. А калі ў паліцыі спыталі пра нацыянальнасьць, дык я адказаў: «Пішы: украінец».
    — Добра сказана.
    — Я ведаю, гэта вельмі неасьцярожна для тых, хто ўзяўся змагацца.
    — Не, гэта добра і для іх. Адзін такі адказ варты дзясятка куль. І гэта азначае, што супраць агульнага ворага — усе».

    Маладыя беларусы і беларускі, якія ў 2006 годзе, натхнёныя ўкраінскім Майданам, паставілі намёты на Кастрычніцкай плошчы, назваўшы яе Плошчай Каліноўскага, безумоўна, чыталі Караткевіча. Як чыталі яго і тыя, што зараз ваююць за Ўкраіну ў Палку Каліноўскага. 

    А ўкраінскі дасьледчык і перакладчык нашага пісьменьніка, паэт Вячаслаў Лявіцкі, калі пачаўся цалкам зразумелы на фоне вайны працэс перайменаваньня вуліцаў, выступіў зь ініцыятывай і ўрэшце дабіўся перайменаваньня кіеўскай вуліцы Дабралюбава ў вуліцу Караткевіча. «Спадзяюся, — напісаў літаратар, — што зьяўленьне такога тапоніму нівэлюе хоць бы частку непаразуменьняў між украінцамі і беларусамі, якія супрацьстаяць дыктатуры. Хачу, каб гэтае перайменаваньне стала сьведчаньнем павагі і ўдзячнасьці палку імя Кастуся Каліноўскага, беларускім партызанам і ўсім вольных духам беларусам, якія знаходзяць магчымасьць дапамагаць украінцам». Шчыры дзякуй Славу і ўсім ва Ўкраіне, хто прагаласаваў за гэты праект! Дарэчы, у Менску вуліцы Ўладзіміра Караткевіча няма. Ці трэба тлумачыць, чаму? 

    Затое цяпер ёсьць цэлыя дзьве опэры паводле Караткевічавай аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха». Першую напісаў кампазытар Уладзімір Солтан. Прэм’ера адбылася ў менскім опэрным тэатры яшчэ ў 1989 годзе. А ў 2021-м, пасьля перапынку, яна вярнулася на сцэну, пашыраная за кошт архіва кампазытара, у новых дэкарацыях і са спэцэфэктамі ў гатычным духу. Але галоўны гатычны спэцэфэкт унесла само жыцьцё, калі пастаноўка опэры сутыкнулася з цэнзурай калібанізму

    Рэч у тым, што зь дзейства зьнікла цэнтральная фраза, калі вершнікі дзікага паляваньня палохаюць гаспадыню палаца крыкам: «Раман у дваццатым калене, выходзь!» Мабыць, таму, што 12 лістапада 2020, у разгар дваровага руху пратэстаў, «невядомыя» забілі Рамана Бандарэнку, які спусьціўся ў падворак свайго дома, пакінуўшы ў тэлеграм-чаце апошні запіс: «Я выходжу!» Яго забойцы ў масках падазрона нагадвалі антыгерояў з твора Караткевіча.

    Другая вэрсія опэры зьявілася сёлета, і аўтару гэтых словаў пашчасьціла працаваць над яе лібрэта. Музыку напісала Вольга Падгайская, рэжысёрамі былі Мікалай Халезін і Натальля Каляда, а дырыжаваў Віталь Алексяёнак. Пастаноўка адбылася на сцэне лёнданскага цэнтра мастацтваў «Барбікан», і цяжка было б прыдумаць лепшы склад удзельнікаў на сёньня: беларускія акторы ды акторкі Свабоднага тэатру, што існуе ў вымушанай эміграцыі, — і опэрныя сьпявачкі й сьпевакі з Украіны.

    Беларусы прамаўлялі, як драматычныя акторы, а ўкраінскія ўдзельнікі сьпявалі. Сьпявалі па-беларуску. У час выпрабаваньняў, траўмаў, крыўдаў і штучных падзелаў беларусам вельмі важна было гэта пачуць. Як, думаю, і ўкраінцам — пра тое, што для ўлюбёнага беларускага пісьменьніка так шмат значыла Ўкраіна. 

    Аўтар лібрэта меў гонар і прыемнасьць працаваць з украінцамі над беларускай вымовай. Нашыя мовы вельмі падобныя лексычна, але абсалютна розьняцца фанэтычна — і вельмі лёгка вызначыць, калі гаворыць замежнік. Але музычны слых украінскіх артыстаў зрабіў сваю справу — і іх вымаўленьню падчас сьпеву на сцэне пазайздросьціла б шмат грамадзянаў Беларусі. 

    Ня ведаю, колькі ў тым заслугі выдатнай кампазытаркі, а колькі — бліскучых сьпявачак Тамары Калінкінай і Алены Арбузавай, але опэрная Надзея Яноўская выглядала больш моцнай, эмансіпаванай ды яскравай, у параўнаньні з досыць пасіўным вобразам гераіні ў кніжным арыгінале. Самыя моцныя, як на мой сьціплы густ, і запамінальныя партыі — якраз ейныя. Мабыць, пасьля беларускіх пратэстаў 2020 і ролі ў іх жанчын іначай проста не выпадала б.

    На прэм’еру прыехала шмат беларусаў з розных гарадоў, краінаў і нават кантынэнтаў, прыйшлі беларусы і ўкраінцы Лёндана, але большасьць публікі ўсё адно складалі брытанцы. Чатыры паказы — і чатыры аншлягі. Пасьля кожнай імпрэзы — выгукі «Слава Украіне!» і «Жыве Беларусь!». І зразумела, адказы: «Героям слава!» і «Жыве вечна!» Пару разоў згадалі і ваенны карабель адной краіны.

    У кожным крэсьле гледачоў чакаў «Ліст Надзеі» — падрыхтаваная арганізатарамі паштоўка ў канвэрце, падпісаная і намаляваная ўкраінскімі дзецьмі, пацярпелымі ад вайны. Нехта зь іх згубіў родны дом, у кагосьці на фронце забілі бацьку, а ў кагосьці загінула абое бацькоў падчас абстрэлу. Але ў лістах не было скаргаў на боль, затое было жаданьне падтрымаць тых, хто будзе іх чытаць, — магчыма, ім таксама цяжка. Было пасланьне любові, а сям-там — нават жаданьне пажартаваць. 

    «Часам трэба нешта страціць, каб знайсьці новае», — напісаў чатырнаццацігадовы Леў. 
    «Не хвалюйся, з табой заўсёды — я!» — піша Саша. 
    «Рабі дабро, і яно вернецца да цябе», — словы дзевяцігадовага Валіка. 
    А Арцём з Херсоншчыны напісаў на сваёй паштоўцы так: «Ніколі не здавайся. Цані родных. Калі ня будзеш цаніць іх, я прыйду і адкушу табе вуха».
    У залі «Барбікана» 1500 месцаў, разам — за чатыры паказы — 6000 лістоў. Я сабраў і захоўваю гэтыя чатыры.

    Weitere Themen

    Паліфанічныя сведкі канца і пачатку

    Пра рыбаў і людзей

    Я вам зараз пакажу, адкуль будучыня Беларусі!

    Туман і ўтопія

    На кепскі бок гісторыі

    На маминой земле

  • «Апошнія гады жыццё ў Беларусі нагадвала эміграцыю»

    «Апошнія гады жыццё ў Беларусі нагадвала эміграцыю»

    Знакамітага беларускага музыканта, літаратара, мастака Лявона Вольскага неаднаразова ўключалі ў розныя чорныя спісы творцаў, якім забаронена выступаць на тэлебачанні і радыё, граць канцэрты нават у клубах. 

    Да падзей 2020 году ён ніколі не выбіраў шлях эміграцыі. Але ў 2021 годзе Вольскі быў вымушаны з’ехаць з Беларусі і ўжо ў Польшчы выдаў свой новы супольны праект пад назвай, якая гаворыць сама за сябе — Emihranty

    Восенню 2023 году Лявон Вольскі выправіўся з ім у вялікі тур па беларускаму замежжу. Аўтар дekoder’а Дзяніс Марціновіч паразмаўляў са спеваком пра яго (не)жаданне эміграваць, жыццё пасля 2020 году, стаўленне да пераезду, уплыў эміграцыі на творцаў, а масавага ад’езду — на культуру краіны, а таксама пра агульныя перспектывы культуры «тут» і «там».

