Туман і ўтопія

Аляксей Талстоў нарадзіўся ў Мінску ў 1984 годзе. На радзіме ён вядомы як мастак, аўтар, куратар выстаў. У сваёй творчасці Аляксей закранае сацыяльныя і палітычныя праблемы, а таксама праблемы, якія ўзнікаюць у сувязі з алічбоўкай камунікацыі. З 2009 года Талстоў, які зараз жыве ў Германіі, напісаў чатыры раманы, апублікаваў шматлікія тэксты і эсэ ў розных часопісах. 

У сваім эсэ для нашага праекта «Беларусь – Зазірнуць у будучыню» Талстоў кідае позірк на розныя этапы беларускай гісторыі, каб высветліць, чаму пратэсты 2020 года павінны былі адбыцца, але таксама і чаму яны ў выніку не змаглі ліквідаваць стары парадак. 

Аўтар пытаецца ў сябе: як далей можа ісці сітуацыя ў Беларусі пасля такога гвалту, пасля столькіх пакут, на фоне агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны? Якую палітычную сістэму можна ўявіць у краіне? Якая будучыня для яе наогул магчымая? Ці можна нават адказаць на гэтыя пытанні ў час смуты? 

Deutsche Version

«Вузел надзеі» © Тосла

Кепска адчуваю Беларусь, вельмі яна далёка. Нібы стаю ранкам пасярод лугавіны і спрабую нешта разгледзець праз туман. Сонца яшчэ не ўзыйшло, і ў гэткім мокрым досьвітку я хутчэй дадумваю яе абрысы ці ўзнаўляю ўспаміны пра яе. І гэта ня тое каб проста, бо часам падаецца, што прачытаў пра ўсё гэта некалі ў кніжцы ці пабачыў у кіно. Без абнаўленьня зьвестак, без актуалізацыі інфармацыі памяць хаваецца ў тумане.

Другое пытаньне — у вызначэньні таго, што я спрабую там разгледзець. Пра што ўвогуле вядзецца? Пра краіну, якая ёсьць абстракцыяй дакументаў і нормаў, пра нейкі пэўны збор культурніцкай спадчыны, пра тэрыторыю, якая ніколі ня роўная самавызначэньню, ці пра нацыю, якая ёсьць нечым сярэднім паміж рынкам каштоўнсьцяў і адчайнай спробай пераадолець самоту асобнага чалавечага жыцьця? Я намагаюся разгледзець сваё мінулае, досьвед, сувязь зь іншымі людзьмі, зь месцамі, разгледзець у гэтым тумане колішняга сябе.

Ёсьць ўсё ж нешта вульгарнае ў спробах мяшаць асабістую біяграфію з гісторыяй. Можа й займальна, і здараюцца сапраўды бліскучыя прыклады ў мастацтве, дзе тая ж вайна пражываецца адным маленькім чалавекам. Але чалавек заўжды больш за гісторыю ці геаграфію, больш за ідэалогію… Калі азірнуцца як сьлед, то замест прывідаў мінулага ў тым жа тумане будуць хавацца прывіды будучыні. І тут я ня ўпэўнены, наколькі мая будучыня супадзе з будучыняй нейкай канкрэтнай краіны. Туман часу – гэта наша агульнае наканаваньне, у незалежнасьці ад пашпарту.

Час, які спыніўся

Кранальна і трагічна, як людзі носяцца са сваёй нацыянальнасьцю, бы дурань зь дзьвярыма. Кранальна, бо мала дзе ёсьць такая шчырасьць, такая апантанасьць, як у жаданьні адукаваць неабазнаных суразмоўцаў у тым, што такое Беларусь, дзе яна знаходзіцца, і як там кепска, і як адбылася рэвалюцыя, але прайграла, і як правы чалавека, і палітзьняволеныя. Я стараюся сябе кантраляваць і не паддавацца. Інакш можа атрымацца Свабодны тэатар аднаго актора. І тут акурат праяўляецца гэтая трагічнасьць, бо для большасьці нармальных жыхароў сьвету Белая Расея (Weißes Russland) застаецца малавядомай і ня надта цікавай абстракцыяй.