    «Не магу казаць, што жыў паўнавартасным беларускім жыццём»

    дekoder: Вы з’ехалі з Беларусі толькі ў 2021-м, цяжка далося гэтае рашэнне?

    Лявон Вольскі: Эміграцыя не далася такой ужо моцнай крывёй. Яшчэ ў пачатку нулявых пачаліся забароны, і з таго часу я не меў на радзіме паўнавартаснага жыцця, умоўна кажучы, рок-зоркі ці нейкага поп-ідала. Існаванне ў Беларусі нагадвала эміграцыю. Прычым нелегальную (смяецца). 

    Калі набываеш машыну, выбіраеш патрыманую і лічыш на лепшае не запісваць яе на сябе. Гэтак жа з маёмасцю. Бо ты ў групе рызыкі: знаходзішся ў чорным спісе, пра цябе штосьці плявузгаюць па тэлевізіі. Разумееш, што ты пад прыцэлам. А сапраўднае жыццё — гэта калі выязджаеш у Вільню, Варшаву ці Берлін. 

    10-15 гадоў я рэдка куды выбіраўся ў Менску. Нават калі з’явілася Кастрычніцкая з ейнымі барамі, я трапіў туды гады праз два. Ды і тое, як турыст. На Зыбіцкай быў два разы: адзін раз выступаў на карпаратыве, другі — схадзіў з сябрам, паглядзець. Здалося, што нібы ў Пецярбургу знаходжуся, настолькі гэта не было ў беларускім кантэксце. Таму не магу казаць, што я жыў паўнавартасным беларускім жыццём як грамадзянін і як творца. 

    — Не было думкі з’ехаць, калі вы выступалі за мяжой з канцэртамі той жа «Крамбамбулі»?

    — Безумоўна, перыядычна думкі ўзнікалі. І нават некаторыя захады рабіліся. Прынамсі, каб атрымаць замежную карту побыту. Тыя захады хутчэй засталіся на ўзроўні кансультацый: «Можна ці нельга?» Але намаганняў не прыкладалася: «Не атрымалася, ну і ладна». 

    Увесь час нешта перашкаджала. Цяпер разумею, што гэта была лянота і прывязанасць да пэўнай завядзёнкі. Напрыклад, ёсць хата ў вёсцы. Можна туды схавацца, і здаецца, што ўсё добра. Мордар дзесьці далёка, а тут мы ідзем па грыбы ці ягады. 

    Мінулыя часы: Лявон Вольскі на канцэрце ў Менску. Фота: Яна Вольская
    «Упэўнены, што дзесяцігоддзяў такой сітуацыі не будзе»

    — Вашая аўдыторыя цяпер за мяжой ці ў краіне? 

    — Большасць усё ж застаецца ў Беларусі. Нягледзячы ні на што. Хоць, зразумела, яны не будуць актыўна каментаваць і лайкаць.

    Але, зразумела, цяпер значна прасцей граць туры за мяжою. Раней такой аўдыторыі там не было, беларусы былі не інтэграваныя паміж сабой.  Хтосьці з дыяспары прыбіваўся да ўкраінцаў, хтосьці — да рускіх. Іншыя сядзелі па дамах. Але пасля 2020 года адбылася інтэграцыя беларускіх замежных супольнасцяў, шмат людзей прыехала з Беларусі. У 2009-м на канцэрт ва ўмоўным Берліне ці Мюнхене прыйшлі б чалавек 50. Цяпер зусім іншыя лічбы. І людзі рэагуюць па-іншаму. 

    Але былі гады, калі толькі за мяжой і можна было іграць. Тады праходзілі нашыя віленскія канцэрты, на якія трэба было ехаць з Менска: амбасада давала бясплатныя візы ўладальнікам квіткоў. Па нашых слядах ужо пайшлі іншыя, тыя ж «Ляпісы». Часам нам тэлефанавалі з амбасады: «Тыя і тыя хочуць канцэрт у Вільні рабіць і просяць бясплатныя візы. Яны пераследуюцца ці не?» Часам гэта былі музыканты, якія не былі ні ў якіх чорных спісах. Мы ўхіліста адказвалі, што, можа, не ведаем чагосьці (усміхаецца). 

    — Возьмем горшы варыянт: цяперашняе сітуацыя зацягваецца на дзесяцігоддзі… Вы гатовыя, што ў нейкі момант сувязь з аўдыторыяй унутры краіны знікне? 

    — Дзесяцігоддзі — гэта песімістычны прагноз. Тады павінны працягвацца рэпрэсіі, людзей мусяць не проста высочваць за нейкія лайкі, а закрываць межы і аднаўляць мадэль Савецкага Саюза. Узмацняць прапаганду, з інтэрнетам працаваць, каб наогул нічога не трапляла. У такім выпадку ў народзе адбудуцца незваротныя змены, ментальна гэта ўжо будуць іншыя людзі, якія, магчыма, адвыкнуць успрымаць нашу прадукцыю. 

    Але цалкам перакрыць сувязі немагчыма. Будуць людзі, якія імкнуцца да інфармацыі і свабоднай творчасці. 

    Тым больш, да гэтага часу ідэалогіі практычна не было. «Прэзідэнт — сонца», — вось і ўсё. Цяпер пачаліся небяспечныя рэчы, спроба навязаць расейскацэнтрычны погляд на гісторыю. Аднак я заўсёды аптымістычна гляджу на гэтыя рэчы. Ужо гадоў 30 (усміхаецца). Мне падаецца, яны не вытрымаюць столькі часу. Упэўнены, што дзесяцігоддзяў не будзе. 

    Ды і няма такога ідэалагічнага падмурку, як у Савецкага Саюза. Няўжо зараз будзе дастаткова ідэалогіі пра ідэальнага прэзідэнта, і што мы заўжды былі часткай Расеі? Няўжо ўзрасце нейкае пакаленне, якія будуць у гэта верыць? Не думаю. Не бачу такіх людзей нават з боку так званых моладзевых лідараў, які нешта гаўкаюць з экрана. Проста кепска сыграныя ролі. 

    «Нечакана высветлілася, што культура добра пачуваецца за мяжою»

    — Шмат беларускіх творцаў з’язджаюць у эміграцыю і адрываюцца ад каранёў. Вас эміграцыя змяніла? 

    — Шчыра кажучы, радыкальных зменаў не заўважаю. Але трэба глядзець збоку. Любы хворы скажа, што ён нармальны (усміхаецца). 

    Адно магу сказаць: змены адбываюцца, калі застаешся ў Беларусі. Перш за ўсё, пастаянная трывога. Не назаву гэта страхам — ужо нястрашна. Проста трывожна. Прачынаешся, глядзіш на вуліцу: хто там круціцца вакол тваёй машыны? Пішаш нешта ў фэйсбук. Разумееш, што гэта можа мець наступствы, але не пісаць не можаш. Бо людзі зразумеюць, што ты спалохаўся і баішся. А потым сваякі кажуць: «Ты разумееш, што па лязе бяжыш?» 

    Агулам (у мяне да гэтага не дайшло) гэта можа прывесці да самацэнзуры. Калі будзеш маўчаць у сацсетках. Пісаць у стол і думаць, што калі-небудзь атрымаецца надрукавацца. Нават калі напісаць некалькі альбомаў, пытанне, дзе іх на радзіме прэзентаваць і іграць. Зараз у Беларусі даступныя адно вельмі глыбока падпольныя выступы.

    У 2019 годзе музыкі выйшлі 25 сакавіка паіграць у цэнтры гораду. Нас павезлі ў Цэнтральны РУУС, мы пастаялі гадзіну на холадзе. У выніку склалі нейкія няўцямныя пратаколы і адпусцілі. Цяпер мы б ужо на гады паехалі. 

    У цяперашняй сітуацыі трэба мець вельмі своеасаблівы склад характару, каб фантанаваць творчасцю і ствараць нешта сур’ёзнае.

    Вядомыя іншыя выпадкі. Выканаўцы прыязджаюць у Польшчу, граюць канцэрт і просяць: калі ласка, не посціце адсюль ні відэа, ні фота. І схавайце бел-чырвона-белы сцяг, калі ласка. Мы ж мусім вяртацца на радзіму. Для артыста такія паводзіны — абсурд. Мы, наадварот, мусім ахапіць як мага большыя тэрыторыі сваёй беларускамоўнай творчасцю. 

    — Ці абавязкова беларуская культура звязана з «беларускай зямлёй», на якую спасылаліся літаратурныя класікі? Ці яна здольная выжыць на эміграцыі? 

    Сувязь з беларускай зямлёй ёсць заўсёды. Мы ж беларусы. Беларусь у нас у душы, у сэрцы знаходзіцца. Як бы ні было.

    Што тычыцца выжывання, дык нечакана высветлілася, што беларуская літаратура вельмі добра пачуваецца за мяжою. Кнігі выдаюцца, новыя творы ўзнікаюць. Усё нядрэнна з беларускай музыкай. Безумоўна, ёсць праблемы, перш за ўсё фінансавыя, у Менску ці Брэсце ўсё было танней. Але людзі шукаюць варыянты. Хтосьці нават дома пачаў альбомы запісваць. Іншы бярэ сабе дадатковую працу. 

    Зараз на нашых вачах ствараецца гісторыя новай беларускай культуры, бо такога масавага ад’езда беларускіх творцаў раней не было. Паглядзім, якой гэта культура будзе і зможам пераканацца, ці здольныя творцы ствараць у адрыве ад зямлі. Мне чамусьці падаецца, што здольныя. 

    «Казаць пра беларусаў як пра «народ эмігрантаў» можна толькі цяпер»

    — Ці змяняецца менталітэт беларусаў, калі яны трапляюць у эміграцыю?

    Беларусы пастаўленыя ва ўмовы, калі яны вымушаныя праяўляць не самыя добрыя рысы. Дзесьці падхлушваць, дзесьці казаць не тое, што адчуваюць. Такія правілы гульні ў Беларусі. Падвоеная гульня, паралельная рэчаіснасць. Бадай, у кожным грамадстве ёсць такія рэчы, але ў нас гэта даведзена да сур’ёзнай ступені. 

    Калі беларусы трапляюць у іншае грамадства, напрыклад, польскае, то пазбаўляюцца ад такога смецця. Не хачу казаць, што ў Польшчы ўсё супер. Гэта не мая справа, урэшце. Але няма ніякіх дэбільных ідэалагічных установак. Тыя, хто ідуць працаваць на вытворчасць — грунтуюся на тым, што чытаю і чую ад людзей — у большасці выпадкаў сутыкаюцца з больш простым падыходам: працуеш, зарабляеш грошы і ідзеш адпачываць. 

    А так вялікіх зменаў не бачу. У беларусаў менталітэт досыць просты. Адно, абцяжараны тым, чым даводзіцца займацца. 

    — Беларусы эмігравалі хвалямі ў XIX і XX стагоддзях. Па эканамічных, палітычных прычынах. Ці беларусы насамрэч былі народам эмігрантаў, як, напрыклад, ірландцы, нават да хвалі эміграцыі з 2020 года, самі сабе ў гэтым не прызнаючыся?

    — Большасць людзей, якія выязджалі з Беларусі да 2020 году, наўрад ці насамрэч лічыла сябе беларусамі. Не, яны маглі дэкляраваць: «я — беларус», але быць часткай нацыі — гэта ведаць мову, гісторыю, культуру, традыцыі. Калі гэтага няма, дык гэтае «я — беларус» — пустыя словы. Таму не было паўнавартасных нацыянальных суполак за мяжою. Тыя беларусы прыбіваліся да расейскіх ці ўкраінскіх зямляцтваў ці «раствараліся» ў замежжы. 

    Пасля 2020 году і пачатку вайны ва Ўкраіне сітуацыя змянілася. З краіны з’ехала за два гады велізарная колькасць людзей, несувымерная з тым, што было раней. І гэтыя людзі ў большасці ўжо былі нацыянальна арыентаваныя — яны беглі ад пераследу якраз за гэта. Я думаю, што казаць пра беларусаў, як пра «народ эмігрантаў» можна толькі цяпер. І гэты працэс не скончыўся — людзі працягваюць бегчы, бо вы самі разумееце, як цяпер выглядае жыццё (хутчэй, існаванне) у Беларусі.

    Прэзентацыя альбома Emihranty ў Варшаве. Фота: Марыя Савіцкая

    «Мінск і Менск засталіся ў геаграфічнай прасторы. Менск не забілі»

    — Вы казалі, што аптыміст. А таксама, што ў Беларусі цяжка займацца культурай. Якая будучыня ў гэтай сітуацыі? 

    — Усё залежыць ад таго, наколькі працягнецца гэты перыяд. Калі максімум пяць гадоў, то нічога страшнага. Адбудзецца ўз’ядненне беларускай падпольнай культуры з замежнай. І ўсё будзе нармальна.

    Калі дзесяцігоддзі, то ў Беларусі не будзе нармальнай культуры. Сфармуецца яе своеасаблівы варыянт — манстрыяльны, савецкі. Гэта будзе сурагат, які ў прынцыпе не мае да культуры ніякага дачынення. «Патрыятычныя» песні, якія не адгукаюцца нічым. Партрэты Лукашэнкі, якія не маюць да выяўленчага мастацтва ніякага дачынення. Кнігі, якія ніхто не чытае.

    Але час будзе ісці, Акадэмія музыкі і Акадэмія мастацтваў будуць выпускаць новых творцаў. Чалавек у 16 гадоў не хочацца думаць на перспектыву, яму хочацца рэалізоўвацца. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.

    Праўда, побач знаходзіцца монстр, які ў культурніцкім сэнсе паглынае нашу прастору. Людзі жывуць у чужым культурным полі. Чужыя серыялы глядзяць, чужыя сайты чытаюць. Вось гэта небяспечна. 

    — «Мы жывем адначасова ў двух гарадах…», — спявалі вы пра Мінск і Менск. Менск выціснулі за мяжу, а Мінск застаўся на месцы?

    — Не, яны абодва засталіся ў геаграфічнай прасторы. Менск яшчэ да канца не забілі. Ён захаваўся і наўрад ці яго здолеюць цалкам задушыць. Нават калі гэта амаль здарыцца, знойдуцца людзі, якія пачнуць яго ажыўляць і ўдыхнуць у яго новае жыццё. 


    Тэкст: Дзянис Марцiновiч
    Aпублікаванa: 31.10.2023

    Weitere Themen

    На кепскі бок гісторыі

    Кто танцует «бульба-дэнс»? Беларуский шоу-бизнес после 2020 года

    Издатель «неправильных» книг

    Белая эмиграция: почему из Беларуси уезжают врачи

  • Пра рыбаў і людзей

    Пра рыбаў і людзей

    Са жніўня 2020 г. беларускі і беларусы выступаюць з пратэстамі за сумленныя і свабодныя выбары ды свае асноўныя правы. За кароткі час паўстаў і дасягнуў гістарычнага значэння шырокі і мірны рух за дэмакратыю і пашырэнне правоў і магчымасцяў грамадзянскай супольнасці. Гэты рух адстойвае права голасу і права на ўдзел у прыняцці рашэнняў. Адбываюцца кардынальныя змены, вынікі якіх яшчэ невядомыя. Аляксандр Лукашэнка спрабуе задушыць пратэст, спыніць змены рэпрэсіямі і гвалтам.