Аднак яшчэ большай абстракцыяй ёсьць сама Расея. Паводле папулярнага жарту Пуціна, яе межы нідзе не сканчаюцца, і гэта дзіўным чынам пераклікаецца з даволі агульнымі ўяўленьнямі сярэдняга еўрапейца ці ўвогуле жыхара Зямлі, бо мала хто цікавіцца дэталямі. Умоўная Беларусь ці нешта падобнае фармальна праяўляецца тады, калі імперыя пачынае канаць. Калі цэнтар губляе сваю прыцягальнасьць, моц і здатнасьць да падтрыманьня абстракцыі. Калі геапалітыка і вялікія наратывы прабуксоўваюць, зьяўляюцца новыя актары, «чорныя лебедзі». Так было ў 1918 з абвяшчэньнем БНР пад нямецкай акупацыяй падчас Першай сусьветнай, так было ў 1991 падчас распаду Саюза. Сёньняшняя вайна можа быць чымсьці з гэтага шэрагу.

Але цяпер час нібыта спыніўся, а гарызонт плянаваньня скараціўся да тыдняў. Гэта два гады выжываньня і апошнія дзевяць месяцаў беспрасьветнае цямрэчы. Спрабаваць разгледзець нешта за туманам у такія часы — адважны занятак. Год таму дыскусіі пра Беларусь будучыні яшчэ можна было весьці на поўным сур’ёзе і без умоўнага ладу. Сёньня галасы асьцярожнейшыя, бо зразумела, што ў будучыню возьмуць ня ўсіх. «В пионерский лагерь школы на всё лето поедут только те, которые это заслужили. Остальные останутся здесь», — далей у сваім вядомым тэксьце мастак Ільля Кабакоў піша пра савецкага дырэктара школы і пра начальнікаў, якія вырашаюць, хто заслужыў будучыню, а хто не. Хто гэта вырашае сёньня? 

Блаславёны і жахлівы жнівень 2020 будучыняй поўніўся. Падавалася, што стары парадак рассыпаецца на вачох, што ў яго дастаткова папросту ня верыць, і праз пару дзён усё гэта скончыцца. Патахала нечым накшталт свабоды. У афекце сотні тысяч людзей ня проста спадзяваліся на нейкія перамены, але дакладна ведалі, што вось ён, момант незваротнасьці, самі былі тымі пераменамі. І тады, і крыху пазьней пісалася багата тэкстаў пра перамогу, пра многае гаварылі. А пасьля пачалася вайна, і слова «перамога» атрымала іншых адценьняў. 

Пятля часу 

Якой была альтэрнатыва тады? Выбар паміж бясконцасьцю постсавецкага часу і нацыянал-ліберальным невядомым, але для паспалітага люду, канечне, больш яўна — паміж старым і новым, паміж аўтарытарызмам і дэмакратыяй, такімі простымі і надзейнымі рэчамі. Я так і ня здолеў захапіцца і цалкам аддаць сваё сэрца і голас прапанаванай альтэрнатыве. Вельмі хацелася верыць і гарэць, але атрымлівалася толькі ісьці з сабой на кампраміс, бо патрабаваньне пераменаў адразу жа сутыкалася з адзінай опцыяй рэгіянальнай геапалітыкі: руская імперыя ці Імперыя паводле Хардта і Нэгры, пры тым з той жа прывязкай да рэаліяў дзевяностных у іх постсавецкай версіі.

Прыкра, што каштоўнасна ўся гэта гісторыя так і застаецца ў традыцыях XX стагоддзя і прымае сёньняшні дзень даволі неахвотна. Зрэшты, гэта ў нас сёньня агулам па плянэце. У Беларусі XX стагоддзе доўжыцца ў зваротах да савецкага ў афіцыёзе. То бок гэта традыцыя для старэйшага пакаленьня, якое ў 90-я спалохалася рэзкіх пераменаў ці вырасла ў гэтым вывучаным страху, седзячы перад тэлевізарам і прымаючы ўсё на веру. Мне заўжды падавалася вельмі прыгожым тое, як нязмушана дзяржідэялогія прымае гэтую ролю спадкаемцы БССР, каланіяльнага ўтварэньня, прагалошанага бальшавікамі ў адказ на запыт народных рэспублікаў кшталту БНР і ўздыму ўсходне-эўрапейскіх нацыяналізмаў у час Першай сусьветнай. Такая самакаланізацыя амаль адразу пасьля распаду Савецкага Саюзу, гульня са штучным адмотваньнем часу назад, з рэстаўрацыяй — адназначнае першае месца ў намінацыі Палітыка памяці. Амаль можна разглядаць яе ў рэчышчы мастацтва, як нейкі трагічны музэй-запаведнік ці забаўляльны парк, як, напрыклад, у сэрыяле Westworld. Адно, жыць у фікцыі нязручна, і яшчэ менш зручна жыць у яе рэмэйку, у фікцыі другога парадку.