    У гэты складаны час мы гатовыя адважыцца на размову пра будучыню, паспрабаваць знайсці для яе словы і паразважаць пра яе. У праекце «Беларусь — Зазірнуць у будучыню» Дэкодэр (dekoder) у супрацоўніцтве з Фондам С. Фішэра (S. Fischer Stiftung) прэзентуе шэсць эсэ беларускіх аўтарак і аўтараў, што ў літаратурнай і паэтычнай, аналітычнай ці культуралагічнай форме звяртаюцца да тэмы будучыні Беларусі. У перакладзе на нямецкую мову тэксты будуць апублікаваныя на партале Дэкодэр. Адначасова наш медыйны партнёр Colta.ru апублікуе тэксты па-руску. Мастачка Тосла падрыхтуе ілюстрацыі да кожнага эсэ ў рамках ейнага праекту «Вузел Надзеі».

    Беларускі паэт і філосаф Ігар Бабкоў нарадзіўся ў 1964 годзе ў горадзе Гомель на паўднёвым усходзе краіны і з’яўляецца адным з самых уплывовых інтэлектуальных дзеячоў у найноўшай ідэйнай і гуманітарнай гісторыі сваёй радзімы. Творы паэзіі і тэксты Бабкова былі адзначаны шматлікімі узнагародамі. У яго творах асэнсоваецца значэнне беларускай культурнай прасторы як еўрапейскага памежнага рэгіёну і як прасторы, якая знаходзілася і працягвае знаходзіцца паміж імперыямі або на іх межах. Яго хвалюе важнасць фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнага самавызначэння.У час вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны, Бабкоў у сваім эсэ для нашага праекту «Зазірнуць у будучыню» разважае пра гістарычную класіфікацыю гэтага пераломнага моманту, які ўзрушыў Еўропу. Гэта пра абарону разнастайнасці, піша ён. Гэта «вайна за разнастайнасць. Вайна паміж Цэнтральнай і Усходняй Еўропай Кундэры».

    Deutsche Version

    Русская Версия

    «Вузел надзеі» © Тосла

    1. Вайна і мір.

    Існуе меркаванне, што філосафія робіць рэчы больш складанымі, чым яны ёсць самі па сабе. Існуе таксама і іншае: рэчы самі па сабе нам невядомыя, і філасофія проста паказвае іх больш складанымі, чым яны падаюцца звычайнаму чалавеку. 
    Але ў пэўных кантэкстах хочацца быць ясным. Таму пачну з дэфініцыяў.
    Калі мы гаворым пра «рускі мір», мы маем на ўвеце пэўную ідэалагічную дактрыну і адпаведныя практыкі расейскай дзяржавы, якія ў латэнтнай форме прысутныя ў палітычным і культурным поле апошнія дзясяцігоддзі, але напоўніцу выйшлі на паверхню ў 2014 – 2015 годзе. Звычайна мы бярэм гэты новы «рускі мір» у дзвюхкоссе і гэтым абазначаем розніцу з ідэалагічным напаўненнем тэрміна ў папярэдні перыяд, у якім ён тычыўся «культурнай і эканамічнай падтрымкі суайчыннікаў за межамі Расеі», а таксама з агульным сэнсам словазлучэння, якое насамрэч можа значыць што заўгодна (у тым ліку прыгожую ўтопію рускай культуры паверх бар’ераў, межаў і ўладаў).  
    Сённяшні «рускі мір» гэта практыкі брутальнага і агрэсіўнага неаімперыялізма, скіраванага перадусім на бліжэйшых суседзяў, але які таксама нясе ў сабе пэўную агульную, «геапалітычную» візію ўсяго света. Вобраз будучыні чалавецтва, у якой моцныя, уладары свету, эфектыўна і беспакарана дзеляць міжсобку рэсурсы і тэрыторыю. Асноўная канцэптуальная эмоцыя, што ляжыць у аснове «рускага міра» – посткаланіяльны рэсэнтымент, які выходзіць на паверхню, тэматызуецца як крыўда «чаму Расею не любяць», «чаму інтарэсы Расеі не прымаюцца пад увагу», і «чаму пра Расею забылі». Таму войны на перыферыі і спробы дэстабілізацыі глабальнага парадку важныя не самі па сабе, а толькі як інструменты ўвахода Расеі ў храбры новы свет, у якім яна таксама будзе «мець права». На вайну. Хлусню. Забойствы і пасадкі нязгодных. Цынічную ігнаранцыю грамадзкага меркавання. І у якім за гэта з Расеяй будуць «лічыцца».
    Гэты посткаланіяльны рэсэнтымент выспяваў ужо досыць даўно. Адпаведныя сімптомы можна прасачыць з другой паловы дзевяностых. Але пераход да брутальнай і агрэсіўнай фазы адбыўся так раптоўна і нечакана, што стаў сапраўдным шокам для інтэлектуалаў. Як для расейскіх, так і для еўрапейскіх. Нават сёння, праз амаль дзесяцігоддзе,  я не магу прыгадаць аніводнага ўзорнага рэфлексіўнага тэкста, – нямецкага ці французскага, у якім былі б не проста спробы сітуацыйна апісаць, што адбываецца, і паставіць дыягназ, хто вінны, але ўбачыць за ідэалагічнай канцэпцыяй пэўны тып мыслення, зразумець, як ён працуе. 
    Выявіць асноўныя схемы і канцэпты, і, урэшце рэшт, паставіць пытанне пра новую эпоху, у якую мы відавочна ўляпаліся з нашых вясёлых постмадэрнізмаў і значна менш вясёлых посткамунізмаў.
    Тэкста, у якім была бы крытычная рэфлексія, альбо нават дэканструкцыя практыкаў імперскага мыслення, а не проста калькуляцыя рызыкаў і наступстваў. Бо імперыя перш за ўсё здараецца ў мысленні, у галовах і тэкстах, і толькі потым пачынае працу ў палітычнай і эканамічнай рэальнасці. Імперыя гэта не толькі войскі, спецслужбы, каланіяльная адміністрацыя. Але і каштоўнасці, эмоцыі, культурныя коды. Карціна свету, якая навязваецца як універсальная.
    Што больш важна, у сучаснай інтэлектуальнай прасторы Еўропы адсутныя не толькі рэфлексіўныя тэксты. Адсутнічае мейсца, з якога магла б паўстаць такая рэфлексія. І мова, у якой гэтая крытычная рефлексія магла б адбыцца.
    Гэта выглядае дзіўным, бо ў цэлым у XX стагоддзі у Еўропе назіралася перавытворчасць крытычнай тэорыі. Але сёння мы разумеем без дадатковых аргументаў: і гегемонія неамарксістаў, і франкфуртцы, і Бадрыяраўскія сімулякры, і нават цынічны розум Слатэрдайка з лакан-атракцыёнамі Жыжэка не ў стане апісаць новую рэальнасць, якую агаліла расейска-украінская вайна і беларуская рэвалюцыя. 
    І мы ўжо гатовыя прамовіць праўду: мы не разумеем, што з намі адбываецца, у якую эпоху мы ўступілі.

    ***

    Тут паўстае спакуса сказаць: адным з такіх месцаў мыслення, з якіх бачная будучыня, выступае сёння ўсходнееўрапейскае памежжа. 
    А мовай, якая дазваляе канцэптуальна гаварыць пра новую эпоху, можа быць мова беларускай і ўкраінскай (посткаланіяльнай) тэорыі, якая афармляе і канцэптуалізуе досвед сутыкнення з імперыяй. Выжывання ў гэтым сутыкненні. Адстойвання сваёй суб’ектнасці і сваёй непадобнасці. 
    Бо менавіта гэта і ёсьць самым дзіўным: нягледзячы на два стагоддзі няспыннай імперыі за работай, усходнееўрапейскае памежжа не толькі не знікла, не расплавілася ў плавільным катле імперыі і савецкага народа, але наадварот, умацавалася ў сваёй парадыгмальнай інакшасці.  
    І сёння выступае не столькі як лакальнасць, колькі як сапраўдная канцэптуальная альтэрнатыва «рускаму свету».
    Калісці Мілан Кундэра, у класічным тэксце пра трагедыю Цэнтральнай Еўропы супрацьпаставіў парадыгму «максімальнай разнастайнасці у межах найменшае прасторы», якую ён назваў цэнтральнаеўрапейскай, «найменшай разнастайнасці ў межах найбольшае прасторы», якая тады тычылася СССР. 
    Мы маглі б сказаць, што ўсходнееўрапейскае памежжа – гэта не проста абарона Ўкраіны. Ці падтрымка беларускай рэвалюцыі. Але перадусім абарона разнастайнасці. Вайна за разнастайнасць. Вайна кундэравых Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

    ***

    У Беларусі традыцыя крытычнай дэканструкцыі ўсходняга суседа мае доўгую інтэлектуальную гісторыю, зашыфравана ў базавых міфах ідэнтычнасці і, можна сказаць, распачынаецца разам з самім беларускім праектам. Які ёсьць не проста стандартным праектам паўставання нацыі, з істотным сацыяльным складнікам (сацыяльнае вызваленне беларускай вёскі), але і праектам выразна антыкаланіяльным  (такое вызваленне немагчымае без дэмантажу структураў імперскага прыгнёту). 
    Пачынаючы ад Міцкевіча, які першы ў тутэйшай традыцыі распачынае крытыку імперыі (перадусім у «Дзядах», але таксама ў «Кнігах польскага народа», у публіцыстыцы 1830-х), праз Купалу, «Тутэйшыя» якога могуць выступаць класічным прыкладам літаратуры, што даследуе каланіяльную траўму, Абдзіраловіча і Самойлу, якія распрацоўвалі адмысловую метафізіку беларускай анты- і пост-каланіяльнай суб’ектнасці, ажно да класічнага тэкста Зянона Пазняка «Аб расейскім імперыялізме і яго небяспеках» і цэлай плоймы посткаланіяльнай аналітыкі канца дзевяностых, – тутэйшыя інтэлектуалы зноў і зноў ставяць адпаведныя пытанні і даюць на іх усё новыя версіі адказаў.
    Раз-пораз нават пачынае здавацца, што ў культуры ўсяго гэтага зашмат. І асноўная задача цяпер «забыць пра імперыю», перайсці нарэшце ў рэжым нармальнасці, прыгадаць, што мы «ўсе разам ляцім да зор».
    Але як толькі інтэлектуалы спрабуюць рэалізаваць гэтую задачу, гісторыя робіць новы віток, і мы зноў, як у дні сурка, прачынаемся ў адным ложку з Імперыяй, пакутліва прыгадваем учорашні дзень і спрабуем зразумець, чым гэтым разам усё скончыцца.

    ***

    Піянерамі ў дапасаванні заходняй посткаланіяльнай тэорыі да ўсходнееўрапейскага памежжа была украінская дыяспара. Аўстраліец Марко Паўлышын, амерыканка Аксана Грабовіч ды іншыя стварылі напачатку дзевяностых першыя тэксты, у якіх ясна паказалі, што і Франц Фэнан, і Саід, і нават Гомі Баба, – усё гэта і пра нас таксама. Але паўставанню тутэйшай тэорыі мы абавязаны двум кіеўскім інтэлектуалам: Аксане Забужка і Міколу Рабчуку. Менавіта яны вывелі посткаланіялістыку з акадэмічнага гета, пераўтварылі ў логіку і стратэгію культуры, у культурную палітыку. Канцэптуальна Ўкраїна ўжо ад канца 90-х была гатова да сітуацыі «пасля імперыі».
    На расейскай інтэлектуальнай сцэне сітуацыя менш суцяшальная. Толькі тры прыклады.
    У 2006 годзе ў Маскве выйшаў расейскі пераклад кнігі Эдварда Саіда «Арыенталізм». Выдавецтва, якое выдала кнігу, называлася «Русскій мір». У прадмове звярталася ўвага на тое, што Саід палестынец,  крытыкуе Захад і ў гэтым сэнсе калі не саюзнік, дык пэўна «папутчык» нашай імперыі. Адзінае, пра што не гаварылася зусім, гэта тое, што кніга Саіда спрычынілася да паўставання аднаго з самых моцных і эфектыўных дыскурсаў, у якім імперыя (усе імперыі) выступае аб’ектам крытыкі і дэканструкцыі.
    У гэтым жа 2006 годзе ў Петэрбурзе майстэрня Зіцянкоўскага пры БДТ паставіла п’есу Браяна Фрыла Translations. Аўтар расейскай версіі Стронін пераклаў назву як «Нужен перевод». Сама п’еса Фрыла даўно вывучаецца ва ўніверсітэтах як  посткаланіяльная класіка. У ёй паказана, як імперская ўлада гвалтоўна перапісвае прастору, ламаючы не толькі геаграфію і культурную традыцыю, але і жыццёвыя светы насельнікаў. І, у гэтым сэнсе, больш неадэкватнага разумення яе паслання, чым «нужен перевод», быць не можа.
    І, нарэшце, у 2011 годзе ў Кембрыджы выходзіць кніга Аляксандра Эткінда «Ўнутраная каланізацыя. Імперскі досвед Расеі», дзе аўтар ставіць задачу дапасаваць інтэлектуальны апарат посткаланіялістыкі да інтэлектуальнай гісторыі Расейскай Імперыі. Адразу скажу: пры ўсёй сімпатыі і павазе да аўтара, і пры ўсіх іншых вартасцях гэтай кнігі, у сваёй посткаланіяльнай частцы гэта поўны правал. Аўтар адразу зыходзіць з каланіяльнай прэзумпцыі, што «гэта ўсё Расея, якая сама сябе каланізуе», маргіналізуючы і выцясняючы не проста іншую канцэптуальную оптыку, але і ўсе тыя рэальныя народы і тэрыторыі, якім «пашчасціла» апынуцца ўнутры.
    Гэтыя тры гісторыі паказальныя для разумення расейскай інтэлектуальнай сцэны апошніх дзесяцігоддзяў. Яны для мяне звязаныя адным ланцугом, дэманструюць адну логіку культуры, адзіны тып мыслення.
    І ўсе тры – гісторыі несустрэчы. Не толькі з Саідам, Фрылам і акадэмічнай посткаланіялістыкай. Але перадусім несустрэчы з сваімі бліжэйшымі суседзямі. З Беларуссю і Ўкраінай.

    2. Рыбы і людзі

    Я не рыба, я іхтыолаг, заўважыў дакладчык.
    Гэта быў прафесійны жарт. Мы сядзелі ў закрытым зуме, на семінары, абмяркоўвалі даклад пра беларускую рэвалюцыю. Ён быў адносна кароткі. Першыя паўгадзіны пра культурсацыялогію (каб стварыць інструменты). Потым дзесяць хвілін пра жнівень 2020 (каб нагадаць кантэкст). Напрыканцы канцэптуальнае: гэта была рэвалюцыя відовішча. Яна не мела ніякага сацыяльнага альбо палітычнага зместу, апрача ўласнай фенаменальнай перфарматыўнасці. Народ проста паказаў сябе. Выйшаў на сцэну гісторыі. Пагуляць па яе вуліцах і завулках. 
    У мяне заняло мову. А потым ледзьве не здарылася гістэрыка. Не толькі таму, што ўсё была праўдай: дакладна так мы і рабілі.  Але гэта была тэза, з якой варта пачынаць думаць. Ставіць пытанні. А дакладчык завяршаў ёй свае развагі, і далей збіраўся думаць толькі пра тое, як і дзе друкаваць свае доследы.
    Зрэшты, прэтэнзіяў быць не магло. Дакладчык быў іхтыёлагам. 

    ***

    Для тутэйшых іхтыолагаў былі цудоўныя дні. І яны іх заслужылі. Дзесяцігоддзі ім недадавалі ўвагі і вартасці. Беларусь як аб’ект даследаванняў існавала недзе на ўскрайку. Апошяя дыктатура, дэнацыяналізаваная нацыя. Так дзіўна, што вы ўвогуле яшчэ жывыя. А потым прыйшоў 2020 год і ўсё стала на патрэбныя месцы. 
    Цяпер яны рыхтавалі даклады і паведамленні, арганізоўвалі канферэнцыі, выдавалі зборнікі. Рэвалюцыя стала моднай тэмай. Да таго ж яна відавочна скончылася, завершылася, стала мёртвым аб’ектам. Можна дапісваць манаграфіі, не баючыся, што фінал паставіць пад пытанне высновы.
    З рыбамі было больш складана. У нас не было такога аптымістычнага самаадчування.