Калі падчас перадвыбарчай кампаніі 2020 года Віктар Бабарыка прапаноўваў вярнуцца да Канстытуцыі ў рэдакцыі 1994 года, гэта таксама было прыгожа. Узяць новы старт, пачаць постсавецкі перыяд яшчэ раз і цяпер ужо дакладна давесьці справу да канца. Фармальна гэта была не такая ўжо кепская ідэя, але закладзены ў ёй сымбалізм працаваў таксама даволі перфарматыўна, што, відаць, і плянавалася. Для многіх 2020 год зрабіўся адкрыцьцём і нечым новым. Людзі апынуліся фізычна ў публічнай прасторы, разам, пабачылі адно аднаго, і гэта сталася неспадзяванкай. Зь іншага боку, 2020-ы быў часткай традыцыі, якая ня горш аформленая ў беларускім грамадстве, чым наратыў дзяржаўных тэлеканалаў. Гэта традыцыя ўмоўнай БНР, якая сыходзіць да клясычнага нацыяналізму XІX стагоддзя і доўгія дзесяцігоддзі існуе ў падпольным ці паўпадпольным стане. Пасьля распаду Саюзу яна мусіла б была хутка прыжыцца і рэалізавацца ў паўнавартаснай нацыянальнай дзяржаве, але нешта пайшло ня так, і гештальт так і застаўся незакрытым. Апошнія дваццаць год гэта традыцыя эвалюцыянавала, зазнавала прыгодаў, праяўлялася ў вулічных пратэстах, але збольшага зьбіралася зь сіламі ў альтэрнатыўных культурніцкіх прасторах, сацыяльных ініцыятывах, медыях і трэндах. Так ці інакш, па сваёй прыродзе яна збольшага так і засталася той даволі зразумелай і знаёмай нацыянал-ліберальнай мадэльлю, што паходзіць з маладосьці тых апазіцыйных лідараў, якія гайдалі вуліцы ў сярэдзіне і другой палове 90-х.

Падлеткам мне давялося засьпець апошні кавалак таго сьвету ў Менску у 2000-2001-м. Для субкультурнай моладзі гэта было перанітаваньне беларускамоўнай рок-музыкі, вечарынак і вулічных пратэстаў, час культурніцкага бунту супраць старое сыстэмы, рэштак савецкага, якія падаваліся нечым абсалютна дурным і бессэнсоўным. Гэта быў добры час для сталеньня і зараджэньня першага палітычнага скептыцызму. У 2020 годзе таму пакаленьню было нешта паміж 35-ю і 45-ю, і мне падаецца, што ёсьць у гэтым нейкі элемент настальгіі, лёгкае шкадаваньне што да надзеяў, якія так і ня спраўдзіліся. Будучыня, якую чакалі тады, якой жылі, якая надыходзіла з набыцьцём незалежнасьці — яна атрымала другі шанец праз трыццаць год.

Распад імперыі і адсутнасць выбару

Летась я зацікавіўся каментаром філёзафкі Тацьцяны Шчытцовай з нагоды публічнай дыскусіі «Эканамічныя рэформы ў новай Беларусі». Пытаньне, якім яна задавалася пасьля размовы — які тып капіталізму мы зьбіраемся будаваць? — гучыць надзвычай актуальна і сёньня. У сваім допісе Шчытцова зьвяртае ўвагу на вострую рэакцыю з боку панэлістаў на ўжытае ёй падчас сэсіі пытаньняў і адказаў слова «капіталізм». Нікуды асабліва не падзенешся ад сувязі бізнэсу з рынкавымі рэформамі і прыватызацыяй. Вялікай часткай першага складу Каардынацыйнай рады акурат былі прадстаўнікі і прадстаўніцы старога бізнэсу, якія парадаксальным чынам заклікалі працоўных да палітычнай забастоўкі. І праблема ня столькі ў нерэфлексіўнасьці такіх заклікаў — у крытычны момант аналітыка і пільнасьць ёсьць раскошай. Асноўнае пытаньне ў тым, ці сапраўды ў ідэйным сэньсе пратэст 2020 года прапаноўваў нейкія радыкальныя трансфармацыі, а не яшчэ адно вяртаньне ў альтэрнатыўнае мінулае, зьмену сцэнара гульні і нармалізацыю гісторыі?