    ***

    На нашых вачох рассыпаліся ўдрызг спробы зразумець, што з намі адбываецца. Мы вялі семінар ад самага пачатку і прайшлі у ім усе стадыі. Ад эйфарыі і ўзнёсласці першых сустрэчаў, праз волю да веды падчас кульмінацыі, да трывогі і дэпрэсіі часоў пагрому.
    Напачатку былі ідэі і схемы пра ўсіх, здавалася, яшчэ вось вось, і мы зразумеем. Потым пачаліся карпаратыўныя гульні. Кожны хацеў адгрызьці свой кавалачак славы. 
    Феміністкі напісалі, што гэта была жаночая рэвалюцыя. І адразу з’ехалі.
    Прагрэсіўныя лібералы напісалі, што гэта іх рэвалюцыя, яна ўсіх вызваліла і цяпер усе свабодныя. Кансэрватары былі больш падазроныя. Яны не сумняваліся, што народ гераічны, а вось кіроўцы відавочна не тыя, і вялі не туды. І яны вагаліся: ці то хваліць народ, ці то ругаць «выпадковых лідараў». 
    Былі яшчэ творцы. У іх былі свае версіі. 
    Трагікамізм сітуацыі палягаў на тым, што ўсе мелі рацыю.
    І феміністкі, і прагрэсісты з кансерватарамі, і нават паэты.
    Рэвалюцыя ўсім дала болей, чым магчыма. Але на пэўны час.
    Цяпер гэты час відавочна прамінуў. І было страшна. Што рэчы, якія выглядалі золатам і блёсткамі на рэвалюцыйнай сцэне, акажуцца, у святле новай эпохі, мішурой і падманкай.

    ***

    Усё дайшло да кульмінацыі, а далей плаўна ўніз па колу. У зону звыклага, звычайнага. Вярнулася на свае месцы. Можна было агледзецца і падбіць рахункі. Карцінка была не для людзей са слабымі нервамі.
    Мы былі на руінах. Па асфальце лязгалі расейскія танкі. Было няясна, ці гэта ўжо акупацыя надоўга, ці ўсё яшчэ ёсьць шанец. 
    Карпаратыўныя гульні сцішыліся. Ніхто не пісаў цяпер, што гэта былі «мы». Сапраўды. У турмах сядзела больш за тысячу закладнікаў. Адна палова краіны шчыра ненавідзела другую. Журналісты, захлынаючыся эмоцыямі, пісалі пра вайну. 
    Як мы да гэтага дайшлі? Пасьля ружаў і  абдымкаў, чаяванняў у дворыках і салодкіх мрояў пра перамогу. І яшчэ адно. Пытанне, якое мы баяліся задаць нават шэптам. 
    Хто возьме на сябе адказнасць за ўсё гэта?

    ***

    Пра рыбаў — вельмі добра, напісаў я ў чаце.  
    Толькі вось я не іхтыолаг. Я — рыба.
    І, здаецца, самы час адплываць у глыбіні.

    ***

    Яшчэ ўчора Менск нагадваў міжваенны Парыж: паўставалі і знікалі кавярні, кнігі і перфомансы ліліся ракой, айцішнікі дапамагалі катам і сабакам, сярэдні клас скупаў маёмасць і падарожнічаў. 
    Як і чаму ўсё гэта знікла?
    Як і чаму ўлада, якая амаль перамагла, інтэгравала ў сябе ўсе формы супраціву, раптам знішчае свой уласны праект і бадзёрым крокам ідзе да самагубства, па дарозе заганяючы ўсіх у канцлагер імя Джоржыа Агамбена? 
    Гэта ўсё зрабіў ён, гаворыць А. Кіраўнік Газпрамбанка. Трэба быць поўнымі ідыётамі, каб паверыць, што ён сапраўды збіраўся перамагаць. Не кажучы пра рэвалюцыю. У лепшым выпадку, самым аптымістычным, адгрызці свае 10 працэнтаў і засесці ў парламент. З белымі стужкамі і падтрымкай Расеі. 
    Самае страшнае было б, калі б у яго атрымалася. Тады б мы мелі краіну не з двух бакоў, як цяпер, а толькі з аднаго. Турмы таксама былі б поўныя, але там бы сядзелі «эти ваши националисты».
    Гэта ўсё канспіралогія, гаворыць Б. Так не бывае.
    Так, канспіралогія, пагаджаецца А. Але бывае і не такое.

    ***

    Проста завяршыўся посткамунізм, гаворыць С.
    Дзесяцігоддзі катастроф і расчараванняў, якія мы заядалі чакалядкамі. Нас амаль трыццаць год трымалі на падкормцы. Эмоцый, чаканняў. Яшчэ крыху і мы пераможам. Будзе нашая ўлада.
    Усё гэта спакушала. Хаця адразу было ясна: няма ніякага «мы», якое перамагае. І ўлада ніколі не бывае «нашай». Як толькі туды прыходзяць «нашыя», з імі адбываецца штосці дзіўнае, і яны адразу становяцца «нянашымі».
    Пачыналася з адчування радасці. Будучыня зусім побач, яна ўжо здарылася з нашымі суседзямі. Засталося проста добра зрабіць хатняе заданне. Быць такімі як усе. 
    Потым гісторыкі напішуць, што сярэдні клас на Захадзе ішоў на дно ад 1972 года. Што за фасадам была няроўнасць і несправядлівасць. Што ўсё было падгнілае. А пасля 2008/9 пачало асыпацца на вачох. Што Ўсходняя Еўропа рана радавалася, калі падплыла на лядашчых баркасах да вялізарнага лайнера, з аркестрам на верхняй палубе. Бо гэта быў Тытанік.
    Зло пад мікраскопам, — гаворыць С., вось што самае важнае. Гэта галоўны вынік, для нас і ўсяго света. Раптоўна змяніліся дыоптрыі, і ўсім стала відавочна, ва ўсёй агіднасці: у свеце пануе зло.

    ***

    Што б там не напісалі іхтыолагі, я ведаю галоўны сакрэт беларускай рэвалюцыі. Але пра яго не раскажаш нават шэптам. Бо прамоўленыя словы адразу мяняюць свой сэнс. А напісаныя ды й дакладна не тыя. І ўсё ж.
    Гэта было Паўстанне Рыб. Рэвалюцыя Антыпалітыкі. 
    Не штурм, не захоп улады. А паспяховы сыход з Замка. Уцёкі ў будучыню. 
    Мінулае гэта заўсёды сацыяльны праект. Супольная памяць, якой лёгка маніпуляваць. З будучыняй больш складана. Будучыня гэта надзея. Спадзяванне. І магчыма вера.
    Будучыня адкрываецца не з-за таго, што хтосці яе прыдумаў альбо сканструяваў. А з-за таго, што ў чалавечай душы ёсць гэтае месца. І яно раптам рэагуе. На дабрыню. Радасць. 
    У гэтым сэнсе бязмэтна і безсэнсоўна хадзіць па вуліцах не такі глупы занятак: вярнуць сабе будучыню, – вось што было сапраўдным зместам рэвалюцыйных уцёкаў.
    Тыя, хто туды сыйшоў, назад не вярнуцца.

    ***

    Толькі гэта і мае сэнс, для любой рэвалюцыі: патрабаваць немагчымага.
    Быць на ўзвышэннях разам з ветрам, падмываць муры разам з хваляй, практыкаваць свабоду разам з аблокамі. 
    Не супадаць ні з чым, ісці адасоблена. Быць заўсёды насустрач, а не насуперак.
    Не супраціўляцца стыхіям, а скарыстаць іх магуту.
    Напісаць новыя правілы для кіравання розумам.  
    Забараніць геапалітыку і пост-праўду.
    Журналістам выпісваць прымусовы курс медытацыі за спробы торгаць эмоцыямі.
    І паўтараць на ўроках пачатковай школы:
    Мы не іхтыолагі. Мы рыбы.

    3. Она утонула

    — Господін презідент, что проізошло с Россіей?
    — Она утонула.

    Weitere Themen

    Belarus – Spurensuche in der Zukunft

    ЧУЖЫНЦЫ

    Паліфанічныя сведкі канца і пачатку

  • Паліфанічныя сведкі канца і пачатку

    Паліфанічныя сведкі канца і пачатку

    Са жніўня 2020 г. беларускі і беларусы выступаюць з пратэстамі за сумленныя і свабодныя выбары ды свае асноўныя правы. За кароткі час паўстаў і дасягнуў гістарычнага значэння шырокі і мірны рух за дэмакратыю і пашырэнне правоў і магчымасцяў грамадзянскай супольнасці. Гэты рух адстойвае права голасу і права на ўдзел у прыняцці рашэнняў. Адбываюцца кардынальныя змены, вынікі якіх яшчэ невядомыя. Аляксандр Лукашэнка спрабуе задушыць пратэст, спыніць змены рэпрэсіямі і гвалтам.

    У гэты складаны час мы гатовыя адважыцца на размову пра будучыню, паспрабаваць знайсці для яе словы і паразважаць пра яе. У праекце «Беларусь — Зазірнуць у будучыню» Дэкодэр (dekoder) у супрацоўніцтве з Фондам С. Фішэра (S. Fischer Stiftung) прэзентуе шэсць эсэ беларускіх аўтарак і аўтараў, што ў літаратурнай і паэтычнай, аналітычнай ці культуралагічнай форме звяртаюцца да тэмы будучыні Беларусі. У перакладзе на нямецкую мову тэксты будуць апублікаваныя на партале Дэкодэр. Адначасова наш медыйны партнёр Colta.ru апублікуе тэксты па-руску. Мастачка Тосла падрыхтуе ілюстрацыі да кожнага эсэ ў рамках ейнага праекту «Вузел Надзеі».

    Паэтка і перакладчыца Ганна Комар нарадзілася ў Баранавічах у 1989 годзе і з’яўляецца адным з самых важных літаратурных галасоў свайго пакалення ў Беларусі. У сваім эсэ яна закранае пытанне, якімі моўнымі сродкамі можна апісаць тое, што адбылося на яе радзіме з пачатку пратэстаў летам 2020 года: вершамі ці прозай? Ці можна ўвогуле перадаць жахлівае  абуральнае мовай так, каб закласці фундамент для будучыні? «У нас увесь час скрадаюць мінулае, таму мы не можам яго адпусціць.»

    Русская версия
    Deutsche Version

    «Вузел надзеі» © Тосла
    «Вузел надзеі» © Тосла

    Беларусь 2020-2021 — як дакументальная паэзія: гэтая літаратурная форма нарадзілася даўно і жыла сваім патаемным жыццём, заўважным у асноўным рэдактарам літаратурных часопісаў ці акадэмічнай праслойцы, збольшага заходняй, доўга лічылася маргінальнай і не была прызнанай, вакол яе бясконца вяліся — і дагэтуль вядуцца — дэбаты датычна генэзіса і месца ў прасторы. Амерыканская дакументальная паэзія, да прыкладу, палітызавалася, стала больш сацыяльна актыўнай, перайшоўшы ад чыстага лірызму да гібрыдных формаў, стала звяртацца да гісторыі, фальклора, рэпартажу — у 1920-1930 гг1. Беларусь — у 2020. 

    Дзеля таго каб стварыць новы дакументальны верш, трэба разбурыць першапачатковы тэкст альбо тэксты. Пашырыць сінтаксічную спалучальнасць. Канкрэтызаваць сэнс на іншым узроўні. 

    «Напаўразбураная паэтычная мова застаецца сістэмнай і моцна трывае сувязі, якія прыцягваюць адно да аднаго прадметы і паняткі, азначальнікі і азначаныя, аб’ядноўваючы вобразныя сістэмы розных шэрагаў для стварэння мастацкага выказвання, адэкватнага сістэме свету, пра які вядзецца гаворка…»2

    Я разбураю і пераствараю, каб захаваць.

    Мне патрэбныя іншыя тэксты людзі, каб зазірнуць у будучыню Беларусі, таму што мяне паралізуе само гэтае слова — «будучыня». Сустрэцца з невядомасцю, трывогай, пражыць іх, прапусціць праз рэшата волі і пакінуць спакойнае, разважлівае, надзейнае пачуццё заземленасці. У такім стане значна лягчэй жыць, трансфармаваць і будаваць — будучыню… 


    Мантаж, рытмізацыя, фрагментацыя.

    «Хутка пераможам», — паўтаралі мы пры кожнай сустрэчы і планавалі жыццё на пасля. Выдаць кнігу, паставіць спектакль, схадзіць патанцаваць, змяніць працу, закахацца, выспацца… вось пераможам — і тады. Да першага марша, да Новага года, да вясны, да гадавіны праэстаў… 

    Гэтым «хутка пераможам» ці не адцягвалі мы момант, калі прыйдзецца прымаць рашэнне і браць на сябе адказнасць канчаткова і незваротна: калі краіна будзе належаць нам, што тады? Тады нам не схавацца ад таго, наколькі мы ўсе розныя і наколькі нашыя стасункі прасякнутыя культурай прымусу і гвалту, таксічнасцю. Што калі  ў мірны час мы не зможам дамовіцца і нашая салідарнасць застанецца салодкім успамінам, амаль сном? 

    У адной калоне маршыравалі побач вернікі і не, людзі з ЛГБТК супольнасці і гамафобы, чайлдфрі і пралайф, эмігранты і ксенафобы, феміністкі і сэксісты… Мы хацелі застацца ў гэтым кайфовым моманце ўздыму — самы натуральны, якасны «стаф». «Перамога» ўяўлялася нам магічнай палачкай, якая аўтаматычна вырашыць праблемы. Можа быць, насамрэч большасці з нас хацелася вярнуцца да сваіх «катлет» — што б мы ні мелі на ўвазе пад гэтым эўфемізмам: догляд за сям’ёй, напісанне кніг, кіраўніцтва бізнэсам альбо мноства іншых варыянтаў ды іх камбінацыі. Ці не таму столькіх абурала гэтае жаданне, выказанае ўголас той, на каго мы накіравалі столькі ўласных праекцый?  


    Вертыкальныя прабелы.

    Памяць — гэта здольнасць мозгу ўтрымліваць і добраахвотна ўзнаўляць інфармацыю. Іншымі словамі, здольнасць, якая дазваляе нам узгадваць падзеі, думкі, адчуванні і паняткі, што адбыліся, і ўзаемасувязь паміж імі. 

    Кастрычнік 2021. Цэнтр Лондана. Я стаю пад універсітэтам і размаўляю са студэнтам з Малдовы — пра перамены, якія надышлі ў іхнай краіне праз 30 гадоў барацьбы, пра першую прэзідэнтку, на якую сапраўды можна пакласціся, пра Беларусь. Я эмацыйна — бы на памосце — расказваю, што, калі пастаянна, патрошку рухаць груз у накірунку ўрвішча, то рана ці позна ён туды ўпадзе. Я заканчваю думку і падымаю вочы на дарогу — шэраг велізарных цёмна-шэра-зялёных машын спыніўся насупраць. Не дыхаю. Спінай ведаю, што за мной дзверы і я туды магу бегчы. Я разумею, што гэта не аўтазакі і з іх не вываліцца АМАП. Гэта не за мной, гэта не за кім.  «Дыхай, мая харошая, дыхай і не драматызуй». 


    Блэкаўты.

    Калектыўная памяць фармуе ідэнтычнасць супольнасці і яе дзейнасць, а таксама дазваляе пазбегнуць памылак у будучыні.3 

    Мы такія, якімі нас вучылі быць: «бедакі, небаракі, наіўныя, бездапаможныя, крыж наш цяжкі і несці нам яго, пакуль не знойдзем канец вясёлкі…» Кароткі пераказ школьнай праграмы па беларускай літаратуры — прадуманая палітыка знішчэння волі і прагі да жыцця. Так мы і раслі, і жылі ў стане вывучанай бездапаможнасці, няўпэўненыя ў сваіх сілах, у сваім праве задаваць пытанні, адмаўляцца, шукаць іншыя варыянты, прэтэндаваць на лепшае. Такой была нашая калектыўная памяць. 