У гэтым супрацьстаяньні паміж «дабром і злом», якое я ўсё яшчэ спрабую разгледзець у тумане, мне ўсё адно бачыцца школа Кабакова з усімі яе архітэпічным персанажамі. Хуліганісты двоечнік і выдатнік-завучка. Каго зь іх возьмуць у будучыню? Нікога. Па-першае — не заслужылі. Па другое, піянерскі летнік тут ёсьць часткай педагагічнага метада, як тая моркаўка для осьліка. А па-трэцяе, таму што і першы, і другі вераць у існаваньне школы і дырэктара, вераць у правілы, якім можна сьледаваць і якія можна парушаць. Пра школу нам пяцьдзесят год таму даволі падрабязна расказваў Фуко. Таксама цікава, што пяцьдзесят год таму ўвайшлі ў моду працы прадстаўнікоў чыкагскай школы эканомікі, якія паклікалі да жыцьця неаліберальную мадэль. У дзевяностыя гісторыя «скончылася» менавіта на гэтай ноце, і менавіта постсавецкая прыватызацыя і шокавая тэрапія не спрацавалі ў Беларусі ў той жа ступені, як, напрыклад, ва Ўкраіне ці ў Расеі, бо мясцовы час быў адмотаны назад. Адмотаны, канешне, ня цалкам, бо замест прыходу транснацыянальных карпарацый сама краіна ператварылася на карпарацыю.

Пакуль шукаў будучыню, я заблукаў у гэтым тумане, бо цяжка сказаць, ці яна перада мною, ці за маімі плячыма. Расейская імперыя працягне распадацца, і таму межы ўплыву будуць рухацца. І гэта будзе паўтарэньнем распаду папярэдніх імперый, але не адменіць Імперыі як дырэктара, як спосабу глабальных грамадска-палітычных зносінаў, дзе ўлада пранітоўвае ўсе целы. І ў гэтым плане я ня думаю, што ў 2020 годзе ці цяпер Беларусь ці Ўсходняя Еўропа мелі ці маюць нейкі выбар. Дабраахвотнае падпарадкаваньне агрэсару і этнацыду наўрад ці могуць разглядацца ўсур’ёз. Гэта опцыя магчымая хіба ў адарванай ад рэальнасьці рытуальнай крытыцы тых заходніх левых, якія, цалкам неадчувальныя да сваіх прывілеяў, патрабуюць спыніць пашырэньне НАТА і не падтрымліваць Украіну зброяй. Нібыта Ўкраіна ці нехта тут цяпер мае іншы выбар. 

І таму далёка не абавязкова, што выдатнікі паедуць у летнік. Хуткасьці паставак Украіне зброі, зацягваньне тэрмінаў, нежаданьне Захаду ўкладацца менавіта ў хуткую перамогу крыху нагадвае мне набор кейсаў з «Капіталізму катастрофаў» Наомі Кляйн. Максімальнае кантраляванае аслабленьне Расеі і Беларусі з аднаго боку і прадказальнае падчас вайны аслабленьне Ўкраіны зь іншага — робіць усіх залежнымі ад будучых зьнешніх інвестыцый, зьвязвае рукі, і ў нейкім сэньсе перазапускае 90-я. 