    Тое, што мы напішам цяпер, і тое, што прачытаюць новыя людзі, — сфармуе нашую новую калектыўную памяць. У гэтым новым сезоне пасталелыя героі ды гераіні не дазволяць абясцэніць іхны досвед. Яны давялі справу да канца — могуць сабе дазволіць дыктаваць. Дыктуйце — я гатовая, каб праз мяне вы расказалі, як вам было страшна і як вы пераадолелі страх.


    Абрывы, разрывы словаў, закрэсліванне.

    Будучыня — патрэба вышэйшага парадку, яе не задаволіш, пакуль не пакрытыя базавыя — напрыклад, мінулае. 

    17 верасня 2020 года я выйшла з ізалятара ў Жодзіне пасля дзевяці сутак арышту. Калі затрымлівалі, мне не было страшна, але было пасля — што зноў пасадзяць. 27 верасня я гадзіну прасядзела ў кватэры, спрабуючы па-за дрэвамі ў акно назіраць за тым, што адбываецца вакол Стэлы, чытаючы навіны пра аўтазакі і затрыманні па дарозе на марш, баючыся выйсці з дому. Пасля надзела ўсё цёмнае ды старую куртку, якую не шкада, і выйшла. Бы цёплы вецер у твар — паток людзей, што рушылі да Стэлы: спакойна і ўзважана, упэўнена. Людзей, якія памяталі, навошта яны выйшлі з дому — вярнуць сабе будучыню. 

    Будучыні не бывае без мінулага. Мінулага, якое — як бацькоўскі дом, дзе на сценах яшчэ паклееныя шпалеры з твайго дзяцінства і захаваўся твой аднавокі мяккі зайка, дзе ў скрынях знойдзеш свае старыя дённікі, у якіх пісала пра першае каханне і здраду, куды ўклейвала любімыя вершы, выразаныя з газет, і пялёсткі першай падоранай ружы. Туды можна прыехаць, натаптацца свежага батона з малінавым сочывам, запарыць зёлак у старэнькі эмаліраваны кубачак і заліпнуць у акно на снег, які кружится, летает и тает… Там спакойна і надзейна. Туды можна вярнуцца, калі адчуеш, што забываешся, кім ты ёсць.

    Калі часта пераязджаеш, бо не маеш уласнага дому, то не захоўваеш рэчаў — дзённікаў, фотаальбомаў, маміных сукенак — доказаў таго, што ты не прыдумала дзяцінства і ўспаміны. Калі жывеш у сваім уласным доме, то захоўваеш рэчы, раскладаеш і выстаўляеш на бачным месцы, з гонарам. У тых, хто адчувае сябе гаспадарамі на Радзіме, немагчыма скрасці гісторыю і памяць. А я прачынаюся з думкай пра спіс з некалькіх соцень работнікаў культурных інстытуцый, якіх загадана звольніць, і з жахам думаю: хто будзе працаваць у Музеі Максіма Багдановіча?.. і што калі ўсе архівы знішчаць? Усе-усе… І ці падумалі пра гэта работнікі музеяў, ці зрабілі сканы… Усяго-усяго… 

    У нас увесь час скрадаюць мінулае, таму мы не можам яго адпусціць. Мы прымацоўваем сябе да яго ланцугамі, як абаронцы прыроды: будзеце вывозіць наш лес — толькі разам з намі. Немагчыма адпусціць тое, чаго ў цябе ніколі не было ўволю — будзеш шукаць гэта ў іншых мовах, ландшафтах, у бяспецы і магчымасцях, але мінулае заўжды будзе на крок апярэджваць цябе. 


    Безпрабелавасць.

    Адзін з нядзельных маршаў; людзі са сцягамі, музыкай, плакатамі і крычалкамі шпарка рухаюцца па праспекце. Я зайздрошчу іхным трапным, смешным, іранічным плакатам. Іх паэтычнасці, сцісласці, дакладнасці. Хтосьці пачынае крычалку — і я падхопліваю. Якая палёгка, што на гэтым іспыце можна выбраць варыянт з прапанаваных, а не пісаць свой. Адчуваю сябе маленькім светлым зомбі.

    За што я выходзіла? Спачатку пра гэта не думалася, проста так было патрэбна. Прыйсці і ўбачыць, якой яна насамрэч можа быць — мая Беларусь. Зрабіць унёсак у тое, каб ідэальны праект стаў рэальнасцю. З таго часу я спачатку кажу «Беларусь», а пасля называю ўласнае імя. Таму што баюся страціць яе. А сябе?

    Будучыня — гэта там, дзе ў мяне ёсць уласнае імя. Дзе ў мяне ёсць права быць. Дзе свет робіцца лепшым проста таму, што я не здраджваю сабе. Дзе ў мяне для гэта ёсць магчымасці. 

    Я не магла ўявіць будучыню — але выходзіла за магчымасць яе мець. 


    Паліфанічны сведка.

    Я замаўкаю. Шмат нагаварыла, ды ўсю праўду не сказала. Мне страшна, што ў нас не атрымаецца давесці справу да канца, — вось тое, што я баялася вымавіць.  

    «Праўда — заўсёды рэальны крок да вызвалення»4. Праўда не можа і не павінна належаць толькі мне, і я не адзіная, каму ёсць што сказаць. Будучыня — дакументальны верш, напісаным намі, такімі рознымі, разам. 

                      Краіна без рудыментаў
                                                           чалавеканенавісныхсаўковых!
                          Мужчыны могуць гуляць па праспекце сталіцы, узяўшыся за рукі!
                  Усе размаўляюць па-беларуску!         Ніякага знішчэння катоў/сабак!
                                    Социальное государство,            Без идеологии!
    Без шор! 
                                                      а не его патерналистское подобие!
    Принятие решений, в которых заинтересовано большинство!
                                                  Беларуская моладзь адчыніць дзеля сябе цывілізацыю!
                                                                                                 Без масавага піяцтва і алкагалізму!
    Алфавит перевели на латинку и возрадили униатство!             Дабрабыт!
                                              Дворовые сообщества!    Предприятия — сообществам рабочих!
               Экологичность!
    Напісаная за гэты час літаратура зрабілася прыкладам і сімвалам на невядомых нам мовах для невядомых нам людзей!
                                                                                       Шчаслівыя бабулі з дзядулямі!
                                                                    Закон!
    Спяваць, танчыць і абдымацца на ўсіх вуліцах і плошчах!    
                                                  Без ксенофобии в независимых медиа!
                                                                          Вялікая сонечная сям’я!
                                 В школах и универах — разные формы самоуправления!
               Справядлівае грамадства!
    Ты не баішся позіркаў, не напружваешся, што цябе могуць убачыць, заўважыць, не тады і не тыя…!                       
                                                                           Социальная и культурная инклюзивность!
                                       Мы агульная дэмакратычная сям’я!
    Людзі на вуліцах не здзіўляюцца добрым словам ад незнаёмых!
              Усе сферы рэфармаваныя і пабудаваныя на прынцыпах павагі правоў чалавека!

                                                         — Не варта агучваць, бо не збудзецца.
                                                         — ?
                                                         — Галактычная імпэрыя.
                                                         — ?
                                                         — Праўда, канешне.
     

    Аўтарка дзякуе ўсім, хто падзяліліся з ёю сваімі марамі і ўяўленнямі пра будучыню Беларусі.
     


    1. См. Новое Литературное Обозрение: «Экспонирование и исследование, или Что происходит с субъектом в новейшей документальной поэзии: Марк Новак и другие»  
    2. Darija Suchovej (2008): Grafika Sovremennoj Russkoj Poėzii, St. Petersburg.
    3. William Hirst, Jeremy K. Yamashiro, Alin Coman (2018): Collective memory from a psychological perspective.
    4. Karlas Šėrman (2021): «Блуканец»

    Weitere Themen

    Hier kommt Belarus!

    Am Ende eines Sommers

    DIE FREMDEN

    Zukunftsnostalgie

    Brief an Papa

    Bystro #31: Verfassungsreform in Belarus – Machtverlust für Lukaschenko?

    Krieg oder Frieden