Рэальная будучыня праз мару

Напэўна, адзін з найгорш засвоеных урокаў 2020 года — сеткавая архітэктура грамадскага руху і яго імкненьне да самакаардынацыі. Тое мноства самаарганізацый, Тэлеграм-чатаў і разнастайных ініцыятываў падтрымкі сапраўды пакрывала даволі шырокі сьпектар ад больш цэнтралізаваных платформаў кшталту «Голасу» да дваровых чатаў з даволі сітуатыўнай структурай. Кандыдатскія штабы і традыцыйная апазіцыя не былі да гэтага гатовыя і таму дзейнічалі напалову паводле пляну, напалову навобмацак, кіруючыся больш досьведам, чым момантам. Бо нават калі вялося пра новага прэзідэнта і адмену рэжыма, жнівень 2020 гаварыў усё ж мовай дэцэнтралізацыі, непатрэбнасьці пэўнага аўтарытэта, прадстаўнічай фігуры. Калі ў прэзідэнцкіх выбарах можа перамагчы цалкам выпадковы чалавек, то пад пытаньнем сам інстытут прэзідэнцкай пасады. Калі вучні самі могуць зладзіць піянерскі летнік, то навошта той дырэктар? І адсюль жа адваротнае: пакуль існуе дырэктар школы, то існуе і маса інфантылізаваных суб’ектаў, ня здольных непасрэдна вырашаць свой лёс.

Самаарганізацыя 2020 года была рэакцыяй на крызіс, але адначасова была пакліканая і тым уяўленьнем пра перамены, якое транслявалася штабамі і ініцыятывамі вакол іх. Ніколі нельга недаацэньваць патэнцыял уяўленьня, бо калі нешта можа быць памысьленым, яно рызыкуе вельмі хутка надарыцца. У дваццатым ніхто ня быў гатовы да нечага большага, да сапраўды значных пераменаў, акурат праз тое, што не было каму іх уявіць: беларуская апазіцыя адукаваная і выхаваная пераважна ў неаліберальнай мадэлі і зьвязаная з тымі заходнімі фондамі і структурамі, якія ёсьць яе асновай. Праз два гады вайна ва Ўкраіне не пакідае рэгіёну ніякага іншага выбару. Таксама вялікую ролю адыгрывае фактар стомленасьці ад крызісу, ад тэрору, дыктатуры, вайны. У стане шоку любая нармалізацыя і стабільнасьць куды лепей невядомых паветраных замкаў. Тым ня менш рэальная будучыня магчымая толькі праз утапічнае мысьленьне і палітычнае ўяўленьне, толькі праз адвечную мару аб ідэальным сьвеце.

Ці можна пераскочыць з дыктатуры ў анархісцкую канфедэрацыю? Прыклады ёсьць, аднак дырэктар такога ня любіць. Утопію можна выкарыстоўваць як метад, як тое, што можа даць імпульс для новых формаў сацыяльнай арганізацыі. Ёсьць даволі дэталёва распрацаваныя прынцыпы працы генеральных асамблеяў, кансэнсуса, шматлікія прыклады самакіраваньня. Спалучаныя з магчымасьцямі лічбавых тэхналёгій, разьмеркаваных сетак і аўтаматызацыі — яны цалкам могуць трансфармавацца ў ідэі для пабудовы альтэрнатыўнай будучыні, не залежнай ад канкрэтных аўтарытэтаў і начальнікаў. Ці прынамсі залежнай у меншай ступені. Любая сыстэма персаніфікаванай улады ці бюракратычна-алігархічнага кіраваньня ёсьць спадчынай мінулага, якое ўсё ніяк ня хоча сканчацца, прадуктам таго ж сну розуму, які нараджае пачвараў, той вывучанай бездапаможнасьці, якая пачынаецца ў сям’і і сканчаецца на могілках. Але будучыня ляжыць па-за гэтай дысцыплінай правілаў. Яна ляжыць у фантазіі, ва ўяўленьні, у нейкай сьмеласьці зірнуць на ўсё старое крытычна, перафармуляваць прыярытэты і сапраўды сустрэць адно аднаго, даведацца нарэшце адно пра аднаго, зьдзівіцца адно аднаму, як гэта было ў жніўні 2020. Будучыня надыходзіць прыкладна тады, калі разьвейваецца туман. 

Тэкст: Аляксей Талстоў
Апублікаваны: 17.02.2023

Weitere Themen

ЧУЖЫНЦЫ

Паліфанічныя сведкі канца і пачатку

Пра рыбаў і людзей

Я бачу тое, што ў маім садзе

Я вам зараз пакажу, адкуль будучыня Беларусі!


Posted

in

by